Сядзіба ў Міжрэччы

Сядзіба ў Міжрэччы — сядзіба ў вёсцы Міжрэчча Мёрскага раёна Віцебскай вобласці. Была пабудавана са старога дуба, каля ракі Вяты. Часткова захавалася.

Сядзіба
Сядзіба ў Міжрэччы
Краіна  Беларусь
Вёска Міжрэчча

Гсторыя правіць

 
 
Сядзіба ў Міжрэччы. Фота Я. Булгака. 1910 г.

Будынак узводзіўся на працягу амаль двух з паловай стагоддзяў. Першы яго паверх быў закончаны ў XVII ст., другі паверх і іншыя пабудовы закончаны ў канцы XIX ст. Ніжні паверх мураваны і атынкаваны, уваход у яго з боку ракі. Перад уваходам на значнай адлегласці адна ад другой стаялі дзве часаныя з каменю калоны. Напэўна, раней на іх трымаўся дах. А з дабудовай другога паверха яны сталі падтрымліваць рызаліт.

Будаўнічым матэрыялам для другога паверха былі дубовыя бярвенні. 3 яго ўзвядзеннем перанесены і галоўны ўваход на супрацьлеглы бок. На рызаліце другога паверха была галерэя з маленькіх калон, крытая дошкамі. 3 боку ракі, але на той самай вышыні, месцілася лоджыя. Дах быў высокі, крыты гонтай. Пасля пабудовы другога паверха ўнізе размясціліся кухня, пякарня, склеп, гаспадарчыя памяшканні. Праз усе паверхі праходзілі два вялікія коміны. Наверсе знаходзіліся сталовая 8 х 5 м, салон 7 х 5 м. Па абодвух баках калідора месціліся па тры пакоі. Ля лоджыі знаходзіліся яшчэ два пакоі. Прыхожая была аздоблена пад натуральнае дрэва. Вокны выраблены нібы з двух частак: ніжняя простакутная, верхняя нагадвала паўкруглы вітраж.

 
Рэшткі сядзібы

У даўнія часы пакоі былі абабіты тканінай, у міжваенны час іх аклеілі шпалерай. Цікавымі з’яўляліся вялікія грубкі з бронзавай, белай, жоўтай кафлі XVIII—XIX стст., упрыгожанай арнаментам. Падлога выкладзена з паркета рознымі ўзорамі. Жалезныя клямкі ў дзвярах пакояў былі цудоўнай кавальскай работы, такіх больш нідзе немагчыма сустрэць. Адзін з пакояў насіў назву масонскага, таму што Томаш Мірскі, колішні ўладальнік сядзібы, з’яўляўся членам Віленскай масонскай ложы, масонам лічыўся і яго швагра Канстанцін Валасоўскі. Сам Томаш Мірскі — генерал, адзін з кіраўнікоў віленскага ўрада пад час паўстання Тадэвуша Касцюшкі.

Паблізу дома, направа, знаходзілася лямус. Як і дом, ён двухпавярховы. У ніжнім, мураваным, былі лядоўня, склеп, а ў верхнім, драўляным, знаходзіўся склад для сушэння сыроў. Гэты будынак таксама быў крыты гонтам, існавалі сляды галерэі, якая акружала лямус на вышыні паўпаверха. Перад домам знаходзіліся вялікія газоны. Дарога ад ракі была абсаджана дэкаратыўнымі кустамі. Да самой сядзібы вяла кіламетровая алея надвісленскіх таполяў. Пірамідальныя таполі і старыя каштаны вельмі прыгожа аздаблялі ўезд на сядзібу. Налева ад дома цягнуўся сад, абсаджаны бэзам. Дарога паміж домам і садам вяла ад ракі, па яе правым баку знаходзіўся парк для прагулак са шматлікімі сцежкамі, алеямі, абсаджанымі дэкаратыўнымі кустамі, серабрыстымі і бальзамічнымі таполямі, чаромхай. Адсюль вяла маляўнічая сцежка ў даліну векавых дубоў і ліп.

Літаратура правіць

  • Сядзіба ў Міжрэччы // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Міёрскага раёна / рэдкал. Г. М. Маняк [і інш.]. — Мн., 1998. — С. 569—570.
  • Усадьба в Междуречье // Очарование Миорского края = Сharm of Myory region / cост. В. А. Ермалёнок, П. И. Боголей; фото О. В. Молодечкин. — Новополоцк, 2007. — С. 8.