Сёмуха (таксама Сёдмуха, Сёмка, Троіца, Зелянец, Зялёныя святкі) — злучальнае звяно паміж прыроднымі сезонамі, гаспадарчымі цыкламі, станамі і формамі грамадскіх стасункаў і дачыненняў. Вытокі Сёмухі ўзыходзяць храналагічна да пачатковых перыядаў складвання рода-племянной арганізацыі грамадства.

Сёмуха
Сёмуха
«Сёмуха». Памятная манета Нацыянальнага банку Беларусі (2006)
Тып народна-хрысціянскі
інакш Сёдмуха, Сёмка, Троіца, Зелянец, Зялёныя святкі
Значэнне сустрэча пралёце
Адзначаецца ўсходнімі славянамі
Святкаванне карагоды, моладзевыя гулянні
Традыцыі наведванне могілак, памінальныя трапезы, ўстаноўка і ўпрыгожванне бярозы, кумленне
Звязана з Вялікаднем
Арка з бярозак для кумлення. 2008
Абрад кумлення. Беларусь, Валожынскі раён, 2008

Асаблівасці

правіць

Узнікненне і фармаванне звязана з такой важнай і вызначальнай асаблівасцю беларускага народнага і кожнага іншага традыцыйнага календара, як наяўнасць у яго будове злучальных элементаў у выглядзе тых ці іншых святаў, іншых адметных каляндарных перыядаў. У беларускім традыцыйным календары разам з Сёмухай такімі спалучальнымі пунктамі выступаюць Масленка, Спасаўскія святы і Піліпаўка. Разам з назвай, якая ў недалёкім мінулым была вельмі пашыранай практычна па ўсёй тэрыторыі Беларусі, цяпер шырока бытуе найменне «Тройца». Царкоўная назва свята — Пяцідзесятніца. Хрысціянскай царквой Пяцідзесятніца вытлумачваецца як свята сашэсця Святога Духа на апосталаў, належыць да ліку двунадзесятых святаў і адзначаецца на пяцідзесяты дзень пасля Вялікадня. У культавую практыку праваслаўнай царквы свята Тройцы ўведзенае ў XIV ст.

Сёмуха належыць да ліку святаў, якія не маюць выразна акрэсленай даты і адзначаюцца ў залежнасці ад Вялікадня. Ёсць шэраг фактаў, якія дазваляюць выказаць сцверджанне, што і ў часы паганства яно было таксама рухомым, залежала ад прыродных зрухаў, у першую чаргу ад часу з'яўлення лісця на дрэвах, якія ўсведамляліся як культавыя. На Беларусі такімі былі дуб (сімвал мужчынскага пачатку), клён, ясень (якія таксама ў залежнасці ад мясцовых культурных і прыродных умоў разглядаліся як дрэвы мужчынскага кшталту), бяроза (сімвал і тыповае ўвасабленне жаночага пачатку), ліпа, рабіна і іншыя «жаночыя» дрэвы. Апрыёры можна сцвярджаць, што ў часы паганства свята Сёмуха не магло адзначацца раней, чым распусцяцца асноўныя культавыя дрэвы, бо "веснавыя песні не спяваюць на «голы лес», чакаюць, калі ён пакрыецца лісцем або калі першы раз закуе зязюля. Каляндарны рух часу святкавання Сёмухі, як можна меркаваць, укладваўся ў двухтыднёвы прамежак (для параўнання адзначым, што царкоўная Тройца магла святкавацца ў прамежку з 10 [23] мая па 13 [26] чэрвеня).

Шэраг фактаў дазваляе сцвярджаць, што ў дахрысціянскія часы і, магчыма, у раннім хрысціянстве Сёмуха і звязаны з ёю цыкл святаў працягваліся да Пятра, прынамсі Купалле ўваходзіла ў дадзеную святочную парадыгму («на Купалу вечарам заканчваецца спяванне веснавых песняў»).

Сёмушныя святы непарыўна знітаваныя з Вялікаднем, Юр'ем і ў залежнасці ад мясцовых культурных прыярытэтаў Міколам (якія выступаюць як сімвалы і ўвасабленне мужчынскага пачатку), Купаллем, Пятром (якія давалі магчымасць меркаваць пра плён і канкрэтныя вынікі працоўных намаганняў). Сёмушныя святы ахопліваюць каляндарны перыяд, які ў народзе мае вельмі ёмістую назву — пралецце («Чэрвень — пралецця скон, а лета ў гон»).

Жаночае свята

правіць

Факты сведчаць, што Сёмушны цыкл з'яўляецца выключна жаночым, галоўнае месца і найважнейшыя ролі ў якіх належаць дзяўчатам шлюбнага (плоднага) узросту і маладым жанчынам, якія ўжо нарадзілі і маглі яшчэ працягваць жыццё роду. Невыпадковая прымеркаванасць Сёмухі як тыпова жаночага свята да перадкупальскага часу тлумачыцца важнасцю і складанасцю шматаспектных стасункаў земляроба з прыродай менавіта ў гэты перыяд. Кумаванне, віццё вянкоў, варажба шлюбнай накіраванасці, звычай месці магілы бярозавымі венікамі, упрыгожванне хаты, гаспадарчых пабудоў зелянінай, праводзіны русалак (як правіла, у жыта) — усё гэта мела сваёй мэтай паўплываць на плодныя сілы зямлі. І кумленне тут выступае своеасаблівым парогам, перайшоўшы які дзяўчына пераходзіла ў шлюбны статус. Зафіксаваная збіральнікамі ў XIX ст. форма кумлення дзяўчат як сведчанне сяброўства «на год» асоб прыблізна аднолькавага ўзросту ў далёкай старажытнасці, трэба меркаваць, мела выгляд яднання (кумлення) жанчыны рэпрадуктыўнага ўзросту і дзяўчыны шлюбнага статусу. Звычай жа месці магілы бярозавымі венікамі трэба разглядаць як своеасаблівую форму просьбы аб дапамозе-апякунстве, аб спрыянні продкаў свайму роду. Дадзены звычай мае самыя шчыльныя сувязі з уяўленнем старажытных беларусаў, што вясной разам з ажываннем прыроды ажываюць і «душы мёртвых», г. зн. душы продкаў, якія выходзяць на белы свет. І звычай абмятання магіл бярозавымі венікамі тут выступае як своеасаблівы, а галоўнае своечасовы кантакт-паведамленне, папярэджанне, што вясна ўжо прыйшла. Бярозавы венік у такім разе пры ўсіх іншых значэннях меў і выконваў функцыю камунікацыйнага канала, быў правадніком «жывой» энергіі, закліканай паспрыяць, дапамагчы хутчэйшаму абуджэнню продкаў. Звычай упрыгожваць жытло і гаспадарчыя пабудовы, культавыя збудаванні зелянінай найперш сведчыць пра тое, што Сёмушныя святы ў дахрысціянскія і, верагодна, першыя хрысціянскія стагоддзі святкаваліся ўсім родам-племем на адкрытай прасторы — у культавых гаях, у месцах, дзе раслі культавыя дрэвы. Галінкі зеляніны казалі пра тое, што супольнікі далучыліся да сакральных вытокаў, што яны ушанавалі сакральныя сілы, абнавілі і пацвердзілі сваю далучанасць да іх, што аддаюць саміх сябе ва ўладу гэтых сакральных сіл.

Праводзіны русалак

правіць

Праводзіны русалак праз бор, дуброву (сімвалы і ўвасабленне мужчынскага пачатку) у жыта таксама мелі за мэту спрыяць ураджаю. Паводле народнага ўяўлення, русалкі ў Сёмушныя святы (паводле некаторых звестак — на Ушэснік) выходзяць з вады і да восені пасяляюцца на зямлі. І як толькі яны высахнуць, то адразу і гінуць. Вада — неабходная ўмова працягу іх жыцця. Існавала павер'е, што яны могуць выклікаць такі жаданы і патрэбны ў пару каласавання дождж, таму і праводзілі іх у жыта.

Траецкія дзяды і бабы

правіць

Перад Тройцай, або Сёмухай, у многіх мясцінах Беларусі ладзіліся Траецкія дзяды і бабы. Пакланенне продкам не адрознівалася ад падобнага ў іншыя адпаведныя даты па характары урачыстасці, колькасці і складу ўдзельнікаў, колькасці страў, але вылучалася сваёй функцыянальнай, сутнаснай накіраванасцю. Калі аснову восеньскіх, Пакроўскіх, дзядоў складае падзяка за здабыты плён працоўных шчыраванняў, у тым ліку шлюб і спадзяванні на яго, то Траецкія напоўнены просьбамі, вераю, чаканнямі на належны водгук-аддзяку пакладзеных сіл у бягучым гаспадарчым годзе. Такія ж асаблівасці ўласцівыя і Траецкім бабам, якія папярэднічаюць дзядам і адзначаюцца ў пятніцу — посны дзень, а таму ўсе стравы на стале былі посныя, асноўнай з якіх была аўсяная мілта.

Іншыя абрады

правіць

Абавязковымі і вызначальнымі асаблівасцямі Сёмухі з'яўляюцца карагоды, пляценне вянкоў, якія часта выкарыстоўваліся ў якасці мантычнага сродку ў мэтах прадбачання будучыні на працягу бягучага сямейна-гаспадарчага года. У некаторых мясцінах да Сёмухі дапасоўваліся «піва», «фэсты».

У залежнасці ад мясцовых традыцый Сёмуха, або Тройца, адзначалася адзін, тры дні, тыдзень, заканчвалася ж Русальным, або Граным, тыднем. Гэты тыдзень, паводле мясцовых традыцый, пачынаўся пасля Сёмухі або праз тыдзень пасля яе. Як правіла, на працягу Гранога, або Русальнага, тыдня забаранялася выконваць тую ж, што і на Каляды, работу. У канкрэтных мясцовасцях гэтая забарона распаўсюджвалася цалкам на тыдзень, а ў некаторых — на частку яго або пэўныя дні.

Глядзі таксама

правіць

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць