Францішак Карлавіч Будзька
Францішак Карлавіч Будзька (23 студзеня 1884, в. Вознаўшчына, Вілейскі павет, Віленская губерня — 2 студзеня 1920, в. Янатруда на Полаччыне) — рымска-каталіцкі святар, культурна-асветны дзеяч, пісьменнік, перакладчык.
Францішак Карлавіч Будзька | |
---|---|
Адукацыя | |
Дзейнасць | каталіцкі святар, пісьменнік, перакладчык |
Нараджэнне |
23 студзеня 1884 |
Смерць |
2 студзеня 1920 (35 гадоў) |
Творы ў Вікікрыніцах | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфія
правіцьСкончыў народнае вучылішча ў Будславе, затым Вілейскае павятовае вучылішча (1899). У 1901 здаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камісіі Пецярбургскай навучальнай акругі. У 1901-05 вучыўся ў Пецярбургу ў Магілёўскай духоўнай каталіцкай семінарыі, дзе пачаў перакладаць на беларускую мову рэлігійныя кнігі. У 1906 працягваў вучобу ў Пецярбургскай Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі. У 1907 вымушаны адмовіцца ад далейшай вучобы з-за цяжкага фінансавага становішча.
У 1907 пасвечаны ў святары. Адзін з пачынальнікаў беларускага каталіцкага выдавецкага руху. Пераклаў з польскай мовы кнігі «Кароткі катахізм для прыспасаблення дзяцей да першай Споведзі і Камуніі Святой» Роха Філяхоўскага, «Кароткая гісторыя святая» Шустара і «Кароткае выясненне абрадаў Р.-Каталіцкаго касцёла» Банчкоўскага. Дазвол на друк на ўсе тры кнігі даў біскуп Стафан Данісевіч. «Катахізм» быў надрукаваны ў 1907 г. накладам 10000 асобнікаў. Астатнія два пераклады засталіся ў рукапісе.
З 9 студзеня 1908 г. вікарый Полацкага касцёла. У 1912—1917 гг. у Пецярбургу, дзе служыў вікарыем і вёў заняткі ў Сестржанцэвіцкім павятовым вучылішчы пры касцёле Св. Станіслава.
У 1911 г. ксёндз Францішак Будзька выдаў па-беларуску пераклад кнігі Яна Урбана «Бл[аслаўлёны] Андрэй Баболя». Кніга выйшла ў віленскай друкарні Марціна Кухты. Да перакладзенага тэксту была далучаная паэма пра Баболю, якую, на думку літаратуразнаўцы Язэпа Янушкевіча, мог напісаць Янка Купала[1].
Матэрыяльна падтрымліваў выданне першай беларускай каталіцкай газеты «Biełarus» (Вільня, 1913—1915). Пасля 1917 служыў у Полацкім дэканаце. Член арганізацыйнага камітэта і ўдзельнік 1-га з’езда беларускага каталіцкага духавенства (Мінск, 24-25.5.1917).
З усталяваннем ва Усходняй Беларусі савецкай улады пераследаваўся органамі бяспекі.
Памёр ад запалення лёгкіх. Месца пахавання невядомае.
Зноскі
Літаратура
правіць- Stankievič A. Biełaruski chryścijanski ruch. — Vilnia, 1939.
- Dzwonkowski R. Losy duchowieństwa katolickiego w ZSSR, 1917—1937: Martyrologium. — Lublin, 1998.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 1. Абрамовіч—Кушаль. / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003. — 480 с. — ISBN 985-6374-04-9.
Спасылкі
правіць- Францішак Будзька — забыты беларусізатар Касцёла — nashaniva.by