Хрысціянскае аб’яднанне беларускіх работнікаў у Вялікабрытаніі
Хрысціянскае аб'яднанне беларускіх работнікаў у Вялікабрытаніі (ХАБР, арыгінальн. Хрысьціянскае аб'еднаньне беларускіх работнікаў у Вялікабрытаніі; United Christian Byelorussian Workers in Great Britain, UChBW) — беларуская арганізацыя ў Вялікабрытаніі.
ХАБР быў запачаткаваны на арганізацыйным сходзе ў Лондане 15 сакавіка 1948 г. Арганізацыя задумвалася як згуртаванне «прафэсійных хаўрусаў беларускіх работнікаў у Вялікабрытаніі». У сваёй палітычнай дзейнасці арыентавалася на прыхільнікаў Беларускай цэнтральнай рады, напачатку дзейнасці канкурыравала з ЗБВБ. Друкаваны орган — часопіс «Аб’еднаньне».
I з'езд ХАБР адбыўся 26 снежня 1948 г. ў Лондане. На ім быў прыняты Статут арганізацыі. Галоўнымі задачамі ХАБР сталі дапамога членам у сацыяльнай і прафесійнай адаптацыі, культурна-асветная праца сярод беларускіх эмігрантаў, павышэнне іх нацыянальнай свядомасці, захаванне «дэмакратычна хрысьціянскіх прынцыпаў у беларускім грамадзкім жыцьці на чужыне». Абраны выканаўчы орган ХАБР — Галоўная ўправа (першы старшыня — Барыс Суравы, сакратар — Юры Весялкоўскі). Арганізацыя мела 3 акруговыя цэнтры: Ланкашыр, Ёркшыр, Лондан. У 1952 г. пачаў дзейнічаць Дом ХАБР у Лондане.
Сярод ініцыятыў ХАБР стварэнне касы самапомачы, дабрачынныя акцыі на карысць дзяцей, падтрымка скаўтынгу, арганізацыя ўрачыстасцей і святкаванняў. Адным з апошніх праектаў стала арганізацыя сумесна з ЗБВБ суботняй школы для беларускіх дзяцей у Лондане (1961).
Этап найбольш плённай працы ХАБР прыйшоўся на 1948—50 г. Звесткі пра дзейнасць аб'яднання сустракаюцца да сярэдзіны 1960-х г. (у 1956 адбыўся апошні, ІХ з'езд). Сярод прычын, якія не спрыялі далейшай працы, Юры Весялкоўскім згадваюцца «адсутнасьць матэрыяльнае базы, утрата дому ХАБР і расьцярушанасьць сяброў».
Літаратура
правіць- Весялкоўскі Ю. Няясна мроіліся новыя дарогі. — Лёндан,1997.
- Гардзіенка Н. Беларусы ў Вялікабрытаніі / пад рэд. А. Гардзіенкі. — Мн., 2010.