Цярэшка (народны тэатр)
Народны тэатр фальклору «Цярэшка» — фальклорны калектыў пры арганізацыйна-метадычным цэнтры Глыбоцкага аддзела культуры, пад кіраўніцтвам Наталлі Нікіфаровіч.
У 1998 годзе калектыў быў запрошаны на сталічнае тэлебачанне. У папулярнай на той час праграме «Запрашаем на Вячоркі» глыбачане паказалі даўні абрад «Жаніцьба Цярэшкі». І з таго часу сталі вядомыя як «цярэшкаўцы»[1]. Калектыў стаяў за рэканструкцыяй абраду. Упершыню абрад быў адноўлены і запісаны на відэа ў 1998 годзе ў Івесі, на Глыбоччыне[2].
Тэатральная група была створаная з мэтай захавання пераемнасці традыцый першага беларускага тэатра Ігната Буйніцкага. Па словах кіраўніцы тэатра «Цярэшка» Наталлі Нікіфаровіч, тэатр утварыўся як калектыў, які вырашыў аднавіць і працягваць традыцыі тэатра Ігната Буйніцкага. Заснавальнік беларускага нацыянальнага тэатра нарадзіўся менавіта на Глыбоччыне, і ў праграме яго трупы былі дэкламацыя, гумар, п’есы, харавыя спевы і абавязкова народныя танцы пад дуду, скрыпку і цымбалы.
Калектыў сустракаў гасцей пісьменства ў Глыбокім, а таксама традыцыйна вітае гасцей розных культурных падзей Глыбоцкага краю песнямі і танцамі. Гурт прымае актыўны ўдзел у Вішнёвым фестывалі і фэсце дударскіх рэгіёнаў «Дударскі рэй», а таксама ў святкаваннях гадавін памяці трупы Ігната Буйніцкага і іншых урачыстасцяў.
Увесь рэпертуар тэатра — беларускамоўны. Ёсць у ім творы і сваіх, глыбоцкіх, аўтараў, паэтаў, кампазітараў. У рэпертуары тэатра гумарэскі з сучаснага жыцця, песні, прыпеўкі, ігрышчы і шматлікія танцы. Калектыў сваімі выступамі ўпрыгожвае любое свята ў раёне, а таксама ўдзельнічае ў розных фестывалях у вобласці, краіне і па-за яе межамі[3] — Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Польшчы, Венгрыі.
Наталлі Нікіфаровіч як стваральніку і кіраўніку народнага тэатра фальклору «Цярэшка» была прысуджана рэспубліканская прэмія «За адраджэнне».
Зноскі
- ↑ Глыбоцкі Народны тэатр фальклору «Цярэшка» адзначае двайны юбілей
- ↑ Што ў мяху ў Цярэшкі?
- ↑ Народнаму тэатру фальклору «Цярэшка» споўніўся 21 год(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 5 лістапада 2021. Праверана 5 лістапада 2021.