Экалагічныя фактары
Экалагічныя фактары — уласцівасці і кампаненты асяроддзя пражывання, якія выклікаюць у арганізма рэакцыі прыстасавання — адаптацыі.
Выдзяляюцца экалагічныя фактары біятычныя, абіятычныя і антрапагенныя, і яны ўдзейнічаюць на арганізм не ізалявана, а ўвыглядзе складанага комплексу. Сукупнасць неабходных для жыцця экалагичных фактараў называецца ўмовамі існвання. Розныя арганізмы могуць вытрымліваць значныя ваганні экалагічных фактараў (эўрыбіёнтныя), іншыя жывуць толькі пры нязначных іх ваганнях (сценабіёнтныя). Таксама выдзяляюцца экстрэмальныя экалагічныя фактары, як цунамі і інш.
Асяроддзе пражывання
правіцьАсяроддзе пражывання — частка прыроды, з якой арганізм непасрэдна ўзаемадзейнічае на працягу свайго жыцця. У асяроддзі пражывання экалагічныя фактары адрозніваюцца па значнасці для кожнага арганізма. Напрыклад, вуглякіслы газ не важны для жыцця жывёл, але абавязковы для жыцця раслін, а вось без вады не могуць існаваць ні тыя, ні другія. Значыць, для існавання арганізмаў любога віду патрабуюцца пэўныя экалагічныя фактары.
Умовы існавання (жыцця) — комплекс экалагічных фактараў, без якіх арганізм не можа існаваць у дадзеным асяроддзі. Адсутнасць у асяроддзі пражывання хаця б аднаго з фактараў гэтага комплексу прыводзіць да гібелі арганізма. Так, да ўмоў існавання расліннага арганізма адносіцца наяўнасць вады, пэўнай тэмпературы, святла, вуглякіслага газу, мінеральных рэчываў. Тады як для жывёльнага арганізма абавязковымі з’яўляюцца вада, пэўная тэмпература, кісларод, арганічныя рэчывы.
Усе астатнія экалагічныя фактары не з’яўляюцца жыццёва важнымі для арганізма, хаця і могуць уплываць на яго існаванне. Іх называюць другараднымі фактарамі. Напрыклад, для жывёл вуглякіслы газ і малекулярны азот не з’яўляюцца жыццёва неабходнымі, а для існавання раслін не абавязкова наяўнасць арганічных рэчываў.
Усе віды жывых арганізмаў у адносінах да розных экалагічных фактараў маюць пэўныя межы трываласці (талерантнасці), якія абмежаваны экалагічным мінімумам і экалагічным максімумам. У гэтых межах вылучаюць зоны, якія адрозніваюцца па сіле ўздзеяння фактару на арганізм: зону песімуму, зону нармальнай жыццядзейнасці і зону оптымуму. У залежнасці ад меж трываласці арганізмы падзяляюць на стэнабіёнтаў і эўрыбіёнтаў.
Класіфікацыя экалагічных фактараў
правіцьЭкалагічныя фактары разнастайныя. Яны адыгрываюць розную ролю ў жыцці арганізмаў, маюць неаднолькавую прыроду і спецыфіку дзеяння. I хаця яны ўздзейнічаюць на арганізм як адзіны комплекс, іх класіфікуюць па розных крытэрыях, каб аблегчыць вывучэнне закана-мернасцей узаемадзеяння арганізмаў з навакольным асяродцзем.
Разнастайнасць экалагічных фактараў па паходжанні ў асяроддзі пражывання дазваляе падзяліць іх на тры вялікія групы. У кожнай з груп можна вылучыць некалькі падгруп фактараў.
Абіятычныя фактары — элементы нежывой прыроды, якія прама ці ўскосна ўплываюць на арганізм і выклікаюць у яго рэакцыю ў адказ. Іх падзяляюць на чатыры падгрупы:
- кліматычныя фактары — усе фактары, якія фарміруюць клімат у дадзеным асяроддзі пражывання (святло, газавы састаў паветра, ападкі, тэмпература, вільготнасць паветра, атмасферны ціск, хуткасць ветру і г. д.);
- эдафічныя фактары — уласцівасці глебы, якія падзяляюцца на фізічныя (вільготнасць, камякаватасць, паветра- і вільгацепрапушчальнасць, шчыльнасць і г. д.) і хімічныя (кіслотнасць, мінеральны састаў, утрыманне арганічнага рэчыва);
- араграфічныя фактары (фактары рэльефу) — асаблівасці характару і спецыфіка рэльефу мясцовасці. Да іх адносяцца: вышыня над узроўнем мора, шырата, стромкасць (вугал нахілу мясцовасці ў адносінах да гарызонту), экспазіцыя (знаходжанне мясцовасці адносна старон свету);
- фізічныя фактары — фізічныя з’явы прыроды (гравітацыя, магнітнае поле Зямлі, іанізуючае і электрамагнітнае выпраменьванні і г.д.).
Біятычныя фактары — элементы жывой прыроды, г. зн. жывыя арганізмы, якія ўплываюць на арганізм і выклікаюць у яго рэакцыю ў адказ. Яны носяць самы разнастайны характар і дзейнічаюць не толькі непасрэдна, але і ўскосна праз элементы неарганічнай прыроды. Біятычныя фактары падзяляюць на дзве падгрупы:
- унутрывідавыя фактары — фактарам уплыву з’яўляецца арганізм таго ж віду, што і дадзены арганізм (напрыклад, у лесе высокая бяроза зацяняе маленькую бярозку, у земнаводных пры вялікай колькасці буйныя апалонікі выдзяляюць рэчывы, якія запавольваюць развіццё больш дробных апалонікаў і г. д.);
- міжвідавыя фактары — уплыў на пэўны арганізм аказваюць асобіны іншых відаў (напрыклад, густая елка прыгнятае рост травяністых раслін пад яе кронай, клубеньчыкавыя бактэрыі забяспечваюць азотам бабовыя расліны і г. д.).
У залежнасці ад таго, кім з’яўляецца арганізм, які аказвае ўздзеянне, біятычныя фактары падзяляюць на чатыры асноўныя групы:
- фітагенныя фактары — уплыў раслін на арганізм;
- заагенныя фактары — уплыў жывёл на арганізм;
- мікагенныя фактары — уплыў грыбоў на арганізм;
- мікробагенныя фактары — уплыў мікраарганізмаў (вірусаў, бактэрый, пратыстаў) на арганізм.
Антрапагенныя фактары — разнастайныя віды дзейнасці чалавека, якая ўплывае як на самі арганізмы, так і на іх месцапражыванне. У залежнасці ад спосабу ўздзеяння вылучаюць дзве падгрупы антрапагенных фактараў:
- прамыя фактары — непасрэднае ўздзеянне чалавека на арганізмы (скошванне травы, пасадка лесу, адстрэл жывёл, развядзенне рыбы);
- ускосныя фактары — уплыў чалавека на асяроддзе пражывання арганізмаў самім фактам свайго існавання (паглынанне кіслароду і выдзяленне вуг-лякіслага газу, выемка харчовых рэсурсаў) і праз гаспадарчую дзейнасць (сельская гаспадарка, прамысловасць, транспарт, здабыча карысных выкапняў, бытавая дзейнасць і г. д.).
У залежнасці ад наступстваў уздзеяння гэтыя падгрупы антрапагенных фактараў у сваю чаргу яшчэ падзяляюць на фактары станоўчага і адмоўнага ўплыву. Фактары станоўчага ўплыву (пасадка і падкормка раслін, развядзенне і ахова жывёл, ахова навакольнага асяроддзя) павялічваюць колькасць арганізмаў або паляпшаюць асяроддзе іх пражывання. Фактары адмоўнага ўплыву (высяканне лясоў, забруджванне навакольнага асяроддзя, разбурэнне месцапражыванняў, пракладка дарог і іншых камунікацый) змяншаюць колькасць арганізмаў або пагаршаюць асяроддзе іх пражывання.
Літаратура
правіць- Біялогія: вучэб. дапам. для 11-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. мовай навучання / С. С. Маглыш, А. Я. Карэўскі; пад рэд. С. С. Маглыш; пер. з рус. мовы В. У. Клімко. — Мінск: Нар. асвета, 2010. ISBN 978-985-03-1462-8