Елка
Елка[2] (Picea) — род вечназялёных аднадомных дрэў сямейства хваёвых. Каля 45 відаў.
Елка | ||||||||||||||
Елка еўрапейская (Picea abies). Маладое дрэва. Поўдзень Германіі. | ||||||||||||||
Навуковая класіфікацыя | ||||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Міжнародная навуковая назва | ||||||||||||||
Picea A.Dietr. | ||||||||||||||
Тыпавы від | ||||||||||||||
|
Батанічнае апісанне
правіцьВечназялёныя аднадомныя хвойныя дрэвы вышынёй да 60 (часам да 90) м і дыяметрам ствала да 1–2 м. Каранёвая сістэма паверхневая, таму дрэвы схільныя да ветравалу. Ствол прамы, поўнадраўнінны. Драўніна белая, лёгкая, трывалая. Крона густая, конусападобная. Парасткі падоўжаныя, баразнаватыя. Лісце (ігліца) цёмна-зялёнае, адзінкавае, іголкападобнае, жорсткае, калючае, звычайна 4‑граннае, радзей пляскатае, размешчанае на кароткіх ліставых падушачках, не ападае да 10 гадоў. Мужчынскія шышкі 1–2,5 см даўжынёй, шарападобныя або прадаўгаватыя, чырванаватыя. Жаночыя шышкі даўжынёй да 20 см, верацёнападобныя або яйцападобныя, спачатку стаяць прама, пры выспяванні павісаюць, бурыя; выспявабць у год апылення, пасля выспявання ападаюць цалкам. Насенне з крылом.
Пашырэнне
правіцьНалічвае 35–45 відаў, распаўсюджаных пераважна ў халодных і ўмераных шыротах Паўночнага паўшар’я. Патрабавальная да ўрадлівасці і вільготнасці глебы. Найважнейшая лесаўтваральная парода на свежых гліністых, сугліністых і багатых супясчаных глебах. Ценевынослівая, марозаўстойлівая расліна. Жывуць прыблізна 250–300 гадоў, у аптымальных умовах да 500–850 гадоў; у Беларусі ўзрост старых дрэў елкі звычайнай каля 220 гадоў.
У Паўночнай Амерыцы расце сем мясцовых відаў елак, у тым ліку два буйных віды ў Скалістых гарах: елка Энгельмана (Picea engelmannii), каштоўная лесагаспадарчая парода вышынёй да 46 м, і блізкая па габарытах, але значна менш багатая елка калючая (Picea pungens). Для апошняй характэрна блакітнавата-зялёная ігліца, і некаторыя разнавіднасці гэтага дрэва, напрыклад добра вядомыя «серабрыстыя» елкі, выкарыстоўваюцца як дэкаратыўныя. На ціхаакіянскім узбярэжжы Паўночнай Амерыкі — ад заліва Кука на Алясцы да поўначы Каліфорніі — расце елка сітхінская (Picea sitchensis); яна часта дасягае ў вышыню 60 м пры дыяметры ствала 2,4-3 м і з’яўляецца самым буйным прадстаўніком роду.
У Еўразіі шырока распаўсюджаныя елка еўрапейская або звычайная (Picea abies), арэал якой распасціраецца ад Волгі да Пірэнеяў, і елка сібірская (Picea obovata) — адна з найважных лесаўтваральных парод на паўночным усходзе Еўропы і ў Сібіры. Сярод іншых відаў Старога Свету заслугоўваюць згадвання елка прыгожая, або японская (Picea polita), елка Алькока, або двухкаляровая (Picea bicolor), таксама з Японіі, елка сербская (Picea omorika) і елка Сміта (Picea smithiana) з Гімалаяў.
На Беларусі 2 віды:[3] елка еўрапейская або звычайная (Picea abies), якая ўтварае яловыя лясы, і елка блакітная (Picea pungens). У садах, парках, лясгасах інтрадукавана больш за 10 відаў; найбольш пашыраныя: елка калючая (Picea pungens), канадская, або белая (Picea glauca), сербская (Picea omorika), сібірская (Picea obovata), аянская (Picea jezoensis), карэйская (Picea koraiensis). Пыленне ў маі — чэрвені.
Віды
правіцьРод Елка, паводле Каралеўскіх батанічных садоў К’ю, уключае 37 першасных відаў і 4 гібрыдагенных[4]:
- Picea abies (L.) H.Karst. typus — Елка еўрапейская, ці Елка звычайная, ці Ёлка, ці Елка, ці Ялуга
- Picea alcoquiana (H.J.Veitch ex Lindl.) Carrière — Елка Алькока, ці Елка двухколерная
- Picea asperata Mast.
- Picea aurantiaca Mast.
- Picea austropanlanica Silba
- Picea brachytyla (Franch.) E.Pritz.
- Picea breweriana S.Watson
- Picea chihuahuana Martínez
- Picea crassifolia Kom.
- Picea engelmannii Parry ex Engelm. — Елка Энгельмана
- Picea farreri C.N.Page & Rushforth
- Picea glauca (Moench) Voss — Елка канадская, ці Елка белая
- Picea glehnii (F.Schmidt) Mast.
- Picea jezoensis (Siebold & Zucc.) Carrière — Елка аянская
- Picea koraiensis Nakai — Елка карэйская
- Picea koyamae Shiras.
- Picea likiangensis (Franch.) E.Pritz.
- Picea mariana (Mill.) Britton, Sterns & Poggenb. — Елка чорная
- Picea martinezii T.F.Patt.
- Picea maximowiczii Regel ex Mast.
- Picea meyeri Rehder & E.H.Wilson
- Picea morrisonicola Hayata
- Picea neoveitchii Mast.
- Picea obovata Ledeb. — Елка сібірская
- Picea omorika (Pančić) Purk. — Елка сербская
- Picea orientalis (L.) Peterm. — Елка ўсходняя
- Picea polita (Siebold & Zucc.) Carrière — Елка прыгожая, ці Елка японская (або Picea torano (Siebold ex K. Koch) Koehne, пра легітымнасць першай назвы да гэтага часу вядзецца дыскусія[5])
- Picea pungens Engelm. — Елка блакітная, ці Елка калючая
- Picea purpurea Mast.
- Picea retroflexa Mast.
- Picea rubens Sarg. — Елка чырвоная
- Picea schrenkiana Fisch. & C.A.Mey.
- Picea sitchensis (Bong.) Carrière — Елка сітхінская
- Picea smithiana (Wall.) Boiss. — Елка Сміта
- Picea spinulosa (Griff.) A.Henry
- Picea wilsonii Mast.
- Гібрыдагенныя віды
- Picea ×albertiana S.Br.
- Picea ×fennica (Regel) Kom. (Picea abies × Picea obovata)
- Picea ×lutzii Little
- Picea ×notha Rehder (Picea glehnii × Picea jezoensis)
Захворванні
правіцьВыкарыстанне
правіцьДраўніна выкарыстоўваецца ў будаўніцтве, цэлюлозна-папяровай прамысловасці, для вырабу музычных інструментаў, розных прадметаў быту, на дровы. Дае смалу, дзёгаць, шкіпінар, каніфоль, дубільныя рэчывы. Ігліца выкарыстоўваецца для прамысловага атрымання вітаміну С, кара — крыніца дубільных рэчываў. Каштоўная дэкаратыўная расліна, выкарыстоўваецца ў ахоўным лесаразвядзенні.
Крыніцы
правіць- ↑ Index Nominum Genericorum database
- ↑ Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь. — Мн.: «Наука и техника», 1967. — С. 97. — 160 с. — 2 350 экз.
- ↑ База Растения Беларуси
- ↑ Спіс відаў роду Picea (англ.). World Checklist of Selected Plant Families (WCSP). Royal Botanic Gardens, Kew. Праверана 26 красавіка 2013.
- ↑ Gymnosperm Database — Picea torano (англ.)
Спасылкі
правіць- ЕЛКА на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларуская энцыклапедыя»