Эмакімано (яп.: 絵巻物) — гарызантальны скрутак з паперы ці шоўку, налеплены на аснову, апраўленую парчовай аблямоўкай, з двума драўлянымі валікамі на канцах. Такія скруткі ўяўлялі сабой ілюстрацыі да раманаў, аповесцей, будысцкіх сутраў, выявы звычайна спалучаліся з тэкстам. Яны былі папулярныя ў Японіі ў перыяд з XI па XVI стагоддзі.

«Аповесць пра Гэндзі», фрагмент
Звяры займаюцца сумо на першым скрутку «Цёдзюгіга»

Шырыня скрутка — пераважна каля 30 см, даўжыня магла дасягаць 9—12 метраў. Доўгія гісторыі запісваліся на некалькіх скрутках. Скруткі захоўваліся ў згорнутым стане, перавязаныя шаўковым шнуром. Чыталі скрутак справа налева, паступова перамотваючы яго і разгортваючы так, каб зручна было трымаць рукамі. Пасля прачытання яго трэба было пераматаць на пачатак.

Найбольш вядомым эмакімано з’яўляецца ілюстраваная гісторыя «Аповесці пра Гэндзі» пачатку XII стагоддзя — яна складалася з 20 скруткаў, даўжыня якіх агулам складала 137 метраў, у тым ліку больш за 100 малюнкаў і звыш 300 аркушаў каліграфіі. Да нашых дзён дайшлі толькі фрагменты, каля 15 працэнтаў першапачатковага твора. Скруткі «Аповесці пра Гэндзі» прыпісваюць мастаку Фудзівара но Такаёсі.

Эмакімано «Цёдзюгіга» — «Вясёлыя карцінкі з жыцця жывёл» — незвычайны ў сваім родзе: ён не ўтрымлівае тэксту, толькі выявы. Гэтыя скруткі датуюцца XII і XIV стагоддзямі.