Яўрэйскія могілкі (Гродна)

Яўрэйскія занёманскія могілкі — даўнія могілкі яўрэйскай грамады Гродна. Знаходзяцца ў занёманскай частцы горада.

Адныя з самых старых яўрэйскіх могілак Беларусі. Тут знаходзяцца магілы цадзікаў і вядомых у свеце рабінаў.

Паводле некаторых крыніц, найстарэйшы надмагільны помнік датаваны 1312 годам, іншыя крыніцы кажуць, што гэтыя могілкі дзейнічаюць з 1642 года.[1] Ёсць інфармацыя, што могілкі на Занёманскім фарштаце былі заснаваныя ў XVIII стагоддзі для яўрэйскай грамады гэтай часткі горада[2]. Для пахаванняў іх закрылі ў 1968 годзе.[3]

Гэта адзіныя яўрэйскія могілкі, якія захаваліся ў Гродне да цяперашняга часу. Некаторыя помнікі-мацэвы цяжка распазнаць, бо з цягам часу яны сышлі ў зямлю. Надпісы на камянях пераважна на іўрыце, ёсць і на ідышы.

На могілках пахаваны рабін Аляксандр Зіскінд, які памёр у 5554 (1794) годзе. Ён напісаў кнігу «Йесод вешореш аавода» («Аснова і корань служэння»). Праведніка пахавалі на могілках, дзе зараз знаходзіцца стадыён «Нёман». Пасля таго, як іх зруйнавалі ў канцы 1950-х гадоў, на Занёманскіх могілках зрабілі сімвалічную магілу. У 1990-я гады ўсталявалі помнік. Туды прыязджаюць пілігрымы з усяго свету.[2]

У 2000 годзе могілкі грунтоўна апісаў амерыканец Эрык Адлер, продкі якога нарадзіліся ў Гродне. На іх аказалася каля 1900 пахаванняў, самае старое датаванае 1784 годам, — да прыняцця пастановы пра вынас могілак за межы горада. Апошнім пахаваным на гэтых могілках стаў апошні вязень гродзенскага гета, гродзенец Грыгорый Хасід, які памёр у пачатку 2013 года.[4]

У савецкія часы быў план зносу могілак і размяшчэння на іх месцы Гродзенскага заапарку.

З 1950-х каля могілак жыла сям’я Булыка, якая даглядала пахаванні і праводзіла туды пілігрымаў. У 2018 годзе горад скасаваў дамову з сям’ёй і замок на могілкавай браме змянілі.[5]

Крыніцы

правіць
  1. Гродно. globustut.by. Праверана 15 лютага 2024.
  2. а б 225 лет со дня смерти: хасиды из Нью-Йорка приезжали в Гродно молиться на могиле праведника (руск.). Hrodna.life - русская версия (26 сакавіка 2019). Праверана 15 лютага 2024.
  3. Турысты месяц не могуць патрапіць на яўрэйскія могілкі ў Гродне. Горад звольніў ахоўнікаў і паставіў замок . Hrodna.life (15 лютага 2024). Праверана 15 лютага 2024.
  4. Яўрэйскія могілкі старога Гродна(нявызн.). harodnia.comharodnia.com. Праверана 15 лютага 2024.(недаступная спасылка)
  5. "Людзі прыязджаюць, а брама зачынена". Як аргентынцы шукалі магілы сваякоў на яўрэйскіх могілках у Гродне . Hrodna.life (15 лютага 2024). Праверана 15 лютага 2024.