Renault 16

мадэль аўтамабіля
Renault 16
Агульныя даныя
Вытворца: Renault
Выпуск: 19651980
На рынку
Папярэднік
Папярэднік
Пераемнік
Пераемнік

Renault 16 — легкавы аўтамабіль кампаніі Renault. З 1965 па 1980 год выпушчана 1 846 459 адзінак[1].

Лічыцца першым у свеце аўтамабілем сярэдняга класа з кузавам хэтчбек. Мадэль стала этапнай для еўрапейскага аўтабудавання, паклала пачатак папулярызацыі аўтамабіляў «сямейнага» класа з кузавам хэтчбек, а таксама пярэдняга прывада.

У 1966 годзе Renault 16 быў атрымаў тытул «Еўрапейскі аўтамабіль года»[2].

Гісторыя правіць

Renault 16 TS (1965–1970)

Распрацоўка афіцыйна пачынаецца ў 1961 годзе. На пачатковым этапе мадэль мела назву «Renault 1500». 2 снежня 1964 годзе былі зроблены першыя аўтамабілі «нулявой серыі». У студзені 1965 года пачалася серыйная вытворчасць. Аўтары аблічча — Гастон Жушэ і Філіп Шарбано.

Прэм’ера адбылася на Жэнеўскім аўтасалоне 1965 года.

У сакавіку 1968 года на салоне ў Жэневе «Рэно» прадставіла мадыфікацыю 16 TS з рухавіком аб’ёмам 1565 см³ магутнасцю 83 к.с. Праз год выходзіць у свет мадыфікацыя 16 TA з аўтаматычнай трансмісіяй.

 
Renault 16 TL

У кастрычніку 1970 года адбылася першая мадэрнізацыя. Аўтамабіль атрымаў большыя заднія ліхтары і чорную панэль ніжэй багажных дзвярэй.

Увосень 1973 года дэбютавала топ-мадэль шэрагу — Renault 16 TX, аснашчаная рухавіком магутнасцю 93 к.с. і пяціступеньчатай каробкай перадач. Знешне яна адрозніваліся ад іншых версій мадэлі падвоенымі фарамі і размешчанымі пад імі паказальнікамі павароту. У камплектацыю TX былі дададзеныя такія элементы як спартыўныя колы Gordini, невялікі спойлер на задняй абзе даху, ачышчальнік задняга шкла, таніроўка лабавога шкла, цэнтральны замок.

 
Renault 16 TX (1974—1980)

У верасні 1974 года алюмініевая рашотка радыятара зменена на пластыкавую, а з задніх крылаў знік характэрны молдынг.

У 1975 пачынаецца вытворчасць аўтамабіля, які прыйшоў на змену Renault 16, — больш буйной мадэлі 20/30, таксама з кузавам тыпу «хэтчбек». З-за адрознення ў памерах і адзінага агульнага матора абедзве машыны некаторы час выпускаліся паралельна. Але гама Renault 16 пачала паступова скарачацца — з 1977 году былі даступныя толькі мадыфікацыі TX і TA[1].

У 1979 годзе ў стандартную камплектацыю ўключаюцца рамяні бяспекі на задніх сядзеннях.

Аўтамабіль вырабляўся ў Францыі, Партугаліі, Югаславіі і Аўстраліі. У студзені 1980 года вытворчасць Renault 16 была завершана. Агульная колькасць выпушчаных аўтамабіляў — 1 846 459[1].

Апісанне правіць

З канструктыўнага пункту гледжання Renault 16 уяўляў сабой пярэднепрывадны аўтамабіль з пяцідзверным кузавам хэтчбек. Двухаб’ёмны кузаў меў доўгі капот з заглыбленнем па цэнтры, з вялікімі шыбамі і нахільнай задняй часткай. Асаблівасцю таксама былі кароткія навісі, асабліва спераду. Даўжыня — 4,24 метра, шырыня — 1,62 метра, вышыня — 1,45 метра, колавая база — 2,71 метра.

Кампаноўка: з вынесенай наперад каробкай перадач і размешчаным падоўжна ў межах колавай базы рухавіком.

Салон правіць

Рычаг пераключэння хуткасцяў для механічнай і аўтаматычнай каробак перадач знаходзіўся на правым баку рулявой калонкі. Такое яго размяшчэнне і размяшчэнне ручнога тормазу ў нагах утварала прасторнае месца кіроўцы, а таксама дазволіла размясціць падлакотнік паміж пярэднімі сядзеннямі. На некаторых мадэлях прапаноўваўся электрычны цэнтральны замок і электрычныя шклапад’ёмнікі ў пярэдніх дзвярах.

У 1970 годзе пярэднія сядзенні ўсіх варыянтаў атрымалі трохкропкавыя рамяні бяспекі.

Аб’ём багажніка пад паліцай — 346 літраў. Заднюю канапу можна было ссунуць на 150 мм наперад, павялічыўшы тым самым багажнік. Для перавозкі даўгамерных грузаў падушка задняй канапы адкідвалася наперад, а спінка здымалася — яе можна было пакінуць у гаражы або часова ўсталяваць гарызантальна над паліцай багажніка. Запасное кола, дамкрат і балонны ключ размешчаны пад капотам.

Рухавікі правіць

Рухавік размешчаны падоўжна за пярэдняй воссю ўнутры колавай базы. Маторны шэраг уключаў розныя версіі чатырохцыліндравых радных рухавікоў з карбюратарам і 2 клапанамі на цыліндр.

Мадыфікацыя Аб’ём Тып Макс. магутнасць Макс. круцільны момант 0–100 км/г Макс. хуткасць
Бензінавыя рухавікі:
1.5[3] 1,5 л (1470 см³) R4, карбюратарны, OHV 60 к.с. (44 кВт) пры 5000 аб/хв 106 Нм пры 2800 аб/хв 16,9 с 142 км/г
1.6[4] 1,6 л (1565 см³) R4, карбюратарны, OHV 68 к.с. (50 кВт) пры 5000 аб/хв 114 Нм пры 3000 аб/хв ? ?
1.6 L[5] 1,6 л (1565 см³) R4, карбюратарны, OHV 56 к.с. (41 кВт) пры 5000 аб/хв 107 Нм пры 2500 аб/хв ? ?
1.6 TS[6] 1,6 л (1565 см³) R4, карбюратарны, OHV 84 к.с. (62 кВт) пры 5750 аб/хв 118 Нм пры 3500 аб/хв ? ?
1.6 TX[7] 1,6 л (1565 см³) R4, карбюратарны, OHV 94 к.с. (69 кВт) пры 6000 аб/хв 129 Нм пры 4000 аб/хв ? ?
1.6 TL[8] 1,6 л (1645 см³) R4, карбюратарны, OHV 66 к.с. (48,5 кВт) пры 5000 аб/хв 111 Нм пры 3000 аб/хв ? 150 км/г

Хадавая частка правіць

Падвеска, як пярэдняя, ​​так і задняя, была незалежнай, з тарсіёнамі ў якасці пругкага элемента. Характэрнай асаблівасцю аўтамабіля была розная колавая база справа і злева (злева даўжэй, чым справа, на 7 сантыметраў), што было звязана з канструкцыяй падвескі.

Да іншых асаблівасцей хадавой часткі варта аднесці стабілізатар папярочнай устойлівасці (на абедзвюх восях) і двухконтурныя тармазы (пярэднія — дыскавыя), прычым у заднім контуры стаяў рэгулятар, які размяркоўваў тармазныя высілкі ў залежнасці ад нагрузкі на вось.

Зноскі

  1. а б в Französische Revolution (ням.). AutoBild Klassik (17 лютага 2009). Праверана 28 лістапада 2019.
  2. Previous Winners: Car of the Year — 1966 // caroftheyear.org (англ.)
  3. 1965 Renault 16 technical specifications (англ.).
  4. 1965 Renault 16 technical specifications (англ.).
  5. 1976 Renault 16 L technical specifications (англ.).
  6. 1965 Renault 16 TS technical specifications (англ.).
  7. 1976 Renault 16 TX technical specifications (англ.).
  8. 1977 Renault 16 TL technical specifications (англ.).

Літаратура правіць

  • Альтернативные Жигули // Авторевю : часопіс. — 2018. — № 14 (638). — С. 40-42. (руск.)

Спасылкі правіць