«Shocking Blue» — галандскі рок-гурт з Гаагі, існаваў з 1967 па 1974 год. Найвядомая песня гурта Venus (Венера) у лютым 1970 года заняла першае месца ў чарце Billboard Hot 100.

Shocking Blue
Асноўная інфармацыя
Жанры рок-музыка, псіхадэлічны рок і Nederbeat[d]
Краіны
Адкуль Гаага[1]
Лэйблы Polydor Records[d]
Склад
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя

правіць

Гурт быў заснаваны ў 1967 годзе гітарыстам Робі ван Леўвенам, ветэранам вядомага галандскага рок-гурта The Motions. Назва «Shocking Blue» была навеяная словамі Эрыка Клэптана Electric Blue з песні «Strange Brew». Акрамя ван Леўвена, у гурт уваходзілі барабаншчык Карнэліус ван дэр Бек, басіст Клаашэ ван дэр Вал і вакаліст Фрэд дэ Вілдэ.

Другі сінгл гурта «Lucy Brown Is Back in Town», які заняў 21-е месца ў галандскім Топ 40, быў выпушчаны на лэйбле Pink Elephant. Аднойчы менеджар калектыва прысутнічаў на адной вечарынцы, дзе выступаў гурт Bumble Bees з вакалісткай Марышкай Верэш, і вырашыў, што яна будзе дасканалым дадаткам да Shocking Blue (Робі пагодзіцца з ім на першым жа праслухоўванні).

Марышка, у якой бацька быў венгерскім цыганам, а маці ўраджэнкай Германіі французска-рускага паходжання, часта спявала са сваім бацькам, які граў на скрыпцы ў цыганскім аркестры. Да запрашэння ў Shocking Blue яна запісала сольны сінгл пад назвай «Topkapi» і набіралася досведу ў розных гуртах. Яна змяніла Фрэда дэ Вілдэ, і, без сумневу, менавіта яе вакал стаў магнітам, які прыцягвае гледачоў і слухачоў; яе звонкі голас надаў музыцы выразнае гучанне рытм-энд-блюзу. Як сказаў Робі: «Калі прыйшла Марышка, усё адразу закруцілася, і адзін з першых сінглаў — Venus — стаў вялікім хітом».

У Галандыі Venus заняў трэцяе месца, у той жа час узначаліўшы чарты ў Бельгіі, Францыі, Італіі, Іспаніі і Германіі. Запіс прыцягнуў увагу нядаўна заснаванай амерыканскай кампаніі Colossus. Кіраўнік лэйбла Джэры Рос падпісаў кантракт з Shocking Blue і быў узнагароджаны за прадпрымальнасць, калі «Venus» у лютым 1970 года апынуўся на вяршыні штатаўскіх чартаў.

Наступны сінгл гурта «Mighty Joe» стаў нумарам адзін у Галандыі і, як і яго папярэднік, прысутнічаў ва ўсіх чартах. Shocking Blue паспяхова злучылі біт і рытм-энд-блюз з усходнім гучаннем індыйскага сітара.

Робі не пярэчыў, каб гурт уключаў у альбомы некалькі кавер-версій старых песень, бо ўвесь час пісаць новы матэрыял было для яго занадта вялікай нагрузкай. «Мы ўсё рабілі самі, а дыджэі радыёстанцый хацелі б пачуць ад нас кожны раз усё зусім новае. Але вялікая колькасць альбомаў прывяла да таго, што гурт быў вымушаны дапаўняць іх кавер-версіямі. Мне было вельмі складана пісаць усю музыку і словы аднаму».

На працягу некалькіх месяцаў у 1970—1971 гадах з гуртом граў гітарыст Леа ван дэ Кетэрэй. Марышка, Робі, Карнэліус і Клашэ былі разам тры гады: яны гастралявалі па свеце, наведваючы і такія далёкія куткі, як Японія, Інданезія, Ганконг і Паўднёвая Амерыка. Нягледзячы на тое, што гурт працягваў выпускаць цудоўныя і часта наватарскія сінглы і займаць месцы ў еўрапейскіх чартах, Робі ван Леўвен запаў у дэпрэсію. Яго прыгнятала абмежаванасць поспеху гурта, у выніку чаго ўнутры Shocking Blue пачалі адбывацца сваркі.

Спачатку сышоў Клаашэ, заменены ў 1971 годзе Хенкам Смітскампам. У 1973 годзе сам ван Леўвен на час пакінуў гурт, а яго месца займаў Марцін ван Вейк, які да гэтага граў у двух галандскіх гуртах — «Fairy Tale» і «Jupiier». Ён стаў лідарам Shocking Blue, і новы матэрыял ужо быў вынікам яго пошукаў, унёсшы ў музыку Shocking Blue частку глэм-рока і фанка.

Без Робі Shocking Blue яшчэ трымаліся, але ў 1974 годзе з гурта сышла і Марышка, якая рашыла пачаць сольную кар’еру, і каманда канчаткова распалася. Такім чынам, адзіным удзельнікам гурта, які перажыў усе змены складаў, быў барабаншчык Карнэліус ван дэр Бек. У 1975 годзе выйшаў апошні сінгл гурта «Gonna Sing My Song».

Зноскі

  1. а б Rate Your Music — 2000. Праверана 11 снежня 2021.