XXIII з’езд КПБ
Дваццаць трэці (нечарговы) з'езд Камуністычнай партыі Беларусі. Адбыўся 14 — 15 студзеня 1959 г. у Мінску. Прысутнічала 645 дэлегатаў з рашаючым і 83 з дарадчым голасам ад 187 909 членаў і кандыдатаў у члены партыі.
Парадак дня
правіць- Кантрольныя лічбы развіцця народнай гаспадаркі СССР на 1959 — 1965 і задачы Кампартыі Беларусі (К. Т. Мазураў).
Праца з'езда
правіцьПадрыхтоўка да з'езда супала са святкаваннем 40-годдзя БССР і КПБ, узнагароджаннем рэспублікі другім ордэнам Леніна. Гэта вызначыла характар разгляду праекта дырэктыў, на працягу якога ўпор рабіўся перш за ўсе на дасягненні. У дакладзе адзначаліся вынікі эканамічнага развіцця Беларусі ў 1956 — 1958 гг. аб'ем прамысловай вытворчасці павялічыўся на 41%, у лік дзеючых увайшлі Мінскія заводы аўтаматычных ліній, трактарных запчастак, гадзіннікавы, электратэхнічны, ацяпляльнага абсталявання, камвольны камбінат, Полацкі завод шкловалакна, 1-я чарга Васілевіцкай, 2-я чарга Смалявіцкай ДРЭС, пачаўся выпуск новых відаў машын, прыбораў, агрэгатаў (у т.л. мадэлі трактара «Беларусь», 40-тоннага самазвала). Валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі ў 1953 — 1958 вырасла ў 2,2 раза, у т.л. жывёлагадоўлі ў 3,1 раза. Павялічваліся масштабы капітальнага і жыллёвага будаўніцтва. У 1958 г. пабудавана 1,7 млн м2 жылля, у вёсцы — 28 тыс. дамоў. Аднак дакладчык і выступаючыя ў спрэчках (24 чал.) адзначалі недахопы ў развіцці народнай гаспадаркі, невыкананне вялікай колькасці заданняў прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, марудны рост прадукцыйнасці працы, вялікія выдаткі на выпуск адзінкі прадукцыі, вялікія аб'емы незавершанага будаўніцтва і інш. Асабліва нездавальняючым быў стан навукова-тэхнічнага прагрэсу ва ўмовах, калі высокаразвітыя краіны ўступалі ў новую стадыю навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. 3'езд ухваліў кантрольныя лічбы развіцця народнай гаспадаркі СССР на 1959 — 1965 гг. і дырэктыўныя ўстаноўкі для Беларусі.
Літаратура
правіць- Платонаў, Р. Дваццаць трэці з'езд КПБ / Расціслаў Платонаў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 1996. — 523 с. — С. 219. — ISBN 985-11-0041-2.