Да́ні (індан.: Dani) — папуаскі народ, насельнікі інданезійскай правінцыі Папуа. Прыкладная колькасць - каля 25 тыс. чал. у 2009 г.

Дані
(Dani)
Правадыр вёскі Курулу
Агульная колькасць каля 25000 (2009)
Рэгіёны пражывання Правінцыя Папуа, Інданезія
Мова дані
Рэлігія магія, анімізм, культ продкаў, культ карга, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы ялі, лані

Гісторыя правіць

Дані насяляюць пераважна даліну Баліем і навакольныя горныя раёны. Назва "дані" была дадзена суседнімі плямёнамі і літаральна азначае "людзі даліны". Самі дані называюць сябе па найменню вёсак, адкуль паходзяць. Хаця ніякіх археалагічных раскопак у гэтай мясцовасці не праводзілася, некаторыя даследчыкі лічаць, што дані жылі ў ёй як мінімум некалькі сот гадоў.

У 1909 г. адбыўся першы кантакт некалькіх памежных груп дані з галандцамі. Найважнейшыя наступствы мела амерыанская заалагічная экспедыцыя 1938 г. Яе ўдзельнікі ўпершыню падрабязна апісалі культуру жыхароў Баліем. У 1949 - 1962 гг. землі дані фармальна ўваходзілі ў склад Нідэрландскай Новай Гвінеі. З 1955 г. сярод тубыльцаў Баліем разгарнулася шырокая хрысціянская місіянерская дзейнасць.

У 1962 г. землі дані далучаны да Інданезіі.

Культура правіць

Гаспадарчыя заняткі правіць

Асноўным гаспадарчым заняткам дані з'яўляецца земляробства. Яны вырошчваюць пераважна салодкую бульбу і некаторыя іншыя клубневыя культуры. Праца на палетках дыферэнцыявана паміж мужчынамі і жанчынамі. Расчыстка зямлі і яе апрацоўка лічацца мужчынскімі заняткамі. Пасадка, праполка і збор клубняў — жаночымі. Для меліярацыі вакол палеткаў капаюць канавы. У дажджлівы перыяд сюды трапляюць сцёкавыя воды. Падчас засухі з канаў бяруць ваду для палівання. Канавы ахоўваюць палеткі ад свінняў. У іх кідаюць зелле, якое перагнівае і пасля ачысткі канавы выкарыстоўваецца як угнаенне.

Нягледзячы на пэўную прымітыўнасць, сістэма земляробства дані вельмі эфектыўная. Пасля збору ўраджаю яны даюць зямлі каля месяца адпачыць. Потым мужчыны вырываюць дзёран і зелле, спальваюць іх і апрацоўваюць глебу завостранымі каламі. Жанчыны саджаюць кавалкі клубянёў і на працягу шасці месяцаў праполваюць гароды. Паколькі клубневыя культуры дрэнна захоўваюцца, збор ураджаю вядуць на працягу трох месяцаў па меры ўзнікнення патрэбы ў ежы. Калі клубні ў зямлі сканчваюцца, на палеткі прыганяюць свінняў.

Дані таксама вырошчваюць цукровы трыснёг, бананы, у наш час — тытунь, імбір, садавіну і гародніну. Для заходніх дані ўсё больш важнай культурай становіцца кукуруза. У лесе збіраюць арэхі, ядомае карэнне і ягады. Паляююць з сабакамі на драўняных кенгуру, ловяць у рацэ ракаў. Ядомыя пароды рыбы былі запушчаны місіянерамі толькі ў сярэдзіне XX ст.

Свіння — самае распаўсюджаная свойская жывёла, яе трымаюць у кожнай сям'і. Маладых парсючкоў абавязкова пакладаюць, будучым свінаматкам ужыўляюць у жывот шнур, бо лічаць, што гэта будзе садзейнічаць прыплоду. Свінняў забіваюць на мяса толькі падчас спецыяльных цырымоній. У мінулым таксама ўжывалі мяса сабак.

Да сярэдзіны XX ст. дані не карысталіся металічнымі і керамічнымі прыладамі. Апрацоўвалі камень, драўніну і косць. Былі вядомы пляценне і ткацтва. Важную ролю адыгрываў абмен, які дазваляў звонку набываць зброю, свінняў і соль. Галоўнымі таварамі для абмену былі пер'е райскіх птушак, сланец, дзіды.

Жытло правіць

Асноўны від паселішчаў — вёскі, якія складаюцца з вялікай мужчынскай хаціны і малых жаночых хацін. У апошніх жывуць жанчыны і дзеці. Мужчыны толькі наведваюцца ў свае сем'і. Хаціны маюць драўляны каркас, крыюцца саломай.

Сацыяльная арганізацыя правіць

Асновай грамадства з'яўляецца вясковая абшчына, якая кантралюе навакольныя землі. Абшчыннікі неабавязкова з'яўляюцца сваякамі, аднак абавязаны аказваць узаемную дапамогу і сумесна ваяваць. Абшчыны аб'ядноўваюцца ў канфедэрацыі. Але апошнія не маюць сталага характару. Сем'і малыя нуклеарныя. Мужчыны жывуць у асобнай мужчынскай хаціне і наведваюць свае сем'і толькі час ад часу. Пры гэтым яны маюць абавязак забяспечваць і абараняць жанчын і дзяцей. Жанчыны фактычна валодаюць жаночай хацінай і хатнімі рэчамі. Мужчыны з'яўляюцца маёмаснікамі зямлі. Сваяцтва адлічваецца па мужчынскай лініі. Распаўсюджана палігінія.

Сваяцкія сувязі даволі складаныя. Усе дані падзяляюцца на дзве фратрыіWida і Waija. Яны падзяляюцца на роды, што носяць назвы розных птушак. Выбар партнёра магчымы толькі за межамі сваёй фратрыі. Жанчыны адносяцца да фратрыі бацькі. Хлопчыкі, чые маці — Wida, адносяцца да яе фратрыі да сталення, але пасля асаблівай цырымоніі пераходзяць да фратрыі бацькі.

Ваенная справа правіць

У мінулым дані часта ваявалі як паміж сабою, так і з суседдзямі. Канфлікты ўспыхвалі з-за крадзяжу свінняў, выпадковых забойстваў, у рытуальных мэтах. Ваенныя сілы кожнай вёскі складалі ўсе дарослыя мужчыны, на чале якіх стаяў абраны ваенны правадыр. Найбольш распаўсюджаная традыцыйная зброядзіды і лукі са стрэламі. Навершы стрэл вызубляліся для нанясення суперніку найбольшых пашкоджанняў.

Мова правіць

Мова дані падзяляецца на два дыялекты — заходні і ўсходні. У другой палове XX ст. заходнія місіянеры распрацавалі пісьмовасць на аснове лацінкі для абодвух дыялектаў.

Рэлігія правіць

Традыцыйная рэлігія дані анімістычна. Яны вераць у духаў прыроды і духаў памерлых людзей. Апошнія з'яўляюцца патэнцыйна небяспечнымі і адахвочваюцца ад вёсак з дапамогай магічных рытуалаў. Чараўнікамі звычайна лічацца мужчыны. Дані ўпэўнены, што смерць найчасцей выклікана магічным уздзеяннем чараўнікоў. Найбольш распаўсюджаны цырымоніі сталення, ваенныя і пахавальныя. Іх арганізуюць выбраныя вясковыя правадыры. Забітых на вайне і памерлых спальваюць. Пахавальная цырымонія ў мінулым суправаджалася адсяканнем пальцаў у дзяўчынак-сваякоў памерлага. Блізкія сябры-мужчыны таксама маглі адсякаць сабе пальцы і адразаць кончыкі вушэй. Рытуальны канібалізм не практыкаваўся. Усе вядомыя выпадкі канібалізму датычыліся ўжо памерлых і былі звязаны з голадам.

З сярэдзіны XX ст. распаўсюджваецца хрысціянствапратэстантызм і каталіцызм.

Спасылкі правіць