Коты (саманазва kottuen)  — вымерлы сібірскі народ. Карэнныя насельнікі раёну вакол ракі Кан.

Коты
(kottuen)
Енісейскія народы
Агульная колькасць
Рэгіёны пражывання Сібір
Мова коцкая
Рэлігія анімістычныя культы, шаманізм
Блізкія этнічныя групы кеты, асаны, арыны, югі

Паходжанне правіць

Вывучэнне мовы котаў у першай палове XIX ст. дазволіла Маціясу Кастрэну аднесці іх да енісейскіх народаў. На аснове яго прац і метадаў моўнай статыстыкі ўжо ў XX ст. было вызначана, што мовы кетаў і котаў адасобіліся 2000 — 2500 гадоў таму. Вывучэнне тапанімікі паўднёвай Сібіры паказала, што назвы, характэрныя для мовы котаў, распаўсюджаны ад басейна Уды на ўсходзе да басейна Томі на захадзе. Аднак ў XVII ст., калі коты сутыкнуліся з рускімі казакамі, населеная імі вобласць скарацілася да басейнаў рэк Кан і Біруса, вярхоўяў Абакана.

Гісторыя правіць

Першыя дакладныя пісьмовыя звесткі пра котаў з'явіліся ў 1636 г., калі ў раён ракі Кан прыйшоў атрад рускіх казакаў для заснавання Канскай крэпасці. У сярэдзіне XVII ст. агульная колькасць котаў была каля 860 чалавек. Яны апынуліся ў цяжкім становішчы з-за таго, што былі вымушаны выплочваць даніну адначасова рускім футрам собаляў і енісейскім кіргізам жалезнымі прыладамі працы.

Да сярэдзіны XIX ст., калі раён Кана наведаў Маціяс Кастрэн, засталося ўсяго 5 чалавек, якія захоўвалі этнічную тоеснасць і мову. Яны заснавалі вёску, дзе займаліся земляробствам і разглядаліся расійскай адміністрацыяй як «аселыя інародцы», мала адрозныя ад суседніх камасінцаў. М. Кастрэн меркаваў, што нашчадкамі котаў магла быць група буратаў катон на рацэ Уда. У другой палове XIX ст. коты зніклі як асобны этнас.

Асаблівасці культуры правіць

Галоўнымі заняткамі котаў былі паляванне і збіральніцтва. Паляванне лічылася мужчынскай справай. Палявалі са стрэльбамі або з лукамі і стрэламі з каменнымі навершамі на капытных і футравых звяроў. Здабыча футравых мела сезонны характар і адбывалася пераважна ўзімку. Пры гэтым карысталіся лыжамі. Мяса ўжывалі ў ежу, а са скур шылі вопратку. Характэрнай асаблівасцю зімовых строяў была адсутнасць рукавіц. Замест іх мелі доўгія рукавы. Пашывам вопраткі і збіральніцтвам займаліся жанчыны. Найбольш важнай раслінай для збору была саранка, чые крухмалістыя цыбуліны сушылі або квасілі.

У XVIII ст. коты трымалі коняў і кароў, хаця жывёлагадоўля мела дадатковы характар. Мяркуецца, што ім была вядома апрацоўка жалеза, паколькі ў пачатку XVIII ст. давалі даніну енісейскім кіргізам жалезнымі вырабамі.

Асноўны тып традыцыйнага жытла — канічная юрта, пакрытая драўнянай карою.

Коты практыкавалі дагаворныя шлюбы. Дзяўчыны выходзілі замуж з 10 гадоў. Сям’я жаніха выплочвала бацькам нявесты выкуп свойскай жывёлай, якая, аднак, разглядалася як пасаг і вярталася жонцы пасля нараджэння дзіцяці. Многія коты практыкавалі шматжонства. Дзеці з ранніх гадоў навучаліся паляванню і збіральніцтву.

Вядома, што коты шанавалі духаў, прыносілі ім ахвяры праз спаленне звяроў і птушак. Арганізацыяй абрадаў займаліся шаманы. Памерлых ахіналі драўнянай карою, хавалі на слупах або ў зямлі. У XVIII ст. значная частка вернікаў ужо спавядала праваслаўе.

Літаратура правіць

  • Vajda, E. Yeniseian Peoples and Languages: A History of Yeniseian Studies with an Annotated Bibliography and a Source Guide — Abington, New York: Routledge, 2001 ISBN 978-0-7007-1290-8
  • Вернер, Г. Коттский язык — Ростов-на-Дону: Из-во Ростовского университета, 1990

Спасылкі правіць