Інтуіцыя (ад позналац. intuitio — сузіранне) — здольнасць спасціжэння ісціны шляхам яе непасрэднага перажывання без абгрунтавання лагічнымі доказамі; працэс непасрэднага атрымання ведаў шляхам цэласнага «схоплівання» сітуацыі без лагічнага яе вытлумачэння.

Антычныя філосафы разглядалі інтуіцыю як своеасаблівы сродак цэласнага «спасціжэння сябе» (Сакрат), як спосаб пазнання ідэй (Платон), як спосаб пазнання вышэйшых прынцыпаў быцця (Арыстоцель). У інтуітывізме гэта здольнасць тлумачыцца як непасрэднае зліццё суб'екта з аб'ектам, поўнае пераадоленне супрацьлегласці паміж імі (А. Бергсон). У філасофіі жыцця інтуіцыя супрацьстаіць навуковаму пазнанню жыццёвай рэальнасці і ўспрымаецца як здольнасць да ірацыянальнага спасціжэння свету. У псіхааналізе яна трактуецца як неўсвядомлены першапрынцып творчай дзейнасці чалавека (З. Фрэйд). У экзістэнцыялізме інтуіцыя тлумачыцца як спецыфічны спосаб быцця чалавека ў свеце (М. Хайдэгер, К. Ясперс і інш.).

Інтуіцыя адыгрывае важную ролю ў вырашэнні складаных навуковых задач, стварэнні арыгінальных мастацкіх твораў, прадухіленні канфліктных сітуацый у штодзённым жыцці кожнага чалавека і да т.п.

Літаратура

правіць
  • Культуралогія: Энцыклапедычны даведнік / Уклад. Э. Дубянецкі. — Мн.: БелЭн, 2003. ISBN 985-11-0277-6