Элімцы (грэч. Ἔλυμοι; лац.: Elymi) — адзін з трох найстаражытных вядомых па гістарычных крыніцах народаў Сіцыліі. Насяляў заходнюю частку вострава ў перыяд бронзавага веку і класічнай антычнасці.

Схема рассялення дагрэчаскіх народаў Сіцыліі (злева направа: элімцы, сіканы, сікулы)

Паходжанне правіць

Старажытнагрэчаскія крыніцы, у прыватнасці, Фукідыд, пішуць пра элімцаў як пра нашчадкаў выхадцаў з Троі, якія перасяліліся ў Сіцылію, і змяшаўшыся з мясцовымі сіканамі, утварылі новы народ. Вергілій піша, што паход элімцаў з Троі ў Сіцылію ўзначальваў герой Ацэст.

 
Элімскі храм, Сегеста, Сіцылія

Археалагічныя знаходкі нядаўніх гадоў сведчаць пра анаталійскае паходжанне элімцаў. Пры гэтым элімцы, хутчэй за ўсё, адносіліся не да носьбітаў анаталійскіх моў, але хутчэй да «народаў мора» — даіндаеўрапейскага насельніцтва Малой Азіі, масавая міграцыя якога адбылася ў XIII стагоддзі да н.э. Тым не менш, паводле адных толькі археалагічных помнікаў жалезнага веку элімцаў вельмі цяжка адрозніць ад іх суседзяў. Пазней яны перанялі культуру грэчаскіх каланістаў, узвялі храм у Сегесце і прынялі грэчаскі алфавіт. Надпісы на элімскай мове нешматлікія і да цяперашняга часу не расшыфраваны.

Антанін Ліберал пісаў, што элімцы раней жылі на поўдні Італіі, аднак вымушаны былі перасяліцца на Сіцылію ў сувязі з масавай міграцыяй энотраў у месцы іх пражывання.

Гісторыя правіць

Элімцы падтрымлівалі сяброўскія і саюзніцкія адносіны з Карфагенам, аднак часта канфліктавалі з грэчаскімі каланістамі на захадзе Сіцыліі, асабліва з горадам Селінунт. Прыгранічныя спрэчкі з Селінунтам прывялі да некалькіх ваенных сутыкненняў пасля 580 да н.э. Спачатку элімцы заключылі саюз з афінянамі, які прывёў да катастрафічнай Сіцылійскай экспедыцыі 415—413 да н.э., пасля чаго сумесна з карфагенянамі ў 409 да н.э. знішчылі горад.

Нягледзячы на гэта, падчас Першай Пунічнай вайны элімцы занялі бок Рыма супраць карфагенян. Пры кіраванні рымлян элімцам быў пададзены прывілеяваны статус, яны былі вызвалены ад падаткаў, нібы ў знак прызнання іх траянскага паходжання, якое паводле легенды пра Энея радніла іх з рымлянамі. Элімцы былі асіміляваны рымлянамі.

Вобласць пражывання правіць

 
Карта асноўных паселішчаў элімцаў

Элімцы жылі на захадзе Сіцыліі разам з сіканамі, фінікійскімі і грэчаскімі каланістамі. Іх найбольш важнымі гарадамі былі: Сегеста, іх палітычны цэнтр; Эрыкс, рэлігійны цэнтр; і Энтэле. Сярод іншых гарадоў вядомыя Эліма, Галікія, Яты, Гіпана і Дрэпанон.

Гл. таксама правіць

Спасылкі правіць