Сапоцкінская пісанка
Сапоцкінская пісанка — беларуская традыцыя роспісу велікодных яек.
Сапоцкінская пісанка | |
---|---|
![]() | |
Знаходзіцца ў адміністрацыйнай адзінцы | |
Краіна паходжання | |
Статус нематэрыяльнай культурнай спадчыны | Гісторыка-культурная каштоўнасць Рэспублікі Беларусь |
![]() |
Захавалася традыцыя ў г. п. Сапоцкін Гродзенскага раёна Гродзенскай вобласці Рэспублікі Беларусь.
Сапоцкінская традыцыя роспісу велікодных яек з’яўляецца адным са старажытных народных відаў роспісу, якія ўвайшлі ў абрад святкавання Вялікадня, прымеркаванага да народных веснавых свят[1].
З 2016 года знаходзіцца ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь (шыфр 43БК000099, катэгорыя Б*, рашэнне Рады 16.01.2013 № 199, пастанова Савета Міністраў 02.08.2016 № 607, раздзел нематэрыяльная гісторыка-культурныя каштоўнасці)[2]. Адносіцца да катэгорыі Б (нематэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці адноўленыя (зафіксаваныя) ці з часам могуць змяняцца).
Тэхналогія
Пісанкі — асобны, даволі складаны спосаб распісвання велікодных яек. Класічна на сырым пустым яйку робяцца ўзоры гарачым воскам пры дапамозе «шпількі» («пісак»).
Для роспісу выкарыстоўваюцца:
- спецыяльны самаробны інструмент — «шпілька» («пісак») — палачка з убітым у тарэц цвічком;
- пчаліны воск;
- натуральны фарбавальнік чорна-карычневага колеру з настою кары дубу, вальхі, альховых шышак і ржавага жалеза;
- свечка.
Традыцыйна фарба рыхтуецца загадзя, за 1—2 месяцы да Вялікадня. Кара дуба, вольхі, шышкі ці іржавае жалеза заліваецца кіпнем. Ставіцца ў цёмнае месца прыкладна на месяц каб атрымаць насычаны цёмны, амаль чорны колер
У дзень роспісу яек, робіцца расплаўлены воск. Бярэцца шпілька (пісак), разаграваецца на агеньчыку свечкі, мачаецца ў расплаўлены воск (як у фарбу) і наносіцца ўзор на яйка. Увесь час абмакваючы пісак у воск, паступова пакрываецца паверхня яйка лінейнымі ўзорамі аднолькавай таўшчыні. (Загадзя можна папазначаць на яйку ўзор алоўкам)
Размалёванае такім чынам яйка змяшчаюць у халодную фарбу, якая фарбуе толькі тыя ўчасткі, якія не пакрыты воскам. Калі фарба натуральная, яйкі апускаюць на ноч.
Выняўшы яйка з рондалю з фарбай стопліваецца нанесены воск над агеньчыкам свечкі. Яйка праціраецца сурвэткай, і па выніку атрымліваюцца светлыя ўзоры на фоне колеру фарбы
Эстэтыка
Сапоцкінская пісанка зазвычай робіцца ў манахромнай гаме, але можна сустрэць і рознакаляровыя прыклады.
Дзеля гэтага, пасля стварэння першага ўзору яйка акунаецца ў разведзеную халодную фарбу (пачынаючы з самай светлай фарбы), дастаецца, праціраецца сурвэткай альбо тканінай. Воскам і шпількай (пісаком) робіцца новы ўзор і зноў яйка акунаецца ў іншую, больш цёмную фарбу. Можна паўтараць гэта столькі разоў, колькі ёсць жаданне дадаць колераў. Напрыканцы асцярожна стопліваецца воск з распісанага яйка над агеньчыкам свечкі. Паступова пісанка выціраецца сурвэткай альбо тканінай каб пазбавіцца ад воску.
Найбольш пашыраны і любімы матыў Сапоцкінскіх майстрых — круг-разетка, які размяшчаецца па цэнтры яйка, свабодныя плошчы запаўняюцца паўразеткамі, кропкамі, ланцужкамі. Нярэдка цэнтры разетак пападаюць на канцы яйка.
Такая кампазіцыя дыктуецца асаблівасцямі тэхналогіі: майстрыха вялікім і ўказальным пальцамі трымае яйка на канцах і па крузе наносіць узор з кропелек.
Традыцыйным малюнкам на яйках у Сапоцкіне з’яўляецца нанясенне старажытных матываў: птушкі (курыцы), кветкі (рамонкі, дзмухаўцы), яловыя галінкі.
Сучаснае развіццё
Сучасны перыяд практыкі традыцыйнага роспісу сапоцкінскіх пісанак пачынаўся з 3 майстрых: Юрчэня Антаніна, Ларыса Касіцкая і Алена Лашэвіч. Спадарыня Антаніна пераняла традыцыю ад маці і перадала сваім вучаніцам. На 2017 год было ўжо 14 майстрых[3].
Традыцыя практыкуецца як падчас пэўнага сезону, так і круглагадова праз майстар-класы і семінары, фестывалі, заняткі ў гуртках/
У гарадскім пасёлку створаны музей пісанкі ў межах Сапоцкінскага культурна-турыстычнага цэнтру, у якім месціцца звыш за 1,5 тысячы экспанатаў. Калекцыя створана майстрыхамі, мясцовымі жыхарамі, сябрамі музею, гасцямі.
Крыніцы
- ↑ Традыцыя роспісу велікодных яек
- ↑ Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 2 жніўня 2016 года № 607 «Аб наданні статусу і катэгорый гісторыка-культурнай каштоўнасці, пазбаўленні статусу гісторыкакультурнай каштоўнасці і ўнясенні змяненняў і дапаўнення ў некаторыя пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь»
- ↑ На беларускім памежжы захавалі асаблівы роспіс велікодных яек
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Сапоцкінская пісанка
- Лакальная традыцыя роспісу велікодных яек у г. п. Сапоцкін на сайце «Жывая спадчына Беларусі: інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны»
- Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь
- На беларускім памежжы захавалі асаблівы роспіс велікодных яек