Альгалогія ў Беларусі

На Беларусі першыя даследаванні па альгалогіі пачалі праводзіцца ў 1920-я гады ў БДУ[1].

Вывучаліся некаторыя пытанні марфалогіі, экалогіі і сістэматыкі водарасцей (А. М. Зубковіч, С. Віславух, М. М. Гайдукоў). З 1930-х гадоў праблемы альгалогіі вывучалі ў БДУ і інстытутах АН БССР - эксперыментальнай батанікі, фотабіялогіі, геахіміі і геафізікі; у Цэнтральным НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, Беларускім нацыянальна-даследчым і праектна-канструктарскім інстытуце рыбнай гаспадаркі, ва Упраўленні па гідраметэаралогіі і кантролю прыроднага асяроддзя[1].

Вывучаны відавы склад, біямаса і колькаснае развіццё фітапланктону ў штучных і прыродных вадаёмах, вадатоках і сажалках рыбгасаў (В. Д. Акімава, Н. І. Срэценская, В. К. Гаравец, Т. А. Сакалова, Э. Л. Чарнякова, Т. М. Міхеева, Л. В. Прасянік), альгафлора асобных тыпаў глеб (Э. М. Вауліна), асаблівасці фотасінтэзу асобных водарасцей і культывавання некаторых з іх (Я. П. Ляхновіч), фарміраванне першаснай прадукцыі фітапланктону ў вадаёмах, у т. л. забруджаных (Т. М. Міхеева, Л. В. Прасянік)[1].

У мэтах стратыграфіі і палеаграфіі даследуюцца выкапнёвыя дыятомавыя водарасці (Г. І. Гарэцкі, Г. К. Хурсевіч, Л. П. Логінава). Апісаны многія віды водарасцей, упершыню знойдзеныя на тэрыторыі СССР у вадаёмах БССР (Н. І. Срэценская, Т. М. Міхеева, Г. К. Хурсевіч), у тым ліку некалькі новых для навукі[1].

Зноскі

  1. а б в г Міхеева Т. М. Альгалогія // // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 1. Ааліты — Гасцінец / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — 575 с., іл. — 10 000 экз.. — С. 77

Гл. таксама правіць

Літаратура правіць