Аналы каралеўства франкаў

Аналы каралеўства франкаў (лац.: Annales regni Francorum; ARF) — аналы, якія апісваюць гісторыю Франкскай дзяржавы з 741 па 829 гады, асноўная крыніца па ўсім перыядзе кіравання Карла I Вялікага і першай палове кіравання Людовіка I Набожнага.

Раней «Аналы каралеўства франкаў» у гістарычнай навуцы насілі назву «Вялікія Лоршскія аналы» (па Лоршскаму манастыру, меркаванаму месцу стварэння) або «Аналы Эйнхарда» (па імі Эйнхарда, іх меркаванага аўтара), аднак, пасля таго як абедзве гіпотэзы былі аспрэчаны, за аналамі захавалася толькі гэта назва. Аналы былі створаны пры двары каралёў Франкскай дзяржавы, з мэтай іх узвялічвання і апраўдання іх экспансіянісцкай палітыкі ў стаўленні да суседзяў.

«Аналы каралеўства франкаў» ствараліся некалькімі храністамі і некалькі разоў рэдагаваліся. Першая частка аналаў была складзена ў 789 годзе невядомым аўтарам і апісвала падзеі 741788 гадоў. Яна заснавана на сачыненні «Прадаўжальнікаў Фрэдэгара» і аналах, якія не дайшлі да нас. Затым гэты ж аўтар пачаў весці пагадавыя запісы, працягнуўшы аналы да 793 года. Пасля яго працу над аналамі вялі яшчэ тры аналісты: адзін апісаў падзеі за 795807 гады, другі — за 808820 гады, трэці (ім быў абат манастыра Сен-Дэні Хільдуін) апісаў падзеі з 821 па 829 гады. Гэта так званая «Першая рэдакцыя „Аналаў каралеўства франкаў“». Яна напісана на грубай латыні з уключэннем варварызмаў. Імкнучыся ўзвялічыць караля Карла Вялікага, першы храніст апусціў цэлы шэраг падзей, якія маглі пашкодзіць гэтай мэце: ён не згадаў пра паражэнне франкаў у Рансевальскай цясніне ў 778 годзе і паўстанне Піпіна Гарбатага ў 792 годзе, а паражэнне ад саксаў у бітве пры Зюнтэлі ў 782 годзе абвясціў перамогай франкаў.

Каля 812 года яшчэ адзін невядомы храніст (мяркуецца, што ім мог быць Эйнхард), які меў адну з копій першапачатковага тэксту аналаў, адрэдагаваў іх частку, якая ахоплівала 741801 гады (гэта так званая «Другая рэдакцыя „Аналаў каралеўства франкаў“»), выправіўшы тэкст на больш літаратурны і ліквідаваўшы ўсе змоўчанні папярэдніх аўтараў аналаў.

Такім чынам, «Аналы каралеўства франкаў» ператварыліся ў даволі поўнае апісанне гісторыі Франкскай дзяржавы за перыяд з сярэдзіны VIII па першую траціну IX стагоддзя. Гэтыя аналы захаваліся ў мностве рукапісаў, стаўшы асновай для пазнейшых аналаў, з якіх асноўныя — Сен-Берцінскія аналы для Заходне-Франкскага каралеўства і Фульдскія аналы для Усходне-Франкскага каралеўства.

Выданні

правіць

На лацінскай мове:

Літаратура

правіць