Андрэй (зяць Мсціслава Раманавіча)

князь, зяць вялікага князя Мсціслава Раманавіча

Андрэй (не пазней 1200-х — 1 чэрвеня 1223) — князь з роду Рурыкавічаў, але невядомага пэўна паходжання.

Андрэй
Нараджэнне не пазней за 1209
Смерць 1 чэрвеня 1223
каля ракі Калкі
Род Рурыкавічы
Жонка дачка вялікага князя кіеўскага Мсціслава Раманавіча
Дзейнасць арыстакрат

Згадваецца адзіны раз толькі пад імем, як зяць вялікага князя кіеўскага Мсціслава Раманавіча і ўдзельнік паходу да Калкі. Пасля бітвы разам з цесцем і дубровіцкім князем Аляксандрам тры дні трымаў абарону ва ўмацаваным лагеры, потым усе трое падманам захоплены манголамі і разам раздушаны дошкамі.

«Князь же Мьстиславъ Кыевьскыи… сталъ бѣ на горѣ над рѣкою надъ Калкомъ; … А у града того остаста два воеводѣ, Чьгырканъ и Тешюканъ, на Мьстислава и на зять его на Ондрѣа и на Олександра Дубровичскаго: бѣста бо два князя съ Мьстиславомъ. … а князеи яша, и издавиша их, подкладше под доскы, а самѣ верху сѣдоша обѣдати …».

Праз тое, што ні імя па бацьку, ні тытулу Андрэя крыніца не дае, навукоўцы некалькі стагоддзяў спрабуюць атоесніць яго з якімсьці болей вядомым князем Андрэем.

Часта прапануюць лічыць яго вяземскім князем Андрэем Доўгай Рукой[ru], напрыклад, так лічылі Пётр Далгарукаў, Станіслаў Думін і Пётр Грабельскі. Такую магчымасць, аднак, адмаўляў напрыклад Мікалай Баўмгратэн, а Андрэй Кузьмін наогул лічыць Андрэя Доўгую Руку ўяўнай асобай.

У некаторых гіпотэзах атаяснення нейкую ролю мае другая група з шасці князёў, загінулых ад манголаў пасля бітвы пры адступленні да Дняпра.

«А ииых князеи опричь того до Днѣпра гонящи, убиша 6 князеи: Святослава Яневьскаго, Изяслава Инъгворовица , Святослава Шюмьскаго, Мьстислава Черниговьскаго съ сыномъ, Гюря Несвѣжьскаго».

Князі ў гэтым спісе пададзены ў выпадковым парадку, таксама ў пазнейшых спісках летапісаў адбыліся скажэнні, так янеўскі князь Святаслаў стаў Святаполкам, князь Ізяслаў Інгваравіч — князем негаворскім Ізяславам. На такім грунце некаторыя даследчыкі будуюць свае гіпотэзы.

У прыватнасці, Лявонцій Вайтовіч выказаў думку, што князь Андрэй быў сынам князёў Івана або Святаполка з дынастыі тураўскіх князёў, але «хутчэй першага», то-бок Івана. Таксама Вайтовіч лічыць дубровіцкага князя Аляксандра стрыечным братам Андрэя і адначасова яшчэ адным зяцем вялікага князя Мсціслава. Далучае Вайтовіч да тураўскай княжацкай дынастыі і іншых загінулых у адступленні да Дняпра князёў — янеўскага Святаслава і нясвіжскага Юрыя, «негаворскага» «Яраслава». Тапонімы Янеў, Негавор і Нясвіж лакалізаваць не спрабуе, ці маглі яны належаць да абшараў Тураўскай зямлі. Аргументаў Вайтовіч не дае, у раздзелах пра гэтых князёў не робіць ніводнай спасылкі.

Таксама на думку Вайтовіча, згаданыя ў Любецкім сінодзіку «Юрый тураўскі» і «Сямён тураўскі Юр’евіч» — сын і ўнук князя Андрэя. Аднак, напрыклад, на думку Рафаіла Зотава гэта памылка і замест «тураўскі» мусіла быць «тарускі».

Заўвагі правіць

Літаратура правіць

  • Кузьмин А. В. Князья можайские и судьба их владений в XIII—XIV в. Из истории Смоленской земли // Древняя Русь. Вопросы медиевистики. — М., 2004. Вып. 4. — С. 107—122.
  • Думин С. В., Гребельский П. Х. Дворянские роды Российской империи. СПб., 1993. — Т. 1: Князья. — С. 102—103.
  • Семанин А. Ю. «Аз есмь Андрей, един от Смоленских князей…»: к вопросу о личности святого благоверного князя Андрея Смоленского // Слово и образ. 2019. № 1 (1). — С. 97-109.
  • Зотов Р. В. О черниговских князьях по Любецкому синодику и о Черниговском княжестве в татарское время. — СПб: Тип. братьев Пантелеевых, 1892. — 379 с.
  • Леонтій Войтович. Князівські династії Східної Європи (кінець IX — початок XVI ст.): склад, суспільна і політична роль. Історико-генеалогічне дослідження. — Львів: Інститут українознавства ім. І. Крип’якевича, 2000. — 649 с. — ISBN 966-02-1683-1

Спасылкі правіць