Арсеній (епіскап полацкі)

епіскап полацкі
(Пасля перасылкі з Анцута Гарабурда)

Арсеній Шышка, свецкае імя Анцута Багданавіч Гарабурда (? — 1576) — епіскап полацкі (1562—1563).

Арсеній
архіепіскап полацкі[d]
1562 — 1563
Папярэднік Рыгор Маркавіч Валовіч[d]
Дзейнасць святар
Нараджэнне невядома
Смерць 1576
Дынастыя Гарабурды
Бацька Багдан Рыгоравіч Гарабурда[d]
Дзеці Пётр Анцуціч Гарабурда[d] і Васіль Гарабурда

Біяграфія правіць

Звесткі пра епіскапа Арсенія скупыя і супярэчлівыя. У намінацыйным прывілеі 1562 года ад вялікага князя Жыгімонта Аўгуста ён названы «інакам Арсеніем Шышкам»[1]. Шышка было распаўсюджаным прозвішчам сярод полацкіх мяшчан і шляхты таго часу, але магло быць і мянушкай. Паводле гісторыка-езуіта ХVІІІ ст. Каспара Нясецкага, з 1562 года полацкім епіскапам быў Анцута Гарабурда, які пасля ўзяцця Полацка (1563) маскоўскімі войскамі разам са сваякамі трапіў у палон[2]. З іншых крыніц вядома, што і епіскап Арсеній, і некалькі Гарабурдаў былі палонены. Мусіць, улічваючы звесткі Нясецкага, дарэвалюцыйныя расійскія даведачныя выданні называюць полацкага епіскапа Арсеніем Гарабурдам.

Вядома, Арсеній было інацкім імем, якое тым часам звычайна абіралі на літару адпаведную першай з імя свецкага, т. б. Анцута. Пастрыгся Анцута ў сталым узросце, бо на той час меў прынамсі двух дарослых сыноў — Пятра і Васіля. Станам на 1562 год Арсеній быў манахам Полацкага Іаана-Прадцечанскага манастыра і, імаверна, яго настаяцелем. Магчыма, Арсеній быў фундатарам або апекуном Полацкай ананімнай друкарні, дзе сярод іншых мог працаваць яго сын Васіль[3]. У 1562 годзе, з прадстаўлення полацкіх баяр і мяшчан, 22 кастрычніка быў намінаваны Жыгімонтам Аўгустам у епіскапы полацкія.

Пасля ўзяцця Полацка маскоўскімі войскамі, 15 лютага 1563 года, Арсеній разам са сваякамі і іншымі палачанамі трапіў у палон і адпраўлены ў Маскву. Пазней сасланы і зняволены ў Спаса-Каменным манастыры на Кубенскім возеры, дзе і памёр. Магчыма, у гэтым праявіўся макабрычны гумар цара Івана IV — Полацкі Іаана-Прадцечанскі манастыр таксама быў астраўны[3].

Зноскі

  1. Жалованная грамота…
  2. Niesiecki K. Herbarz polski… T. 4., S. 341.
  3. а б Дзюбан Р. Друкарів захоплено… С. 41-42.

Літаратура правіць

  • Niesiecki K. Herbarz polski Kaspra Niesieckiego S. J. powiększony dodatkami z poźniejszych autorów, rękopisów, dowodów urzędowych i wydany przez Jana Nep. Bobrowicza // Kasper Niesiecki. — Lipsk, 1839. — T. 4. — 518 s.
  • Жалованная грамота полоцкого Предтеченского монастыря иноку Арсению Шишке на Полоцкую и Витебскую архіепископию 22 октября 1562 г. // Вђстникъ Западной Россіи: Май; Годъ третій. — Вильна, 1865. — Т. 3. — С. 28-29.
  • Дзюбан Р. Друкарів захоплено в Полоцьку (до початків білоруського, українського та московського друкарства). Робоча гіпотеза. — Львів, 2013. — 64 с. : іл. — ISBN 978-966-397-180-3