Адкрыць галоўнае меню

Аршанская арганізацыя эсэраў

Аршанская арганізацыя эсэраў. Асобныя гурткі партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў у Оршы ўзніклі ў 19041905 гг. У іх уваходзілі сяляне, рабочыя, прадстаўнікі сярэдніх пластоў насельніцтва. У 1906 г. гурткі аб’ядналіся ў групу, якую ўзначальваў камітэт, што складаўся з прадстаўнікоў гурткоў. Група з’яўлялася філіяй Магілёўскай арганізацыі эсэраў. Будучы нешматлікай (у гуртках налічвалася каля 20 — 30 чал.), у рэвалюцыю 1905 — 1907 гг. яна дзейнічала сумесна з Аршанскай арганізацыяй РСДРП і Аршанскім сацыял-дэмакратычным камітэтам Бунда, удзельнічала ў правядзенні Аршанскіх выступленняў працоўных 1905, Аршанскай павятовай канферэнцыі сялян 1906, выпуску лістовак. Сярод 22 дружыннікаў, якія загінулі ў час яўрэйскага пагрому ў Оршы ў кастрычніку 1905 г., былі і члены мясцовай арганізацыі эсэраў. Пра больш познюю дзейнасць арганізацыі звесткі невядомы. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. летам і восенню арганізацыя актывізавала работу, падтрымлівала інтэнсіўную сувязь з ЦК партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Восенню 1917 г. у Аршанскай арганізацыі эсэраў сфарміравалася левае крыло, якое па найважнейшых пытаннях рэвалюцыі ішло за бальшавікамі. Аршанскі бальшавік І. Р. Дзмітрыеў пісаў, што іх уплывам былі ахорлены эсэраўскія гурткі Оршы і павета. Эсэры мелі значны ўплыў у Аршанскім Савеце рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў, асабліва ў перыяд яго фарміравання, калі эсэр Памяранцаў быў выбраны старшынёй выканкома першага аб’яднанага Савета рабочых, салдацкіх і афіцэрскіх дэпутатаў (красавік 1917 г.). Пра палітычны рэйтынг эсэраў сведчыць і той факт, што з двух дэлегатаў ад Оршы на II Усерасійскі з’езд Саветаў у кастрычніку (лістападзе) 1917 г. побач з бальшавіком выбраны левы эсэр А. П. Карэлін. У сувязі з тым, што правыя эсэры разам з меншавікамі і бундаўцамі не прынялі Кастрычніцкі пераварот, бальшавікі ў лістападзе 1917 г. правялі перавыбары Савета, які ўзначаліў левы эсэр Эдэлькінд. Але палітычны блок левых эсэраў Оршы з бальшавікамі пасля перамогі бальшавіцкай рэвалюцыі быў недаўгавечны.

Левыя эсэры адмоўна аднесліся да заключэння Брэсцкага міру 1918 г. і стварэння ў вёсках камбедаў. Выканком Аршанскага Савета, большасць у якім складалі левыя эсэры, не асудзіў леваэсэраўскі мяцеж (67 ліпеня 1918 г.) у Маскве. Выключаныя са складу выканкома Савета левыя эсэры на чале з М. В. Буевічам падрыхтавалі антысавецкі Аршанскі леваэсэраўскі мяцеж, які быў прызначаны на 6 жніўня 1918 г. Але часці Чырвонай Арміі, што прыбылі ў Оршу з Віцебска і Смаленска, ліквідавалі яго. Звесткі пра дзейнасць аршанскіх эсэраў пасля грамадзянскай вайны адсутнічаюць.

ЛітаратураПравіць

  • Красная книга ВЧК. Т. 1. – 2-е изд. – М., 1990.
  • Спиридович, А. И. Революционное движение в России. Вып. 2. Партия социалистов-революционеров и её предшественники. – Пг., 1916.
  • Фельштинский, Ю. Г. Большевики и левые эсеры, октябрь 1917 – июль 1918: На ути к однопартийной диктатуре. – Париж, 1985.