Афіцыйна-дзелавы стыль

Афіцы́йна-дзелавы́ стыль (таксама афіцы́йна-справавы́ стыль[1]) — адзін з функцыянальных стыляў літаратурнай мовы, які абслугоўвае сферу афіцыйна-дзелавых пісьмовых зносін. Вылучаюцца тры падстылі: канцылярска-дзелавы, дыпламатычны і юрыдычны, на аснове якіх ствараюцца заканадаўчыя акты, дакументы міжнароднага права і дыпламатыі, пастановы, загады, інструкцыі, статуты, вядзецца службовая перапіска і інш.

Асноўныя рысы стылю: жанравая, кампазіцыйная і моўная стандартызаванасць; лагічнасць, акрэсленасць і дакладнасць; разгорнутасць зместу і багацце сродкаў перадачы інфармацыі; ускладненасць сінтаксісу, пашыранасць залежных канструкцый, рубрыкацый і пераліку; высокая частотнасць аддзеяслоўных назоўнікаў, вытворных прыназоўнікаў і злучнікаў; насычанасць спецыяльнай і абстрактнай лексікай і фразеалогіяй; адсутнасць суб'ектыўнай эмацыянальна-экспрэсіўнай афарбоўкі і вобразнага (пераноснага) ужывання слоў.

Апісанне

правіць

У афіцыйных дакументах выклад ідзе ў стылі прадпісання, канстатацыі, сцверджання. Прадпісальны характар дакументаў выяўляецца ў сістэме моўных сродкаў[1].

Шырока ўжываюцца дзеясловы ў неазначальнай форме: Павысіць эфектыўнасць мер па ахове прыроды. Шырэй укараняць малаадходныя і безадходныя тэхналагічныя працэсы. Развіваць камбінаваныя вытворчасці...[1]

Часта пры інфінітыве ўжываюцца словы неабходна, трэба, абавязаны, забараняецца мець права і інш.: Грамадзяне маюць права свабодна знаходзіцца ў лясах, збіраць дзікарослыя плады, арэхі, грыбы, ягады, і да т. п.[1]

Прадпісальнае значэнне заканадаўчых тэкстаў часта перадаецца дзеясловамі цяперашняга часу: Участковая выбарчая камісія: 1) складае спісы выбаршчыкаў па ўчастку; 2) праводзіць азнаямленне выбаршчыкаў са спісам выбаршчыкаў, прымае і разглядае заявы аб няправільнасцях і спісе...[1]

У бальшыні дакументаў прававыя нормы, прадпісанні падаюцца не як выказаныя канкрэтным размоўцам, аўтарам, а ідуць ад асобы абагульненай, ад імя дзяржавы. Гэта значыць, афіцыйна-дзелавому стылю ўласцівы неасабовы характар выказвання[1].

Дакладнасць заканадаўчага тэксту, якая не дапускае іншага вытлумачэння, забяспечваецца ўжываннем спецыяльных тэрмінаў (заяўнік, адказчык, кватэранаймальнік, абвінавачаны, пратакол, даведка, парадак дня, пастанова, рэзалюцыя), а таксама адназначных і нявобразных нетэрміналагічных слоў[2].

Афіцыйна-дзелавы стыль адметны вялікай колькасцю стандартных сродкаў — канцылярскіх штампаў. Штампы — гэта ўстойлівыя звароты, якія паўтараюцца пры апісанні аднолькавых сітуацый, абазначэнні пашыраных паняццяў: дагаворныя бакі, даводжу да ведама, прыцягнуць да адказнасці, перадаць у адпаведныя інстанцыі, узяць на кантроль, за справаздачны перыяд і інш[2].

Зноскі

  1. а б в г д е Каўрус А. 1994, с. 61.
  2. а б Каўрус А. 1994, с. 62.

Літаратура

правіць
  • Каўрус А. Афіцыйна-дзелавы (Афіцыйна-справавы) стыль // Беларуская мова: Энцыклапедыя / Пад рэд. А. Я. Міхневіча; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.). — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 1994. — С. 61—62. — 665 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-126-9.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн., 1996. — 480 с.: іл. ISBN 985-11-0061-7 (т. 2), ISBN 985-11-0035-8