Балотнік (міфалогія)

Балотнік — у беларускай міфалогіі дух, адзін з чатырох відаў балотных нячысцікаў.

Апісанне правіць

Тоўсты, без вачэй, увесь пакрыты брудам, да якога наліпла багавінне, жукі, смаўжы, мох і іншыя вадзяныя істоты. Самы пачварны з усіх нячысцікаў. Прыгожымі гукамі і вобразамі ён заманьвае чалавека ў сваю дрыгву, а калі той пачынае тануць, балотнік цягне яго ўніз. Раз’яднаная паверхня багны сыходзіцца зноў, не пакідаючы слядоў смерці ахвяры. Калі багна недастаткова глыбокая, каб затапіць чалавека, балотніку застаецца толькі мучыцца бяссільнай злосцю. У адрозненне ад большасці нячысцікаў, не баіцца маланак Перуна. Тыя губляюць сілу, дасягаючы паверхні вады. Балотнік нават з сатанінскай усмешкай падхоплівае нябесныя стрэлы.

Самая вялікая пагроза для балотніка — асушэнне балотаў. Часта няздольны выбрацца з высахлага жытла, ён гіне. Труп балотніка змешваецца з зямлёй і ператвараецца ва ўгнаенне. Робіцца адным нячысцікам меней, бо ўсе яны — самотныя, халасцякі. Больш за ўсё балотнік не любіць, калі людзі трывожаць яго, ходзячы па дрыгве на спецыяльных балотных лыжах. Зімою, калі балота прамярзае да самага дна, балотнік гіне. Таму ён растоплівае ніжні пласт льда сваім цёплым подыхам. Усю зіму яму даводзіцца са злосцю цярпець грукат людскіх ног і вазоў, якія рухаюцца па паверхні яго балота.

Сярод кветак і ягад патаемна вырошчвае багун, каб затуманіць розум чалавека, і прарывае балотныя акенцы, якія атачае кветкамі, да якіх падганяе рыбу. Гэта пасткі, якія знішчылі не адно жыццё. Як і астатнія балотныя нячысцікі, не звязваецца з вадзяніком.

Згадваецца ў М. Я. Нікіфароўскага.

Гл. таксама правіць

Спасылкі правіць