Вадзянік
Вадзянік, вадзяны дзед і інш. — у старадаўніх павер’ях многіх народаў дух-увасабленне стыхіі вады; уладар пэўнага вадаёма і жывых істот у іх. У беларускім міфалагічным светаглядзе — адзін з духаў падводнага гаспадарства.
Вадзяніка звычайна ўяўлялі глыбокага старога. Па знешнім выглядзе Вадзянік — сярэдняга росту, з доўгай зялёнай лапацістай барадою, з такімі ж доўгімі валасамі на галаве ў форме кліна, з гладкай бліскучай скурай, расплывістым тварам, азызлым пузам і непрапарцыянальна доўгімі нагамі, на якіх між пальцаў перапонкі. Акрамя таго і ўсё цела Вадзяніка пакрыта доўгімі валасамі, якія, пры бліжэйшым разглядзе, аказваюцца ці тонкімі струменьчыкамі вады, ці нечым накшталт водарасцяў, што прыліплі да яго скуры.
У Максіма Багдановіча намаляваны каларытны воблік Вадзяніка:
Сівавусы, згорблены, я залёг між цінай |
Лічылі, што вадзянік жыве ў вірах рэк, асабліва каля млыноў (такі зваўся «вірнік»), на дне азёр, крыніц, глыбокіх калодзежаў («ціхоня»). Вадзянікоў параўнальна няшмат — па адным на кожны вадаём. Яны не могуць перасоўвацца цераз сушу, здараецца, што два вадзянікі — рачны і калодзежны, што жывуць побач ведаюць адзін аднаго толькі па голасе, ніколі не бачацца.
Застаўшыся на сушы столькі часу, колькі трэба, каб сцякла вада з цела і прасохла ціна і водарасці, Вадзянік хутка пачынае губляць абрысы, не можа вярнуцца ў ваду і гіне. Тонкі пласт засохлай ціны і водарасцяў, абцягнуты ледзь прыкметнаю плеўкаю, — вось мізэрныя рэшткі загінуўшага Вадзяніка. Але калі такі пласт, нікім не крануты, будзе падхоплены вадою ці ўкінуты ў ваду чалавекам, Вадзянік аджывае і ў апошнім выпадку застаецца ўдзячным за выратаванне, што зможа даказаць, калі яго выратавальнік пачне тапіцца. Вадзянік не толькі не прыме яго як ахвяру, але нават выштурхне на неглыбокае месца, пасуне бервяно, куст і інш. Ды і пазней Вадзянік будзе выказваць падзяку — напрыклад, заганяючы рыбу ў сетку свайго выратавальніка.
Вадзяніку прыпісвалі рух і памутненне вады, пару над ёй, разлівы рэк, псаванне рыбалоўных прылад, разбурэнне плацін, млыноў, гібель жывёл і людзей у вадзе. У ноч на Купалле вадзянікі выплываюць з глыбінь і накіроўваюцца да млыноў, дурэючы там, круцяць колы, адкрываюць шлюзы. Перамолатая ў гэтую ноч мука мае незвычайныя ўласцівасці: хлеб з яе, асвечаны ў царкве, на працягу года захоўвае такую сілу, што той, хто з’есць яго, не можа патануць.
Душы самагубцы, якая робіцца Русалкаю, трапляе пад суровую ўладу Вадзяніка, з якім вымушана бывае трываць ненавісную сувязь. У выніку на свет з’яўляюцца шматлікія нячысцікі, якія затым шукаюць сувязей з жывымі жанчынамі.
Вадзянікі не могуць вытрымаць уласцівасцей чужой вады. Людзі карысталіся гэтым для вываду нячысцікаў, калі злучалі каналам два вадаёмы, адначасова знішчаючы абодвух вадзянікоў. 3 гэтага вынікае, што дадзены дух можна разглядаць як персаніфікацыю пэўнага хімізму вады.
Літаратура
правіць- Ляцкий Е. А. Представления белоруса о нечистой силе // Этнографическое обозрение. — 1890. — № 4. — С.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).
- Міфалогія Старажытнай Беларусі / А. А. Шамак. — Мн. : Сэр-Віт, 2004. — 240 с. : іл. ISBN 985-419-257-1 С.60—65.
- Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік / С. Санько, Т. Валодзіна, У. Васілевіч і інш. — Мн.: Беларусь, 2004. — 592 с.: іл. — 3 000 экз. — ISBN 985-01-0473-2. С.59.
- Піліпенка, М. Ф. Вадзянік / М. Ф. Піліпенка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 537 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. — С. 179.
- Токарев, С. А. РЕлигиозные верования восточнославянских народов XIX—XX в. — М.—Л., 1957.
- Шамякіна Т. I. Міфалогія і беларуская літаратура: нарысы і эсэ / Таццяна Шамякіна; пасляслоўе I. Чароты. — Мн.: Маст. літ., 2008. — 391 с. (Бібліятэка школьніка). ISBN 978-985-02-0925-2.