Барысаўскі Савет рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў

Барысаўскі Савет рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў. Узнік у Барысаве ў маі 1917 года ў выніку аб’яднання ў адзіную арганізацыю некалькіх Саветаў, прадстаўнікоў сялянства.

Гісторыя

правіць

У сакавіку 1917 года ў мясцовым гарнізоне былі створаны 2 Саветы салдацкіх дэпутатаў (старшыня — салдат Вішнякоў), афіцэрскіх і класных чыноў (старшыня — палкоўнік Георгіеў). Да мая 1917 года яны дзейнічалі асобна, але праводзілі сумесныя пасяджэнні. Вырашалі пытанні салдацкага жыцця, канфлікты, падтрымлівалі дысцыпліну ў часцях. Саветы садзейнічалі ўтварэнню салдацкіх камітэтаў, клубаў, змагаліся з дэзерцірствам і інш. Дзейнасць Саветаў часткова рэгламентавалася начальнікам гарнізона. Да сярэдзіны сакавіка 1917 года створаны Савет рабочых дэпутатаў (старшыня — меншавік Гольдберг), які ўдзельнічаў у арганізацыі прафсаюзаў, фабзаўкомаў, вырашэнні канфліктаў паміж рабочымі і прадпрымальнікамі. 18 красавіка 1917 года паводле пастановы Савета, зацверджанай мясцовымі оганамі Часовага ўрада, на прадпрыемствах уводзіўся 8-гадзінны рабочы дзень.

Пасля аб’яднання Саветаў кіруючым органам стаў аб’яднаны камітэт Саветаў салдацкіх, рабочых, афіцэрскіх і сялянскіх дэпутатаў г. Барысава і павета. Старшыня — Георгіеў, пазней — Гольдберг, Мешчаракоў. Восенню 1917 года называўся Барысаўскі Савет рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў. Садзейнічаў дэмакратызацыі органаў самакіравання, стварэнню сялянскіх арганізацый. Падтрымліваў Часовы ўрад, асудзіў ноту Мілюкова і ліпеньскія выступленні ў Петраградзе, карнілаўскі мяцеж. Прадстаўнікі Савета прымалі ўдзел у рабоце 1-га з’езда ваенных і рабочых дэпутатаў арміі і тылу Заходняга фронту, з’езда Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняй вобласці, 1-га Усерасійскага з’езда рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Эсэр Кавалёў быў дэлегатам 2-га Усерасійскага з’езда Саветаў. Дамінуючы ўплыў у Савеце (амаль да лістапада 1917 года) мелі меншавікі, бундаўцы, эсэры, аднак восенню ўзмацнілася фракцыйнае размежаванне. Да перавыбараў у лістападзе 1917 года па асноўных пытаннях рэвалюцыі Савет арыентаваўся на пазіцыю эсэра-меншавіцкага выканкома Заходняга фронту, асудзіў узброеннае паўстанне ў Петраградзе. У выніку праведзеных у першай палове лістапада 1917 года перавыбараў у Савеце 60 дэпутатаў, у т.л. салдацкая секцыя — 12 чал., рабочая — 18, сялянская — 22, батрацкая — 8. На пасяджэнні Савета 13(26) лістапада 1917 года з прадстаўнікамі сялян павета абвешчана ўстанаўленне савецкай улады. Выбраны выканком з 21 чал., у кіраўніцтве — бальшавікі: старшыня — паручнік М. С. Бурмістраў, намеснік — С. Дз. Хадасевіч, камісар — С. Ф. Нялюбаў. Выканком размяшчаўся ў Нова-Барысаве, а ў Старым Барысаве захоўваўся ўплыў меншавікоў і бундаўцаў. З лістапада салдацкая секцыя Савета выдавала газету «Солдат». Павятовы з’езд Саветаў сялянскіх дэпутатаў выбраў сваіх прадстаўнікоў у аб’яднаны Савет салдацкіх, рабочых, сялянскіх і батрацкіх дэпутатаў. Выканаўчая і распарадчая ўлада была ў выканкома і павятовага камісара, якія дзейнічалі пад кіраўніцтвам мясцовага камітэта РСДРП(б). Асноўную ўвагу Савет сканцэнтраваў на ўвядзенні кантролю над вытворчасцю і дзейнасцю ўстаноў, арганізацыі новай сістэмы ўлады на вёсцы і інш. Аднак на пачатак лютага 1918 года яму не ўдалося цалкам кантраляваць развіццё падзей у павеце.

У час нямецкай акупацыі частка дэпутатаў перайшла на падпольную работу, займалася арганізацыяй партызанскага руху. У лістападзе 1918 года ў горадзе сфарміравалася ядро Савета, але яно дзейнічала як грамадская арганізацыя. У снежні 1918 года адбыўся павятовы з’езд Саветаў (221 дэлегат), на якім 2/3 складалі бальшавікі. Прэзідыум выканкома выбраны ў першай палове студзеня 1919 года, Аднак Савет не меў усёй паўнаты ўлады. Толькі з утварэннем валасных і сельскіх Саветаў у лютым — сакавіку 1919 г. ён актывізаваў дзейнасць па правядзенні аграрнай рэформы, устанаўленні кантролю за вытворчасцю. забеспячэнні насельніцтва прадуктамі харчавання, палівам, рэарганізацыі сістэмы народнай адукацыі і інш. У 1919 годзе выдаваў газету «Известия Борисовского Совета». Летам 1919 года ў сувязі з наступленнем польскіх войск улада перайшла да рэўкома. У снежні 1920 года на з’ездзе Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў Барысаўскага павета заслухана і зацверджана справаздача рэўкома, выбраны выканком Савета (20 чал.) і дэлегат на 2-і Усебеларускі з’езд Саветаў. Друкаваны орган — газета «Бедняк».

5 студзеня 1921 года сфармаваны аддзелы, прызначаны загадчыкі, зацверджаны прэзідыум выканкома (старшыня — А. І. Хацкевіч). У пачатку 1921 года ў павеце дзейнічалі гарадскі, 25 валасных, 383 сельскія Саветы, а таксама Вітуніцкі валасны рэўком на мяжы з Польшчай. Некаторыя Саветы праводзілі лінію, якая не адпавядала курсу РКП(б), у сувязі з гэтым у чэрвені 1921 года адбыліся перавыбары гарадскога Савета і валасных выканкомаў. У ліпені скліканы павятовы з’езд Саветаў, выбраны новы склад выканкома, сфармаваны прэзідыум (старшыня — Хацкевіч).

Літаратура

правіць
  • Башко, П. К. Барысаўскі Савет рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў / П. К. Башко // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 1. А — Беліца / БелЭн; Рэдкал.: М. В. Біч (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — 494 с., [8] к.: іл. — С. 324. — ISBN 5-85700-074-2.