Адкрыць галоўнае меню

Беларуская тэрміналогія — тэрміналогія ў беларускай мове.

Развіццё беларускай тэрміналогіі пачалося ў 1920-я, калі ў Інбелкульце былі падрыхтаваныя 24 выпускі навуковай тэрміналогіі. У далейшым праца над беларуская тэрміналогіяй працягвалася і працягваецца ў Інстытуце мовазнаўства і ў Тэрміналагічных камісіях БелСЭ, АН БССР/Беларусі, з 1990-х таксама ў ТБМ і шэрагу ініцыятыўных груп і часовых творчых калектываў.

Метадалогія тэрмінатворчасціПравіць

У тэрмінатворчасці выдзяляюцца, з аднаго боку, працэс натуральнага складвання тэрміналагічнай лексікі і ўласна тэрміналагічная работа па ўпарадкаванні тэрміналогіі, з іншага боку, сферы функцыянавання тэрміналагічнай лексікі (у разнастайных навуковых тэкстах) і сферу фіксацыі спецыяльнай лексікі (у тэрміналагічных слоўніках розных тыпаў). Тэрмінатворчая дзейнасць пры гэтым умоўна падзяляецца на 4 этапы.

Першы этап тэрмінатворчай дзейнасці ў кожнай галіне ведаў звязаны са сферай функцыянавання (навуковыя тэксты) і працэсам натуральнага складвання тэрміналагічнай лексікі, у якім галоўную ролю адыгрываюць спецыялісты кожнай канкрэтнай галіны ведаў.

Распачаты на першым этапе працэс натуральнага складвання тэрміналагічнай лексікі на другім этапе такой дзейнасці пераходзіць у сферу фіксацыі. Інакш кажучы, на другім этапе ўзнікае неабходнасць растлумачыць створаныя тэрміны, падагульніць назапашаныя тэрміналагічныя багацці шляхам складання ўсялякіх паказальнікаў, індэксаў, невялікіх тлумачальных слоўнікаў выкарыстаных тэрмінаў у выглядзе дадаткаў да навуковых манаграфій, дысертацый, падручнікаў і іншых спецыяльных прац.

Першыя два этапы тэрмінатворчай дзейнасці характарызуюцца шэрагам агульных момантаў:

  • працэс натуральнага складвання тэрміналагічнай лексікі;
  • прыярытэтная роля спецыялістаў розных галін ведаў у фарміраванні «сваёй» тэрміналогіі;
  • дэскрыптыўны падыход да апісання тэрміналагічнай лексікі, калі ў разрад тэрмінаў залічваецца любое слова, якое ўжываецца ў спецыяльных тэкстах.

Апошнія два этапы тэрмінатворчай дзейнасці характарызуюцца зусім іншымі агульнымі момантамі:

  • працэс упарадкавання тэрміналогіі
  • прыярытэтная роля лінгвістаў-тэрмінолагаў у справе сістэматызацыі і кадыфікацыі праз нарматыўныя слоўнікі спецыяльнай лексікі
  • нарматыўны падыход да апісання тэрміналогіі, калі ў разрад тэрмінаў залічваюцца толькі такія словы і словазлучэнні, якія адпавядаюць наперад вызначаным крытэрыям (адназначнасці, дакладнасці, адсутнасці сінонімаў, шырокай вядомасці сярод спецыялістаў дадзенай галіны ведаў, адсутнасці экспрэсіўных адценняў у значэннях і г. д.).

Так, трэці этап тэрмінатворчай дзейнасці перш за ўсё звязаны са сферай фіксацыі і працэсам упарадкавання тэрміналогіі. Інакш кажучы, калі ў межах той або іншай галіны ведаў назапашваецца дастаткова вялікая колькасць тэрмінаў, то раптам высвятляецца, што а) розныя спецыялісты дадзенай галіны ведаў нярэдка адзін і той жа тэрмін разумеюць і тлумачаць у сваіх «рабочых» тэрміналагічных слоўніках і паказальніках па-рознаму, б) моўнае афармленне новых тэрмінаў, створаных спецыялістамі дадзенай галіны ведаў, часта не адпавядае фанетычным, марфалагічным, словаўтваральным, лексіка-семантычным і іншым нормам беларускай мовы, У выніку гэтага ўзнікае відавочная неабходнасць лінгвістычнага ўпарадкавання створанай натуральным шляхам тэрміналогіі. Адбываецца гэтае ўпарадкаванне, як правіла, шляхам суцэльнай распіскі навуковых тэкстаў, складання адпаведных тэрміналагічных картатэк і стварэння на іх аснове галіновых тэрміналагічных слоўнікаў нарматыўнага характару. Галоўнымі суб'ектамі такога ўпарадкавання тэрміналагічнай лексікі звычайна з'яўляюцца лінгвісты-тэрмінолагі.

Апошнім, чацвёртым этапам лічыцца нарматыўнае выкарыстанне тэрміна ў сферы функцыянавання.

ЛітаратураПравіць

  •  Шчэрбін В. К. Асноўныя этапы тэрмінатворчай дзейнасці // Тэрміналагічны зборнік "89—"90 / АН Беларусі. Тэрмінал. каміс., Ін-т мовазнаўства імя Я. Коласа; Рэд. М. В. Бірыла, А. І. Жураўскі, Л. А. Антанюк. — Мн.: Навука і тэхніка, 1992. ISBN 5-343-00964-6.
  • Тэорыя і практыка беларускай тэрміналогіі / Арашонкава Г. У., Булыка А. М., Люшцік У. В., Падлужны А. І. ; Навук. рэд. А. І. Падлужны. — Мн.: Беларуская навука, 1999. ISBN 985-08-0317-7.