Бойтра

П’еса Мойшэ Кульбака

«Бойтра» ці «Разбойнік Бойтра» (ідыш: בויטרע גזלן) — п’еса Мойшэ Кульбака, якая ўпершыню была надрукавана ў 1936 годзе ў Менску ў часопісе «Штэрн»[1]. Драма «Бойтра» была створана ў 1936 годзе і тады ж была пастаўлена Дзяржаўным яўрэйскім драматычным тэатрам у Менску (рэжысёр — Саламон Міхоэлс), мела поспех, але неўзабаве была забаронена як твор «ворага народа», пасля не перавыдавалася і не перакладалася на іншыя мовы[1]. Толькі аднойчы, у 1966 годзе, да 70-годдзя з дня нараджэння пісьменніка, тады ўжо рэабілітаванага, часопіс «Саветыш геймланд» змясціў гэту п’есу на сваіх старонках[1].

Разбойнік Бойтра
בויטרע גזלן
Жанр паэма
Аўтар Мойшэ Кульбак
Мова арыгінала ідыш
Дата напісання 1936
Дата першай публікацыі 1936
Выдавецтва Штэрн, Менск
Месца публікацыі Мінск
Электронная версія
Мойшэ Кульбак

Паказаныя ў драме падзеі адбываліся ў мяжы аселасці ў часы кіравання расійскага імператара Мікалая І[1]. Мікалай I выдаў указ, якім праз валявое рашэнне ўвёў асаблівыя ўмовы рэкруцкіх набораў для яўрэяў[1]. Па гэтым указе ажыццяўленне рэкруцкіх набораў ускладалася на яўрэйскія абшчыны (кагалы)[1]. Пры гэтым хлопчыкаў можна было здаваць у салдаты з 12-гадовага ўзросту[1]. Кагалы часта здавалі ў салдаты сіротаў і паўсіротаў, дзяцей беднякоў, маўляў, і ў бядняцкіх сем’ях ратоў паменее, і сіроты будуць утрымлівацца за дзяржаўны кошт[1]. Урад стварыў спецыяльныя ваенныя каманды, якія ездзілі па мястэчках, адлоўлівалі яўрэйскіх хлопчыкаў і 12, і 10, і нават 8 год — усіх, хто трапіць пад руку — і здавалі іх у так званыя «кантаністы»[1]. Дзяцей накіроўвалі ў спецыяльныя батальёны кантаністаў, дзе іх прыводзілі да праваслаўя, некага і прымусова[1]. Мала хто з дзяцей, выявіўшы ўпартасць, заставаўся ў веры дзядоў. Нярэдкасцю сярод кантаністаў бывалі выпадкі самазабойства[1]. Афіцыйна вайсковая служба пачыналася з 20 год і доўжылася 25 гадоў[1]. Час знаходжання ў батальёнах кантаністаў да прызыўнога ўзросту ў тэрмін службы не залічваўся[1]. Адначасова аднавілася палітыка высялення яўрэяў з вёсак[1]. Яўрэі супраціўляліся, не хацелі пакідаць родныя мясціны[1]. Выгнаныя з вёсак яўрэі сем’ямі бадзяліся па лясах і палях, здабывалі хлеб надзённы выпадковымі заробкамі[1]. Здаралася, голад падштурхоўваў самых адчайных да разбою[1].

У драме Мойшэ Кульбака апавядаецца пра тое, як у памянёных вышэй умовах сын балагола Хаім, што застаўся сіратою, таленавіты, але бедны юнак, быў здадзены кагалам у салдаты[1]. Пры гэтым істотную ролю адыграла і тая акалічнасць, што ў хлапца закахалася дачка старосты кагалу, багатага і ўплывовага чалавека, які не хацеў аддаць яе за жабрака і меў намер па-свойму ўладкаваць жыццё роднага дзіцяці[1]. Хаіму ўдалося ўцячы з салдат, і ён зрабіўся высакародным атаманам разбойнікаў, яўрэйскім Робін Гудам[1]. Толькі ж апынуўшыся паміж жорнамі самадзяржаўнай улады і ўлады кагалу, герой-адзіночка не здолеў перамагчы[1]. І хоць урэшце яму ўдалося аб’яднацца з каханаю, але толькі дзеля таго, каб ім разам загінуць…[1]

Пераклад

правіць

Твор «Разбойнік Бойтра» пад назвай «Бойтра» быў перакладзены на беларускую мову паэтам і перакладчыкам Феліксам Баторыным у 2014 годзе і надрукаваны ў 72 выпуску часопіса Дзеяслоў[1].

Зноскі

Спасылкі

правіць
  • Бойтра, Пераклад Фелікса Баторына, апублікаваны ў 72 выпуску часопіса Дзеяслоў, с. 134—175.