Брагінскі замак — абарончае збудаванне XV—XVII ст. у Брагіне.

Размяшчаўся на дзядзінцы старажытнарускага часу, вядомага з 1147 года. З XVI ст. належаў князям Вішнявецкім, згаданы ў дзельчым лісце 1574 года братоў князёў Аляксандра і Міхаіла Вішнявецкіх.

Пляцоўка памерам 90х70 м, умацаваная валам вышынёй 5-6 м, шырынёй у аснове больш за 10 м. Паводле інвентара 1574 года, на вале былі сцены-гародні з усходамі на бланкаванне, абарончая вежа з боку р. Брагінкі, брама была зроблена ў адной з гародзен наверсе якой збудавана вялікая святліца. Злева ад уезду ў лініі гародняў стаяла драўляная царква Святой Тройцы «зо всим тым нарядом, розным церковным золотом и серебром и книгами». На двары былі падклецці, спіжарні, пограб і «светлицы в стене». Да брамы вёў мост на палях, апошняе звяно якога было «ўзводам», то-бок падымалася на замкавы бок.

У 1648 годзе жыхары Брагіна адчынілі браму казакам палкоўнікаў Антона Нябабы і Хвяська. За гэта горад быў разбураны карным атрадам Рэчы Паспалітай, а жыхары пакараны. Замак больш не аднаўляўся і ператварыўся ў гаспадарчы «двор» князёў Вішнявецкіх.

Літаратура правіць

  • Волкаў М. Брагінскі замак у кантэксце абарончага будаўніцтва на паўднёва-ўсходніх землях Беларусі ў XVI—XVII стст. // Днепровский паром: Материалы научно-исследовательского полевого семинара «Культурно-исторический потенциал Восточного Полесья и перспективы развития регионального туризма» (11-12 августа 2016 г., г. Брагин), Международных историко-краеведческих чтений «Днепровский паром» (8-9 августа 2017 г., г. Лоев). — Минск, 2017. — С. 8-12.
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі, Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2003. — 616 с.: іл. ISBN 985-11-0276-8 — С. 347.