Бунт лорда Гордана

Беспарадкі ў Лондане

Бунт лорда Гордана (Мяцеж лорда Гордана, англ.: Gordon Riots) — антыкаталіцкія масавыя беспарадкі ў Лондане 2—7 чэрвеня 1780 года, якія сталі самымі разбуральнымі ў Англіі у XVIII стагоддзі.

Бунт лорда Гордана. З карціны Джона Сімара Лукаса

Беспарадкі былі накіраваны супраць «Акта аб папістах» 1778 года, які пашыраў удзел каталікоў у грамадскім жыцці пры ўмове прынясення адмысловай прысягі (палітычнага характару), а таксама дазваляў каталікам служыць у арміі, набываць зямлю, утрымліваць школы, адмяняў праследаванне святароў.

Рашэнне аб змякчэнні становішча каталікоў было прынята ўрадам Фрыдэрыка Норта ў разгар Вайны за незалежнасць ЗША і мела адной з мэт павялічыць колькасць прызыўнікоў[1]. Мяцежнікі асцерагаліся, што прызыў каталікоў у армію падарве баяздольнасць Вялікабрытаніі (на баку змагароў за незалежнасць ЗША выступалі аб’яднаныя «сямейнай згодай» каталіцкія Францыя і Іспанія). За спіной мяцежнікаў стаяла ўплывовая групоўка будучага прэм’ер-міністра Англіі графа Шэлберна, якая імкнулася скінуць урад Норта [2]. Апаненты мяцежнікаў вінавацілі ў сувязях з Францыяй і спробе пад выглядам антыкаталіцкіх лозунгаў падняць бунт у тыле ваюючай краіны.

Некантралюемыя дэманстрацыі і беспарадкі лічыліся часткай паўсядзённай палітыкі ў Англіі XVIII стагоддзя. Для маргіналізаваных членаў грамадства адзіным спосабам палітычнага самавыяўлення з’яўляліся застрашвалыя сходы[3].

Беспарадкі атрымалі назву па імі лорда Джорджа Гордана, главы «Асацыяцыі пратэстантаў», якая настойвала на адмене «Акта аб папістах». Яны ўспыхнулі 2 чэрвеня 1780 года, калі асацыяцыя падала ў парламент Вялікабрытаніі петыцыю з патрабаваннем адмены акта; 40—60 тысяч чалавек, многія з іх з блакітнымі кукардамі (сімвалам асацыяцыі), рушылі да Вэстмінстэрскага палаца, выкрыкваючы антыкаталіцкія лозунгі. Па ходзе шэсця натоўп разрастаўся. На чале працэсіі ішоў Гордан, які быў прыняты парламентам і ўручыў петыцыю (адхіленую пераважнай большасцю галасоў), аднак натоўп, які застаўся каля брамы парламента выйшаў з-пад кантролю, і пачаліся масавыя беспарадкі.

Маніфестанты нападалі на членаў палаты лордаў, якія прыязджалі ў парламент, ламалі іх карэты, чынілі разбурэнні і рабаванні ў горадзе. На іншы дзень пачаліся антыкаталіцкія пагромы, грамілі ірландцаў, якія жылі ў раёне Мурфілд (там была шырокая незабудаваная плошча, дзе сабраліся мяцежнікі), а таксама сардзінскае і баварскае пасольствы. Ньюгейцкая турма была ўзята штурмам, спалена і часткова разбурана, зняволеныя разбегліся. На турме было напісана: «Яго вялікасць кароль Натоўп» (King Mob). Падпальваліся цэрквы і дамы каталіцкіх прапаведнікаў; у сваёй пракламацыі ад 5 чэрвеня кароль Георг III абяцаў узнагароду 500 фунтаў за выдачу падпальшчыкаў[4]. Сутыкненні працягваліся цэлы тыдзень. Было ўведзена ваеннае становішча[5].

Толькі 7 чэрвеня ўдалося разагнаць паўстанцаў пры дапамозе арміі. 285 чалавек былі забіты, некалькі сот паранены. Каля 20—30 чалавек былі пакараны смерцю пасля суда. Гордан быў арыштаваны і абвінавачаны ў дзяржаўнай здрадзе, але апраўданы. Пасля ён прыняў іўдаізм і памёр у лонданскай турме, куды трапіў за абразу французскай каралевы Марыі Антуанэты.

Адным з правадыроў бунту (па іншых даных — толькі сведкай) быў Іван Раманавіч Ранцоў (1755—1791), пазашлюбны сын рускага графа Варанцова, які жыў у Лондане два месяцы. Ён быў арыштаваны, абвінавачаны ў «падпальванні» і выправаджаны ў Расію.

Бунт лорда Гордана адлюстраваны ў гістарычным рамане Дзікенса «Барнебі Радж» (1840—1841).

Літаратура

правіць
  • Nicholson, John. The Great Liberty Riot of 1780 (Published by Bozo ISBN 0-904063-16-X, 1985)
  • Christopher Hibbert. King Mob: The Story of Lord George Gordon and the Riots of 1780. 1990

Зноскі

  1. Hibbert p.23-62
  2. А.Свистунов. Как спровоцировать революцию
  3. Dieter Groh, "Collective Behavior from the 17th to the 20th Century: Change of Phenomena, Change of Perception, or no Change at All? Some Preliminary Reflections, " in Changing Conceptions of Crowd, Mind and Behavior, eds. Carl F. Graumann and Serge Moscovici (New York: Springer-Verlag, 1985), 143—162, 148; Eric J. Hobsbawm, Primitive Rebels; Studies in Archaic Forms of Social Movement in the 19th and 20th Centuries (Manchester: Manchester University Press, 1971).
  4. Proclamation by the King. June 5, 1780 Архівавана 28 верасня 2011.
  5. Hibbert p.84-140

Спасылкі

правіць