Бітва (бой) пад Мацяёвіцамі — пераломны бой падчас паўстання Тадэвуша Касцюшкі. Скончылася паразай арміі паўстанцаў і захопам у палон параненага Касцюшкі.
На час бітвы ваенна-палітычная сітуацыя склалася не на карысць паўстання. У пач. чэрвеня 1794 аб’яднаныя расійска-прускія войскі (24 тыс.) у бітве пры Шчакацінах прымусілі армію (12 тыс.) Т. Касцюшкі адступіць. 15.6.1794 прускія войскі занялі Кракаў і сілы паўстанцаў вымушаныя былі адступіць да Варшавы. У сяр. ліпеня да Варшавы падышлі прускія войскі і расійскі корпус пад кам. ген. І. Ферзена, аднак дасведчанае кам. Т. Касцюшкі ў жніўні-верасні прымусілі праціўніка адыйсці ад горада. У той жа час актыўныя дзенні пачала Аўстрыя, што значна пагоршыла становішча паўстанцаў.
Пасля перамог А. В. Суворава пад Крупчыцамі і Бярэсцем, корпус Ферзена пачаў наступ на Варшаву з паўднёвага захаду. Т. Касцюшка са сваёй дывізіяй, папоўніўшы яе рэзервамі з-пад Варшавы, выйшаў насустрач. На падмацаванне мусіла падыйсці дывізія пад кам. ген. Панінскага, але да бітвы не паспела. 10.10.1794 каля 10 тыс. паўстанцаў пад кам. Т. Касцюшкам занялі пазіцыі каля Мацяёвіцаў, дзе раніцай іх атакаваў корпус ген. Денисава (10 тыс.). Бой ішоў да 13:00 і скончыўся на карысць расіянаў. Страты расіянаў — каля 1,3 тыс. забітымі і параненымі. Паўстанцы страцілі некалькі тысяч забітымі і яшчэ болей параненымі. Цяжка паранены (шабельны ўдар у галаву і некалькі ран уланскімі пікамі) быў і Т. Касцюшка, які трапіў у палон (застаўся жывы, бо быў апазнаны праціўнікам).
На наступны ж дзень (11.10) Т. Касцюшку, пад імем Шыманскага, праз Кіеў, Чарнігаў, Магілёў, Шклоў, Віцебск і Ноўгарад, адправілі ў Санкт-Пецярбург. Начальнікам узброеных сіл 12.10.1794 Найвышэйшая Рада прызначыла Тамаша Ваўжэцкага, які аднак не меў адпаведнага аўтарытэту і ваеннага досведу. Ужо 22.10 А. В. Сувораў злучыўшыся з Ферзенам і інш. часткамі і разбіўшы на шляху да Варшавы пры Кабылке (15.10) атрад (4 тыс.) паўстанцаў пад кам. Макраноўскага, пачаў аблогу варшаўскага прадмесця Прагі — апошняга аплоту паўстання.
- Соловьев С. М. История падения Польши. — Москва, 1863.
- Mała Encyklopedia Wojskowa. — Warszawa: Wydawnictwo Ministerstwa Obrony Narodowej, 1967.
- Сражение под Мацеевицами (из книги Andrzej Zahorski. Naczelnik w sukmanie)
- Od Racławic do Maciejowic. Arsenał Polski, KAW, Kraków.
- Paweł Ajdacki, Jacek Kałuszko, Wojciech Sobociński, Garwolin i okolice. Przewodnik turystyczny, Studio Fotografii Przyrodniczej «Hajstra», Warszawa 2004. ISBN 83-915832-3-6.
- Marian Kukiel, Maciejowice, Kraków 1929.
- Wojciech Mikuła, Maciejowice 1794, Wydawnictwo Bellona, Warszawa 1991. ISBN 978-83-11-07867-3.
- Рапорт А. В. Суворова П. А. Румянцеву, 3 октября 1794 г., № 433 (РГВИА. ф. ВУА, д. № 2731. ч. I. л. 188).
- Донесение Ф. П. Денисова А. В. Суворову, 30 сентября 1794 г. (РГВИА, ф. ВУА. д. № 2731, ч. I. лл. 180—182).
- Рапорт генерал-поручика И. Е. Ферзена А. В. Суворову, 12 октября 1794 г. о сражении при Мацеевицах.
- [1]
- [2]