Варатынь

аграгарадок у Бабруйскім раёне Беларусі, цэнтр Варатынскага сельсавета

Вараты́нь[1] (трансліт.: Varatyń, руск.: Воротынь) — аграгарадок у Бабруйскім раёне Магілёўскай вобласці. Цэнтр Варатынскага сельсавета.

Аграгарадок
Варатынь
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Насельніцтва
  • 558 чал. (2014)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 225
Паштовыя індэксы
213854
Аўтамабільны код
6
СААТА
7208816016
Варатынь на карце Беларусі ±
Варатынь (Беларусь)
Варатынь
Варатынь (Магілёўская вобласць)
Варатынь

Геаграфія правіць

Аграгарадок Варатынь знаходзіцца за 36 км на паўднёвы ўсход ад Бабруйска, за 146 км ад Магілёва, за 2 км ад прыпынку Амельня на чыгуначнай лініі Бабруйск-Жлобін. На захад ад аграгарадка працякае рака Ала, левы прыток Бярэзіны (басейн Дняпра). Ландшафт мясцовасці нізінны (азёрна-балотны) і хвалісты з шыракаліста-яловымі і хваёвымі лясамі. Тэрыторыя знаходзіцца ў межах Алаўскай раўніны ўсходняй Перадпалескай правінцыі. Клімат цёплы, умерана вільготны. Сярэдняя тэмпература студзеня −6,5 °C, ліпеня +18-18,5 °C. Прыпяцкі артэзіянскі басейн.

Былыя населеныя пункты на тэрыторыі Варатынскага сельсавета правіць

  • пасёлак Малая Кантора
  • пасёлак Дулеў
  • пасёлак Глухое Ляда
  • вёска Бяляцін
  • вёска Падляддзе
  • пасёлак Зорка
  • пасёлак Малы Восаў
  • пасёлак Чырвоная Ніва (хутар Максіма)
  • хутар Падхвойкі
  • хутар Майдан
  • хутар Гарэлае Тапіла
  • пасёлак Парасля

Інфраструктура правіць

Філіял «Варатынь» РУП «БЗТДіА»  правіць

Утвораны на базе СВК «Калгас імя Пушкіна». У снежні 2004 года на правах адасобленага структурнага падраздзялення далучыўся да унітарнага прадпрыемства «Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў». Зямельная плошча гаспадаркі складае 4627 га, у тым ліку 2662 га ворыва. Гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні зерневых і зернебабовых культур, вытворчасці і рэалізацыі жывёлагадоўчай прадукцыі. Пагалоўе БРС ўтрымліваецца на пяці фермах.

На тэрыторыі філіяла знаходзяцца 10 населеных пунктаў, цэнтральная сядзіба ў аграгарадку Варатынь. Сярэднеспісачная колькасць працуючых каля 240 чалавек. 

Сельскі Дом культуры правіць

У аграгарадку дзейнічае сельскі Дом культуры. Асноўныя напрамкі дзейнасці — арганізацыя культурнага абслугоўвання жыхароў, стварэнне спрыяльных умоў для развіцця самадзейнай мастацкай творчасці, адраджэнне і захаванне гісторыка-культурнай спадчыны. Пры СДК працуе 14 клубных гурткоў, у тым ліку народны хор, гурток сольных спеваў,  аматарскае  аб'яднанне традыцыйнай беларускай культуры «Скарбніца»  і іншыя.

Варатынскі народны хор створаны ў 1958 годзе як хор даярак. Першы кіраўнік хору Вольга Іванаўна Дашкоўская. Пад яе кіраўніцтвам хор узняўся да прафесійнага ўзроўню. У 1963 годзе хор атрымаў званне народнага. За вялікія дасягненні ў галіне культуры В. І. Дашкоўскай прысвоена званне «Заслужаны работнік культуры БССР». З 1971 года мастацкім кіраўніком хору з'яўляецца Ф. Ц. Глушакоў. Народны хор удзельнічаў у многіх усесаюзных, рэспубліканскіх, абласных фестывалях і конкурсах. Выступаў у Зорным гарадку, Крамлёўскім Палацы з'ездаў, на ВДНГ СССР. Узнагароджаны шматлікімі граматамі, дыпломамі, памятнымі сувенірамі. 

Гісторыя правіць

У 1560 годзе паводле Уставы на валокі сяло Варатынь разам з сялом Аўсімавічы падзелены на 10 падаткаабкладаемых службаў. Па інвентары 1639 года зямельныя ўгоддзі сяла Варатынь падзелены на 13 валок зямлі (1 валока — каля 21 га зямлі). Якасць глебы вызначана як добрая. З кожнай валокі зямлі на карысць Бабруйскага каралеўскага замку трэба штогод аддаць 2 капы грошай, па 1 бочцы віленскай меры жыта і аўса, 1 гусь, 2 курэй, па 10 вазоў сена і дроў.  Сяло таксама павінна было аддаць 6 камянёў мёду (1 камень каля 18 кг).  З кожнай валокі зямлі трэба было адпрацаваць на карысць замку 2 дні ў тыдзень, а таксама раз на год  даць падводу на 60 міль. У 1639 годзе ў сяле з 13 валок зямлі 8 пустых. Па адной валоцы зямлі трымаюць Апанас і Несцер Ісаевічы, Яўхім Клішэвіч, Андрос Пястуноў і Астапка Міцковіч, дзве валокі ў Астапа Міхалевіча з сынамі. Жыхарам Варатыні лоўля рыбы дазвалялася свабодна па абодвух берагах ракі Ала на участку ад урочышча Баляцін да рэчкі Любіцы. З 1566 года сяло Варатынь у складзе Бабруйскай воласці (Троцкая палова) Рэчыцкага павета Мінскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага Рэчы Паспалітай, уласнасць скарбу. У 2-й палове XVIII ст. у Варатыні дзейнічае карчма. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) у складзе Расійскай імперыі. Вёска пазначана на выдадзенай у 1799 годзе ў Лондане геаграфічнай «Карце Каралеўства Польскага, Вялікага княства Літоўскага, Самагіціі, Курляндыі і Каралеўства Прусіі». У 1844 годзе сяло ў складзе маёнтка Варатынь, уласнасць памешчыка А. П. Шахоўскага, 23 гаспадаркі, каля 200 жыхароў. У 1887 годзе адкрыта школа граматы. Паводле перапісу 1897 года вёска ў складзе Туркоўскай воласці (валасное праўленне да 1924 года знаходзіцца ў Варатыні) Бабруйскага павета Мінскай губерні, дзейнічаюць млын, крупадзёрка, хлебазапасны магазін, заезны двор. У 1902 годзе школа граматы ператворана ў земскую, для якой у 1904 годзе пабудавана новае памяшканне. У 1923 годзе у вясковай працоўнай школе 1-й ступені займаліся 63, у 1925 годзе — 107 вучняў. У 1925 годзе дзейнічаюць 3 млыны, 2 кузні, крупадзёрка. Працуе хата-чытальня. У пачатку 1925 года 10 сялянскіх гаспадарак аб'ядналіся ў калгас, які апрацоўваў 120 дзесяцін зямлі. Вядучай галіной гаспадаркі была свінагадоўля. У чэрвені 1931 года з 40 сялянскіх гаспадарак арганізаваны калгас «Чырвоная Варатынь № 1». З 20.08.1924 года цэнтр Варатынскага сельсавета Бабруйскага 1-га, з 04.08.1927 года Бабруйскага раёна Бабруйскай (да 26.07.1930 г.) акругі, з 20.02.1938 года ў Магілёўскай, з 20.09.1944 года Бабруйскай, з 08.01.1954 года Магілёўскай абласцях. У час Вялікай Айчынай вайны ў вёсцы дзейнічала антыфашысцкая падпольная група, якой кіраваў В. Т. Пракопчык. У 1986 годзе ў вёсцы цэнтральная сядзіба калгаса «імя А. С. Пушкіна», дзейнічаюць майстэрня па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі, лесапільня, сярэдняя школа, дзіцячы сад-яслі, аддзяленні сувязі і «Беларусбанка», Дом культуры, урачэбная амбулаторыя, ФАП, комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўвання насельніцтва, магазін, бібліятэка, аўтаматычная тэлефонная станцыя.

Гістарычныя помнікі правіць

Брацкая магіла свецкіх воінаў і партызан правіць

Магіла знаходзіцца на могілках. Пахаваны 11 воінаў і партызан, якія загінулі ў 1943-44 гадах у баях з нямецкімі войскамі. Сярод пахаваных — Герой Савецкага Саюза Іван Якаўлевіч Арол.

І. Я. Арол нарадзіўся 26.01.1914 года ў вёсцы Клешчынцы Чарнабаеўскага раёна Чаркаскай вобласці ў сялянскай сям'і. У Чырвонай Арміі з 1936 года. З лютага 1943 года на Цэнтральным, Беларускім і 1-ым Беларускім франтах, камандзір батарэі 40-га стралковага палка 102-ой стралковай дывізіі. 24.06.1944 года батарэя пад яго камандаваннем фарсіравала раку Друць, захапіла плацдарм на яе правым беразе, замацавалася на ім і агнём садзейнічала наступленню пяхоты палка. 27 чэрвеня батарэя вызваліла ад немцаў вёску Варатынь, фарсіравала раку Ала, на правым беразе захапіла плацдарм і замацавалася на ім. У гэтым баі І. Я. Арол быў смяротна паранены. Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена 25.09.1944 года.

У 1970 годзе на брацкай магіле пастаўлены абеліск.

Магіла Сяргея Фядосавіча Парахневіча правіць

Магіла знаходзіцца на могілках. Адзін з арганізатараў мясцовага калгаса С. Ф. Парахневіч нарадзіўся ў вёсцы Варатынь у 1907 годзе ў сялянскай сям'і. У 1930 годзе дэмабілізаваўся з Чырвонай Арміі, прыехаў на радзіму і быў выбраны  сакратаром Варатынскай камсамольскай арганізацыі. Працаваў старшынёй рэвізійнай камісіі калгаса. Забіты 08.11.1931 года. У 1959 годзе на магіле пастаўлена стэла.

Помнік землякам правіць

У цэнтры вёсцы. На ўшанаванне памяці 227 жыхароў Варатынскага сельсавета, якія загінулі падчас вайны 1941-45 гадоў. У 1971 годзе пастаўлены помнік: скульптурныя выявы мужчыны і жанчыны ў жалобе і стэла з імёнамі загінулых.

Ахвяры палітычных рэпрэсій правіць

  • Парахневіч Уладзімір Максімавіч, нарадзіўся ў 1888 годзе ў вёсцы Варатынь, рабочы мармеладнай фабрыкі. Рэпрэсіраваны 27.02.1938 года. Расстраляны 26.03.1938 года ў Мінску. Рэабілітаваны 22.05.1965 года.
  • Пракопчык Аляксандра Кузьмінічна, нарадзілася ў 1924 годзе ў вёсцы Варатынь. Раскулачана ў 1936 годзе. Рэабілітавана 08.11.1994 года.
  • Пракопчык Вольга Лаўрынаўна, нарадзілася ў 1910 годзе ў вёсцы Варатынь. Раскулачана ў 1931 годзе. Рэабілітавана 08.11.1994 года.
  • Пракопчык Дзмітрый Лаўрынавіч, нарадзіўся ў 1905 годзе, жыў у вёсцы Варатынь. Раскулачаны ў 1931 годзе. Рэабілітаваны 08.11.1994 года.
  • Пракопчык Кузьма Лаўрынавіч, нарадзіўся ў 1897 годзе, жыў у вёсцы Варатынь. Раскулачаны ў 1931 годзе. Рэабілітаваны 08.11.1994 года.
  • Пракопчык Лаўрын Кузьміч, нарадзіўся ў 1876 годзе, жыў у вёсцы Варатынь. Раскулачаны ў 1931 годзе. Рэабілітаваны 08.11.1994 года.
  • Пракопчык Павел Кузьміч, нарадзіўся ў 1928 годзе ў вёсцы Варатынь. Раскулачаны ў 1936 годзе. Рэабілітаваны 08.11.1994 года.
  • Пракопчык Уладзімір Кузьміч, нарадзіўся ў 1921 годзе ў вёсцы Варатынь. Раскулачаны ў 1936 годзе. Рэабілітаваны 08.11.1994 года.
  • Пракопчык Лізавета Рыгораўна, нарадзілася ў 1899 годзе ў вёсцы Варатынь. Раскулачана ў 1936 годзе. Рэабілітавана 08.11.1994 года.
  • Пракопчык Надзея Кузьмінічна, нарадзілася ў 1930 годзе ў вёсцы Варатынь. Раскулачана ў 1931 годзе. Рэабілітавана 08.11.1994 года.
  • Пракопчык Надзея Якаўлеўна, нарадзілася ў 1910 годзе, жыла ў вёсцы Варатынь. Раскулачана ў 1931 годзе. Рэабілітавана 08.11.1994 года.
  • Пракопчык Софія Лаўрынаўна, нарадзілася ў 1914 годзе, жыла ў вёсцы Варатынь. Раскулачана ў 1931 годзе. Рэабілітавана 08.11.1994 года.
  • Пракопчык Павел Данілавіч, нарадзіўся ў 1897 годзе ў вёсцы Варатынь, старшыня калгаса «імя Кірава». Рэпрэсіраваны 10.08.1938 года, асуджаны 15.11.1938 года на 5 гадоў. Рэабілітаваны 19.12.1939 года.
  • Пракопчык Мацвей Малахавіч, нарадзіўся ў 1876 годзе ў вёсцы Варатынь, працаваў у калгасе «імя Блюхера». Рэпрэсіраваны 27.02.1938 года. Расстраляны 26.03.1938 года. Рэабілітаваны 22.05.1965 года.
  • Пракопчык Дзмітрый Аляксандравіч, нарадзіўся ў 1901 годзе ў вёсцы Варатынь, бухгалтар Цялушскай МТС, жыў на станцыі Цялуша. Рэпрэсіраваны 27.02.1938 года. Расстраляны 26.03.1938 года. Рэабілітаваны 25.05.1965 года.
  • Кулаеў (Кулай) Мікалай Іванавіч, нарадзіўся ў 1891 годзе на Гродзеншчыне, жыў у вёсцы Варатынь, працаваў  ветэрынарным фельчарам. Рэпрэсіраваны 26.05.1938 года. Расстраляны 05.07.1938 года. Рэабілітаваны 03.11.1958 года.

Дынаміка развіцця правіць

Паказчык 1621 1738 1765 1790 1857 1885 1897 1907 1917 1997 2007 2014
колькасць двароў, адзінак 7 10 17 29 няма звестак 30 105 103 152 219 209 194
колькасць жыхароў, чалавек няма звестак няма звестак няма звестак няма звестак 229 290 756 920 1006 658 571 558

Планіроўка правіць

Планіроўка квартальная, аснову якой складае просталінейная, мерыдыянальнай арыентацыі вуліца. Жылая забудова пераважна драўляная, у цэнтральнай частцы і на паўночнай ускраіне мураваная 1-2-павярховая.

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. — ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)

Літаратура правіць

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4. — С. 7. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0090-0.
  • Республика Беларусь. Могилёвская область. Бобруйский район: карта. Бобруйск: план / Ред. Г. А. Мациевская, С. Н. Саратова. — Мн.: РУП «Белкартография», 2011. — 5 000 экз.
  • Гарады і вёскі Беларусі. Магілёўская вобласць. кніга 1. Мн. Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі. 2008
  • Памяць. Бабруйскі раён. Мн. Беларуская Энцыклапедыя. 1998
  • Акты издаваемые Виленскою коммиссиею для разбора древних актов. Том XXV. Инвентари и разграничительные акты. Вильна. Типография Сыркина. 1898
  • Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Магілёўская вобласць. Мн. Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі. 1986

Спасылкі правіць