Навука (газета)

газета
(Пасля перасылкі з Веды (газета))

Газета «Навука» — навуковая, вытворча-практычная газета Беларусі. Заснавальнік Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, выдавец Выдавецкі дом «Беларуская навука».

«Навука»
Тып газета
Выдавец Навука і тэхніка
Заснавана 24 кастрычніка 1979

Першы нумар газеты пад назвай «За перадавую навуку» выйшаў 24 кастрычніка 1979 года. На сваіх старонках ведамасная шматтыражка асвятляла не толькі пытанні дзейнасці Акадэміі навук і яе арганізацый, але і расказвала аб выніках даследаванняў, навінках, дасягненнях і навуковых адкрыццях, публікавала біябібліяграфічныя нарысы да юбілеяў вучоных.

На пасяджэнні Бюро Прэзідыума акадэміі 29 красавіка 1990 года было прынятае рашэнне змяніць статус выдання. З таго часу яно лічыцца рэспубліканскай ведамаснай газетай Акадэміі навук БССР. Назва таксама была зменена на «Навіны Беларускай Акадэміі».

У лютым 1996 года ў сувязі з ліквідацыяй акадэмічнага выдавецтва «Навука і тэхніка», у структуры якога была рэдакцыя газеты, пастановай Бюро Прэзідыума Акадэміі навук апошняя са штатам 10 чалавек была перададзена ў вядзенне Кіраўніцтва справамі акадэміі. Потым з 1 красавіка таго ж года са стварэннем рэдакцыйна-выдавецкага аддзела ў структуры Аддзела навуковай інфармацыі па гуманітарных навуках рэдакцыя газеты была ўключана ў гэты аддзел. У другой палове 1997 года выданне «Навіны Акадэміі навук Беларусі» было спынена, а яе пераемніцай стала рэспубліканская навуковая інфармацыйна-аналітычная газета «Веды», заснавальнікамі якой сталі АН Беларусі і Дзяржкамітэт па навуцы і тэхналогіях.

У канцы мая 1996 года пастановай Прэзідыума Акадэміі навук на базе рэдакцыйна-выдавецкага Аддзела навуковай інфармацыі па гуманітарных навуках АН Беларусі было створана выдавецтва «Беларуская навука». Аднак у канцы мая 2000 года Бюро Прэзідыума НАН Беларусі, абмеркаваўшы пытанне аб газеце «Веды», прыняло рашэнне перадаць рэдакцыю са структуры выдавецтва «Беларуская навука» ў склад Аналітычнага цэнтра НАН Беларусі. Са стварэннем у сістэме Акадэміі рэдакцыйна-выдавецкай установы «Навука і інавацыі» рэдакцыя газеты «Веды» пастановай Бюро Прэзідыума НАН Беларусі з 1 сакавіка 2003 года была выведзена са складу Аналітычнага цэнтра і ўключана ў рэдакцыйна-выдавецкую ўстанову «Навука і інавацыі».

У лютым 2005 года Бюро Прэзідыума Акадэміі з мэтай павышэння эфектыўнасці рэдакцыйна-выдавецкай дзейнасці прыняло рашэнне рэарганізаваць "Выдавецтва «Беларуская навука» шляхам далучэння да яго рэдакцыйна-выдавецкай установы «Навука і інавацыі» і перайменаваць яго ў РУП "Выдавецкі дом «Беларуская навука» з вызначэннем яму асноўных напрамкаў дзейнасці, адным з якіх з’яўляецца забеспячэнне падрыхтоўкі і выпуску акадэмічных перыядычных выданняў. . Газета «Веды» стала падраздзяленнем РУП "Выдавецкі дом «Беларуская навука».

31 сакавіка 2015 года Прэзідыум НАН Беларусі пастанавіў змяніць назву газеты на новую — «Навука» і выступіць яе заснавальнікам, вывеўшы са складу заснавальнікаў Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь. РУП "Выдавецкі дом «Беларуская навука», на якое ўскладзены функцыі рэдакцыі газеты «Веды», перарэгістравала газету з новай назвай у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.

Сёння асноўная ўвага ў тэматычнай накіраванасці газеты «Навука» сканцэнтравана на асвятленні дзяржаўнай палітыкі ў галіне навуковай і навукова-тэхнічнай дзейнасці ў нашай краіне, інавацыйнага развіцця, міжнароднага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва, даследаванняў, якія праводзяцца ў акадэмічных і галіновых навуковых арганізацыях, а таксама ўстановах адукацыі па прыярытэтных напрамках развіцця навукі, гісторыі беларускай навукі. Акрамя таго, робяцца акцэнты на публікацыях аб персаналіях навуковай супольнасці (даследчык-сучаснік, яго погляды, навуковы аўтарытэт, уклад у навуку і народную гаспадарку), аб ролі моладзі ў развіцці сучаснай навукі. Падаецца аператыўная інфармацыя аб мерапрыемствах і выніках дзейнасці арганізацый і структурных падраздзяленняў НАН Беларусі, а таксама асвятляюцца пытанні навукова-прамысловай сферы, камерцыялізацыі навуковых ідэй, эфектыўнасці выкарыстання навуковага патэнцыялу краіны.

Спасылкі правіць

Сайт газеты