Вольга Васільеўна Саэргел

беларуская гімнастка, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў 2000 года

Вольга Васільеўна Саэргел (у дзявоцтве Пужэвіч; нар. 17 мая 1983, Мінск) — беларуская гімнастка, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў 2000 года па мастацкай гімнастыцы ў групавым мнагаборстве. Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь (2000).

Вольга Васільеўна Саэргел
Асабістая інфармацыя
Пол: жанчына
Грамадзянства:
Дата нараджэння: 17 сакавіка 1983(1983-03-17) (39 гадоў)
Месца нараджэння:
Ліцэнзія FIG: [1]
Лепшыя вынікі на чэмпіянатах свету
Лепшыя вынікі на Алімпіядзе
Каманднае першынство: 39.500 (2000)

БіяграфіяПравіць

Нарадзілася 17 мая 1983 года ў Мінску.

З 6 гадоў трэніравалася ў мінскай СДЮШАР прафсаюзаў на вуліцы Ангарскай, пачынала як адзіночніца ў трэнераў Ганны Валянцінаўны Баранавай і яе сястры Святланы Валянцінаўны Расекі, якія заўважылі ў дзяўчынцы перспектыўную гімнастку[1].

У 1999 годзе на чэмпіянаце Еўропы па мастацкай гімнастыцы ў Будапешце ў складзе зборнай Беларусі заваявала бронзавы медаль.

На Летніх Алімпійскіх гульнях 2000 у Сіднеі атрымала сярэбраны медаль у камандных спаборніцтвах па мастацкай гімнастыцы ў складзе зборнай Беларусі. Неўзабаве пасля Алімпійскіх гульняў завяршыла спартыўную кар’еру.

На алімпійскія прызавыя грошы набыла двухпакаёвую кватэру ў Мінску і аўтамабіль. Кіраванню аўтамабілем Вольгу вучыў Фёдар Міхайлавіч Азаранка, бацька Вікторыі Азаранка[1].

Пры ўдзеле сябровак-гімнастак Вольгу запрасілі выступаць у танцавальным шоў на нарвежскім 14-палубным круізным акіянскім лайнеры, які курсіраваў паміж Кітаем і Аўстраліяй. На караблі працавала 9 месяцаў і пазнаёмілася там з будучым мужам, марскім афіцэрам са Швецыі[2].

Пасля працы на лайнеры Вольга вярнулася ў Мінск, а яе шведскі сябар працягваў працаваць у ЗША на лайнеры і да яе прыехаў пазней. У 2005 годзе ў пары нарадзіўся сын Арланда. У 2006 годзе пара пабралася шлюбам, муж адвёз сям’ю ў горад Хальмстад (Швецыя) да сваіх бацькоў. У Швецыі Вольга працавала трэнерам па мастацкай гімнастыцы — спачатку ў Хальмстадзе, потым у Кальмары[2].

У 2009 годзе развялася з мужам і вярнулася ў Мінск. У беларускай сталіцы Вольга з сяброўкай адкрыла фірму па вырабе эксклюзіўных мадэляў сумак, але яна закрылася з-за фінансавага крызісу, пасля гэтага яны заняліся ўзнагароднай прадукцыяй (кубкі і медалі), але новую фірму напаткаў той жа лёс. Пазней сяброўкі планавалі адкрыць салон міастымуляцыі, але так і не рэалізавалі гэтую ідэю[2].

Вольга Саэргел працавала адміністратарам у рэстаране, сакратаром у прыватнай фірме, але гэта было не яе прызванне. Яна прыняла прапанову працы трэнерам-метадыстам у нацыянальнай камандзе Рэспублікі Беларусь па тэнісе, потым заняла пасаду начальніка каманды — старэйшага трэнера нацыянальнай каманды[2].

Зараз працуе дырэктарам Мінскай гарадской СДЮШАР прафсаюзаў па мастацкай гімнастыцы імя Л. Г. Гадзіевай[3].

ХобіПравіць

Разам з сяброўкай захапілася бегам, планавала прабегчы Мінскі паўмарафон[2].

УзнагародыПравіць

Зноскі