Вікторыя Фёдараўна Азаранка

беларуская тэнісістка
(Пасля перасылкі з Вікторыя Азаранка)

Вікторыя Фёдараўна Азаранка (31 ліпеня 1989, Мінск) — беларуская тэнісістка. Былая першая ракетка свету сярод юніёрак, пераможца двух юніёрскіх турніраў Вялікага Шлема. Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь (2010). Алімпійская чэмпіёнка ў змяшаным парным разрадзе і бронзавы прызёр Гульняў-2012 у жаночым адзіночным разрадзе. Пераможца двух турніраў Вялікага шлема ў змяшаным парным разрадзе. Першая беларуская тэнісістка — пераможца двух турніраў Вялікага шлема ў адзіночным разрадзе, першая беларуска на вяршыні рэйтынгу WTA (2012—2013 гады).

Тэніс
Вікторыя Азаранка
Нарадзілася 31 ліпеня 1989(1989-07-31)[1][2][…] (35 гадоў)
Грамадзянства Беларусь
Рэзідэнцыя Монтэ-Карла, Манака
Рост 183 см
Вага 70 кг
Прафесійная кар’ера з 2003
Вядучая рука правая
Трэнер(ы) Антоніа ван Грычэн (2005–2009)
Сэм Сумык (2010–2015)
Вім Фісэт (2015–цяперашні час)
Прызавыя грошы $30,355,505
Адзіночны разрад
Вынікі (в/п) 506–198 (73.61%)
Тытулы 20 WTA, 1 ITF
Найвышэйшы рэйтынг 1 (30 студзеня 2012)
Цяперашні рэйтынг 50 (14 кастрычніка 2019)
Турніры серыі Вялікага шлема
Аўстралія перамога (2012, 2013)
Францыя паўфінал (2013)
Уімблдан паўфінал (2011, 2012)
ЗША фінал (2012, 2013)
Іншыя турніры
Фінал WTA фінал (2011)
Парны разрад
Вынікі (в/п) 165–63
Тытулы 8 WTA, 3 ITF
Найвышэйшы рэйтынг 7 (7 ліпеня 2008)
Цяперашні рэйтынг 18 (21 кастрычніка 2019)
Турніры серыі Вялікага шлема
Аўстралія фінал (2008, 2011)
Францыя фінал (2009)
Уімблдан чвэрцьфінал (2008)
ЗША фінал (2019)
Змяшаны парны разрад
Тытулы 3
Турніры серыі Вялікага шлема
Аўстралія фінал (2007)
Францыя перамога (2008)
Уімблдан 1/8 фіналу (2012)
ЗША перамога (2007)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Апошняе абнаўленне: 21 кастрычніка 2019
Алімпійскія ўзнагароды
Тэніс (жанчыны)
Золата Лондан 2012 Змяшаны парны разрад
Бронза Лондан 2012 Адзіночны разрад

Біяграфія

правіць

Нарадзілася 31 ліпеня 1989 года ў Мінску ў сям’і інструктара па ваджэнні Фёдара Міхайлавіча Азаранкі і яго жонкі Алы Валянцінаўны, якая працавала метадыстам у Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па тэнісе Рэспублікі Беларусь. Таксама ёсць старэйшы брат Максім. Вікторыя пачала займацца тэнісам у 7 гадоў па патрабаванні мамы. Першым яе трэнерам стала Валянціна Ягораўна Жытніх.

Да восені 2004 года Вікторыя Азаранка трэніравалася ў Беларусі, рэгулярна выязджаючы на міжнародныя турніры. Пачаткам выступлення на міжнародных юнацкіх турнірах стаў 2002 год, а ўжо ў 2003 годзе Вікторыя выйграла першы міжнародны турнір у Ташкенце. У кастрычніку 2004 года перабралася ў Марбеллю (Іспанія), каб трэніравацца ў тэніснай акадэміі. Трэнерам стаў нямецкі спецыяліст, былы трэнер Штэфі Граф. Знаходжанне ў Іспаніі аплачваў беларускі спонсар — «Белтэхэкспарт». Пазней Вікторыя перабралася ў Скоцдэйл (штат Арызона, ЗША), дзё ёю апекавалася сям’я расійскага хакеіста Мікалая Хабібуліна. Пэўны час Вікторыя Азаранка пражывала ў Манака, цяпер яна стала пражывае ў Манхэтэн-Біч (ЗША).

Юніёрская кар’ера

правіць

Будучы юніёркай, Вікторыя Азаранка стала чэмпіёнкай Еўропы ў парным разрадзе сярод 14-гадовых і пераможцай каманднага Кубка Еўропы ва ўзросце да 14 і да 16 гадоў. На яе рахунку — перамога на юнацкіх турнірах «Вялікага шлема»: Уімблдан у парным разрадзе (чэрвэнь 2004 года; разам з беларускай Вольгай Гаварцовай), Адкрыты чэмпіянат Аўстраліі (Australian Open) у адзіночным і парным разрадах (студзень 2005), Адкрыты чэмпіянат Францыі (Roland Garros) у парным разрадзе (2005; разам з вянгеркай Агнеш Савай), Адкрыты чэмпіянат ЗША ў адзіночным разрадзе (2005). Дзякуючы гэтым дасягненням у 2005 годзе Азаранка заняла першы радок у рэйтынгу дзяўчат-тэнісістак ва ўзроставай катэгорыі да 18 гадоў (31 студзеня 2005 года), а па выніках сезона стала чэмпіёнкаю свету сярод юніёрак па версіі Міжнароднай тэніснай федэрацыі ITF. 2005 год стаў апошнім у юніёрскай кар’еры Азаранкі — у кастрычніку 2005 года Вікторыя была ўжо ў ліку 200 найлепшых тэнісістак свету: у рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA) яна займала 149-е месца.

Першыя гады дарослай кар’еры

правіць

У 2007 годзе Вікторыя Азаранка ў пары з Максімам Мірным выйграе свой першы дарослы турнір Вялікага шлема ў змяшаным парным разрадзе — беларуская пара не мае роўных на Адкрытым чэмпіянаце ЗША. У 2008 годзе таксама ў змяшаным парным разрадзе Вікторыя Азаранка ў пары з амерыканскім тэнісістам Бобам Браянам здабывае тытул на Адкрытым чэмпіянаце Францыі.

Сезон-2009 пачаўся для Вікторыі з доўгачаканай перамогі: 10 студзеня яна ўпершыню ў кар’еры перамагла на турніры WTA (Брысбен, прызавы фонд $220 тыс.), перайграўшы францужанку Марыён Барталі. Раней Вікторыя 4 разы даходзіла да фіналаў падобных турніраў. У сярэдзіне студзеня Азаранка заняла ў сусветным рэйтынгу 14-ю пазіцыю. На Адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі (Australian Open) Азаранка была расстаўлена з нумарам 13 і дайшла да чацвёртага кругу, дзе яе суперніцай стала амерыканка Серэна Уільямс. Пры ліку 6-3, 2-4 Вікторыя мусіла адмовіцца ад далейшай барацьбы ў сувязі з праблемамі са здароўем.

22 лютага 2009 года Вікторыя Азаранка стала пераможцай турніру WTA Regions Morgan Championships-2009, які праходзіў у Мэмфісе (ЗША). Гэты турнір яна выйграла не толькі ў адзіночным, але і ў парным разрадах (разам з датчанкай Каралін Вазняцкі).

У сакавіку 2009 года на турніры ў Індыян-Уэлсе (ЗША) з агульным прызавым фондам $4,5 млн. Вікторыя Азаранка стала пераможцай жаночых парных спаборніцтваў (разам з расіянкай Верай Званаровай) і дайшла да паўфіналу ў адзіночным разрадзе. У апублікаваным 23 сакавіка 2009 года рэйтынгу WTA Азаранка заняла 10-ю пазіцыю, як у адзіночным, так і ў парным разрадах, упершыню ў кар’еры прабіўшыся ў дзясятку мацнейшых тэнісістак свету.

4 красавіка 2009 года найлепшая беларуская тэнісістка стала пераможцай супер-турніру WTA ў Маямі з прызавым фондам $4,5 млн. На шляху да перамогі яна перайграла аўстралійку Саманту Стосур, расіянку Святлану Кузняцову і ўпершыню — Серэну Уільямс. Пасля трыумфу на кортах Маямі Азаранка ў рэйтынгу WTA перамясцілася на 8-ю пазіцыю.

На турніры ў Рыме Вікторыя дасягнула паўфіналу, дзе прайграла Святлане Кузняцовай. На турніры ў Мадрыдзе беларуская тэнісістка спынілася на стадыі трэцяга кругу, затое ўдзел у Адкрытым чэмпіянаце Францыі (Roland Garros) атрымаўся досыць удалым: будучы расстаўленай у адзіночным разрадзе з нумарам 9, Вікторыя дайшла да чвэрцьфіналу, абыграўшы мінулагоднюю пераможцу сербку Ану Іванавіч, але саступіўшы ва ўпартым трохсэтавым паядынку першай ракетцы турніру расіянцы Дынары Сафінай (6-1, 4-6, 2-6). У парным разрадзе Вікторыя выступала з расіянкай Аленай Вяснінай і дайшла да фіналу спаборніцтваў.

На Уімблдане Вікторыя Азаранка атрымала ад арганізатараў 8 нумар у сетцы спаборніцтваў і дайшла да чвэрцьфіналу, саступіўшы будучай пераможцы турніру Серэне Уільямс з лікам 2-6, 3-6.

Па выніках 2009 года ў рэйтынг-лісце WTA Вікторыя Азаранка заняла 7-е месца, выйграўшы 45 з 60 праведзеных матчаў, здабыўшы тры тытулы ў адзіночным і два — у парным разрадах і ўпершыню ў кар’еры адабраўшыся на Выніковы турнір WTA.

У студзені Вікторыя дайшла да чвэрцьфіналу турніру ў Сіднеі, прайграўшы расіянцы Алене Дзяменцьевай, на Адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі на чвэрцьфінальнай стадыі саступіла ва ўпартым трохсэтавым паядынку Серэне Уільямс, а ў лютым на турніры ў Дубаі дайшла да фіналу, дзе прайграла былой першай ракетцы свету Вінус Уільямс. Увесь час Азаранка мела сур’ёзныя праблемы са здароўем і кепскімі фізічнымі кандыцыямі, у выніку чаго страціла больш за 10 пазіцый у рэйтынгу WTA. Усплёск адбыўся пад канец лета: 1 жніўня 2010 года Вікторыя Азаранка выйграла турнір у Стэнфардзе (Каліфорнія, ЗША) з прызавым фондам $700 тыс., у фінале перайграўшы дзейсную на той момант чэмпіёнку турніру Марыён Барталі. Наступным стаў турнір у амерыканскім горадзе Цынцынаці. Сыграўшы толькі адзін матч у адзіночным разрадзе, у парным Вікторыя (разам з расіянкай Марыяй Кірыленка) здабыла першы за больш чым год тытул. Увосень Азаранка дайшла да паўфіналу турніру ў Токіа, а 24 кастрычніка ў Маскве беларуская тэнісістка выйграла Кубак Крамля. Дасягнутыя вынікі дазволілі беларусцы вярнуцца ў Топ-10 WTA і зноў удзельнічаць у Выніковым турніры WTA ў Досе.

Сезон-2011 пачаўся для Вікторыі дасягненнем чвэрцьфіналу турніру ў аўстралійскім Сіднеі, дзе яна саступіла бельгійцы Кім Клейстэрс, а таксама не зусім удалым выступленнем на Australian Open, дзе яна прайграла кітайскай тэнісістцы Лі На ў чацвёртым крузе. У парным разрадзе на турніры ў Мельбурне дуэт Азаранка-Кірыленка дайшоў да фіналу, але здабыць тытул у беларуска-расійскага тандэму не атрымалася.

2 красавіка 2011 года Вікторыя Азаранка ў другі раз стала пераможцай на буйным турніры ў амерыканскім Маямі, пасля чаго ўзнялася на 6-ы радок сусветнага тэніснага рэйтынгу. 10 красавіка яна выйграла тэнісны турнір з прызавым фондам $220 тыс. у іспанскай Марбэллі і ўпершыню ў кар’еры заняла 5-ы радок сусветнага тэніснага рэйтынгу. На грунтовым турніры ў Мадрыдзе Азаранка дасягае фіналу, саступіўшы ў зацятай барацьбе чэшцы Квітавай, а ў Рыме на стадыі чвэрцьфіналу вымушаная адмовіцца ад барацьбы з-за праблем са здароўем. У парным разрадзе Азаранка працягвае супрацоўніцтва з расіянкай Марыяй Кірыленка, дайшоўшы да паўфіналаў у Дубаі і Індыян-Уэлсе. На супертурніры ў Мадрыдзе беларуска-расійскі дуэт выйграе тытул, а на Roland Garros дзяўчыны даходзяць да чвэрцьфіналу. У адзіночным разрадзе на кортах Roland Garros Вікторыя таксама спыняецца на чвэрцьфінальнай стадыі, не змогшы знайсці аргументаў супраць кітаянкі Лі. На Уімблдане Вікторыя дайшла да паўфіналу, у якім саступіла ў трох сэтах чэшцы Петры Квітавай. У парным разрадзе Азаранка/Кірыленка здабываюць галоўны трафей турніру ў Стэнфардзе і даходзяць да фіналу ў канадскім горадзе Таронта. У верасні 2011 года Азаранка ўзнялася на трэцяе месца ў сусветным рэйтынгу WTA. Дасягнуты чвэрцьфінал у парным разрадзе на турніры ў Токіа, а ў адзіночным разрадзе Азаранка здабывае чарговы тытул на турніры ў Люксембурзе. На Выніковым чэмпіянаце Жаночай тэніснай асацыяцыі ў Стамбуле Вікторыя ўпэўнена даходзіць да фіналу, дзе зноў саступае Петры Квітавай.

Сезон-2012 пачынаецца ў высокім тэмпе. 13 студзеня 2012 года Вікторыя Азаранка выйграла турнір у Сіднеі (Аўстралія) з прызавым фондам $637 тыс. 28 студзеня 2012 года выйграла Australian Open, стаўшы, такім чынам, першай у гісторыі тэніса прадстаўніцай Беларусі — пераможцай турніру Вялікага шлема ў адзіночным разрадзе (першай беларускай у фінале турніраў Вялікага Шлема была Наталля Зверава). У фінальным матчы Азаранка літаральна разграміла Марыю Шарапаву (6:3, 6:0). З 30 студзеня па 10 чэрвеня 2012 года Азаранка ўзначальвала сусветны рэйтынг WTA. У гэты перыяд Вікторыя выйграла прадстаўнічы турнір у Досе (Катар) і турнір катэгорыі Premier Mandatory ў амерыканскім горадзе Індыян-Уэлс. Пераможная серыя Азаранкі з пачатку года склала 26 матчаў. Пачынаючы з канца сакавіка назіралася пагаршэнне вынікаў. Пераможная серыя Азаранкі перарвалася ў чвэрцьфінале турніру ў Маямі (прызавы фонд — больш за $4.828 тыс.), дзе Вікторыя саступіла францужанцы Марыён Барталі. У турніры катэгорыі Premier Series у Штутгарце (ФРГ) з прызавым фондам $740 тыс. Вікторыя, аднак, дайшла да фіналу, у якім упершыню за доўгі час саступіла Марыі Шарапавай. У прадстаўнічым турніры катэгорыі Premier Mandatory ў Мадрыдзе (прызавы фонд — больш за $5.189 тыс.) Азаранка зноў дайшла да фінальнай стадыі, але зноў прайграла, гэтым разам Серэне Уільямс. Не надта паспяховае выступленне на Адкрытым чэмпіянаце Францыі (прайграла ў 4 крузе славачцы Дамініцы Цыбулкавай) не дазволіла Азаранцы ўтрымацца на вяршыні рэйтынгу, і яна на 4 тыдні саступіла першы радок расіянцы Марыі Шарапавай. На кортах Уімблдану Вікторыя вельмі ўпэўнена прайшла па турнірнай сетцы, але ў паўфінале зноў саступіла Серэне Уільямс, якая на працягу матчу выдала рэкордную серыю эйсаў. На Алімпійскіх гульнях у Лондане беларуская змяшаная тэнісная пара ў складзе Максіма Мірнага і Вікторыі Азаранкі выйграла золата — беларускія тэнісісты сталі алімпійскімі чэмпіёнамі. У адзіночным разрадзе Вікторыя Азаранка прайграла ў паўфінале будучай алімпійскай чэмпіёнцы амерыканцы Серэне Уільямс, але выйграла матч за бронзавы мядаль у расіянкі Марыі Кірыленкі. Пасля Алімпіяды Азаранка вярнулася на вяршыню рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі і ўтрымлівала лідарства на працягу 32 тыдняў. За гэты час Вікторыя дайшла да фіналу Адкрытага чэмпіянату ЗША, саступіўшы ў зацятай 3-сэтавай барацьбе малодшай з сясцёр Уільямс (Азаранка вяла ў апошнім сэце 5:3, але двойчы не выкарыстала шанец здабыць галоўны трафей турніру), восенню выйграла прэстыжны Адкрыты чэмпіянат Кітая, стаўшы першай тэнісісткай, у якой атрымалася выйграць два супер-турніры катэгорыі Premier Mandatory за адзін сезон (першы Вікторыя выйграла ў Індыян-Уэлсе), а таксама турнір WTA ў Лінцы. Такім чынам, у сезоне-2012 Азаранка выйграла 6 турніраў, давёўшы колькасць тытулаў да 14. На Выніковым чэмпіянаце ў Стамбуле Азаранка спынілася на стадыі паўфіналу, прайграўшы Марыі Шарапавай, але нягледзячы на гэта, захавала за сабой тытул лідара сусветнага рэйтынгу. Таксама Азаранка за 2012 год зарабіла рэкордную суму прызавых грошай, абагнаўшы па гэтым паказчыку Серэну Уільямс.

26 студзеня 2013 года Вікторыя Азаранка другі раз запар выйграла Australian Open, перамогшы ў драматычным трохсэтавым паядынку кітайскую тэнісістку Лі На (5 нумар сусветнага рэйтынгу), а 17 лютага паспяхова абараніла тытул пераможцы турніру ў Досе, упершыню з 2009 года перамогшы Серэну Уільямс. Аднак гэтая перамога не дазволіла Азаранцы ўтрымаць першы радок у рэйтынгу WTA, паколькі яна не атрымала за перамогу новых пунктаў, у адрозненне ад Уільямс, якая летась не ўдзельнічала ў гэтым турніры. Пачынаючы з 18 лютага Вікторыя Азаранка — на другім месцы ў рэйтынгу, а яе лідарства працягвалася агулам 51 тыдзень — гэта 10 вынік ад пачатку Адкрытай эры і трэці — сярод дзейсных спартсменак (Серэна Уільямс — 124 тыдні, Каралін Вазняцкі — 67 тыдняў). Пасля перамогі ў Досе Вікторыя адмовілася ад удзелу ў прадстаўнічым турніры ў Дубаі з прычыны траўмы. Паводле рашэння Жаночай тэніснай асацыяцыі, за адмову Вікторыя была аштрафанава на 100 тысяч долараў. На турніры ў Індыян-Уэлсе Азаранка не абараніла тытулу, не выйшаўшы ў чвэрцьфінале на матч супраць Каралін Вазняцкі з прычыны траўмы правага галенастопу. Гэтая траўма перашкодзіла тэнісістцы выступіць на турніры ў Штутгарце, дзе летась яна дайшла да фіналу. Затое на супертурніры ў Рыме Вікторыя палепшыла леташні вынік, дайшоўшы да фіналу. У матчы за тытул яна саступіла ў дзвюх партыях Серэне Уільямс. Тым не менш, фінал у Рыме дазволіў Вікторыі ўвайсці ў т.зв. Клуб 20 мільёнаў: беларуская тэнісістка стала наймаладзейшай з 10 тэнісістак у гісторыі тэніса, што зарабілі за кар’еру больш за 20 мільёнаў долараў прызавых.

Перад пачаткам Адкрытага чэмпіянату Францыі Вікторыя Азаранка займала 3 месца ў рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі і 3 месца ў чэмпіёнскай гонцы WTA. Выступленні ў Парыжы прайшлі ўдала: беларуская тэнісістка ўпершыню ў кар’еры дайшла да паўфіналу спаборніцтваў, дзе саступіла ва ўпартай барацьбе ў трох сэтах леташняй чэмпіёнцы Марыі Шарапавай. Такія вынікі дазволілі Азаранцы заняць другое месца ў рэйтынгу, абышоўшы Шарапаву, якая не здолела абараніць мінулагодніх пунктаў. Пасля выступлення на парыжскіх кортах у актыве Вікторыі Азаранкі — паўфіналы ўсіх турніраў Вялікага Шлема (Уімблдан — 2011, 2012, Адкрыты чэмпіянат Францыі — 2013), фінал Адкрытага чэмпіянату ЗША (2012), а таксама дзве перамогі на Адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі (2012, 2013).

Выступленне на Уімблдане скончылася для беларускай тэнісісткі ў першым крузе: у матчы супраць партугальскай тэнісісткі Марыі Кэлер на пачатку другога сэта Вікторыя атрымала траўму калена, і нягледзячы на тое, што сустрэчу першага кругу давяла да перамогі (6:1, 6:2), на гульню другога кругу ўжо не выйшла. У выніку Азаранка страціла 1300 пунктаў і саступіла 2-ю пазіцыю ў рэйтынгу Марыі Шарапавай.

Пасля доўгага рэабілітацыйнага перыяду Вікторыя Азаранка ўзяла ўдзел у прадстаўнічым турніры ў Карлсбадзе, дзе, адолеўшы, сярод іншых, італьянку Франчэску Ск’явонэ і сербку Ану Іванавіч, дайшла да фіналу спаборніцтваў, саступіўшы ў матчы за тытул Саманце Стосур у двух сэтах (2:6, 3:6). Тым не менш, у рэйтынгу Азаранка зноў абышла Марыю Шарапаву, стаўшы другой ракеткай свету. Пасля гэтага Вікторыя адмовілася ад удзелу ў турніры ў Таронта з-за боляў у спіне і выйшла на корт на супертурніры ў Цынцынаці ў амерыканскім штаце Агая. На шляху да фіналу яна перамагла амерыканку Ваню Кінг, славачку Магдалену Рыбарыкаву, сербку Алену Янкавіч і датчанку Каралін Вазняцкі, а ў фінале ў зацятай барацьбе другі раз у сезоне і трэці раз у кар’еры адолела Серэну Уільямс — 2:6, 6:2, 7:6 (8:6). Тытул пераможцы Цынцынаці стаў для Вікторыі Азаранкі 3-м у сезоне і 17-м у кар’еры. Здабытыя рэйтынгавыя пункты ў пэўным сэнсе дапамаглі кампенсаваць страту пунктаў за леташні паўфінал Уімблдану. Перад пачаткам Адкрытага чэмпіянату ЗША Вікторыя Азаранка павялічыла адлегласць ад 3-га месца ў рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (Шарапавай) і выйшла на 2 месца ў чэмпіёнскай гонцы WTA. На нью-ёрскіх кортах Азаранка паўтарыла сваё леташняе дасягненне, дайшоўшы да фіналу спаборніцтваў, дзе зноў у трох сэтах (5:7, 7:6 (8:6), 1:6) саступіла лідару сусветнага рэйтынгу Серэне Уільямс. Восеньская азіяцкая серыя турніраў скончылася для Вікторыі безвынікова: у Токіа яна саступіла ў першым крузе экс-першай ракетцы свету Вінус Уільямс, а ў першым крузе Адкрытага чэмпіянату Кітая — нямецкай тэнісістцы Андрэа Петкавіч. Такім чынам, да Выніковага турніру Азаранка падышла, страціўшы істотную колькасць пунктаў з леташніх азіяцкіх турніраў, але захавала другую пазіцыю ў сусветным рэйтынгу. Групавы этап беларуская тэнісістка пачала з перамогі. На жаль, выйсці з групы Вікторыі перашкодзіла траўма. Аднак па выніках года Азаранка захавала другое месца ў рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі, апярэджваючы трэцюю ракетку свету — кітаянку На Лі — на 2 тысячы пунктаў.

Выступленні ў сезоне-2014 Вікторыя Азаранка распачала на аўстралійскім кантыненце — на турніры ў Брысбене, які беларуская спартсменка ўжо выйгравала ў 2009 годзе. Тым разам, дайшоўшы да фіналу, Вікторыя прайграла заўзятай канкурэнтцы Серэне Уільямс з лікам 4:6, 5:7. Тым не менш, Вікторыя здабыла дадатковыя пункты, бо летась на гэтым турніры дайшла толькі да паўфіналу (адмовілася выходзіць на паўфінальны матч з прычыны траўмы).

Абарона тытулу чэмпіёнкі Адкрытага чэмпіянату Аўстраліі была сарвана польскай тэнісісткай Агнешкай Радванскай — у чвэрцьфінальным паядынку Вікторыя нечакана саступіла ў трох сэтах менш тытулаванай польцы, якая, аднак, не прайшла далей за паўфінальную стадыю. Па выніках Адкрытага чэмпіянату Аўстраліі Азаранка захавала 2-гі радок у рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі, але яе перавага над чэмпіёнкай турніру на кортах Мельбурна кітаянкай На Лі склала ўсяго 11 пунктаў.

Уступіўшы ў 2014 год у ролі другой ракеткі свету, Вікторыя Азаранка змагла прыняць удзел толькі ў 9 з 16 запланаваных турніраў, у якіх атрымала 15 перамог і пацярпела 9 параз. Для тэнісісткі з-за траўмаў сезон быў скончаны датэрмінова. Па яго выніках Вікторыя Азаранка апынулася на 32-м месцы рэйтынгу WTA.

У сезоне-2015 Вікторыя Азаранка працягвала паволі выходзіць з крызісу, выкліканага эмацыянальнымі праблемамі і траўмамі, што прывялі да правалу ў папярэднім сезоне. Беларуская тэнісістка пачала год на 31 пазіцыі ў рэйтынгу, але на працягу сезона аказвалася на мяжы пятага дзясятку. Нізкі рэйтынг стаў прычынай трапляння на наймацнейшых суперніц на вельмі ранніх стадыях буйных турніраў. Сярод поспехаў Вікторыі ў сезоне — удалы выступ у складзе нацыянальнай каманды Беларусі ў Кубку Федэрацыі супраць каманды Японіі, а таксама фінал на турніры ў Досе, у якім Азаранка саступіла ў двух сэтах (4:6, 3:6) чэшцы Люсі Шафаржавай. На турнірах Вялікага Шлема Вікторыя не паказала вынікаў, падобных да дасягненняў у сезонах 2012 і 2013: у Аўстраліі яна, будучы 31-ай ракеткай свету, спынілася на 4-м крузе, саступіўшы ў трох сэтах (2:6, 6:3, 3:6) 10-ай ракетцы свету Дамініцы Цыбулкавай са Славакіі, у Францыі — на стадыі 3-га кругу, прайграўшы — таксама ў трох сэтах (6:3, 4:6, 2:6) — 1-ай ракетцы свету Серэне Уільямс, на Уімблдане — зноў прайграўшы Уільямс-малодшай у трох сэтах (6:3, 2:6, 3:6), у ЗША — прайграла ў трохсэтавым матчы 1/4 фінала 3-й ракетцы свету Сімоне Халеп, расстаўленай у турнірнай сетцы з нумарам 2. Пасля паражэння на Адкрытым чэмпіянаце ЗША беларуская тэнісістка выйграла толькі адзін матч — на турніры ў кітайскім Уханю яна перамагла ў першым крузе амерыканку Лоран Дэвіс, але ўжо ў матчы другога кругу з-за праблем са здароўем была вымушана адмовіцца ад працягу барацьбы, прайграўшы першы сэт брытанцы Яхане Конце. У сувязі з праблемамі са здароўем Вікторыя Азаранка адмовілася ад наступных турніраў з азіяцкай серыі і зноў была вымушана скончыць сезон датэрмінова, аказаўшыся па выніках года на 22 пазіцыі ў рэйтынгу WTA. Затое ў іншым рэйтынгу WTA — спісе найбольш заможных спартсменак — Вікторыя Азаранка апынулася на 4-м месцы, зарабіўшы за кар’еру 25.593,363 долараў ЗША. У тройцы лідараў — Серэна Уільямс ($74.083,421), Марыя Шарапава ($36.484,486) і Вінус Уільямс ($31.905,015).

Першым турнірам у сезоне стаў Брысбен, чэмпіёнкай якога Вікторыя стала ў 2009 годзе, выйграўшы свой першы ў кар’еры турнір WTA ў адзіночным разрадзе. Па дарозе да фіналу Азаранка, займаючы на пачатку турніру 22-ое месца ў рэйтынгу WTA, перамагла расіянку Алену Весніну з вынікам 6:2, 6:0, бельгійку Ісалін Бонавентур — 6:3, 6:2, італьянку Раберту Вінчы — 6:1, 6:2 і Саманту Кроўфард з ЗША — 6:0, 6:3. У фінале беларускай тэнісістцы супрацьстаяла немка, 10-ая ракетка свету, Анжалік Кербер, з якой Вікторыя Азаранка ўжо сустракалася на корце 5 разоў і ніводнага разу не прайграла апанентцы. Фінальны паядынак завяршыўся на карысць беларускі — Вікторыя перамагла з вынікам 6:3, 6:1 і заваявала свой 18 тытул у адзіночным разрадзе, не страціўшы на шляху да трафею аніводнага сэту. Тытул у Брысбене стаў першым за апошнія 2,5 гады.

На Адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі Вікторыя Азаранка, будучы адной з галоўных кандыдатак на перамогу, здолела дайсці толькі да чвэрцьфіналу, дзе даволі нечакана саступіла нямецкай тэнісістцы Анжалік Кербер у двух сэтах. Кербер у выніку стала трыўмфатаркай Аўстраліі, а Вікторыя Азаранка палепшыла свой леташні вынік на аўстралійскіх кортах, што дазволіла ёй па выніках турніру ўзняцца на 14-е месца ў рэйтынгу WTA.

Трэцім стартам у сезоне стаў турнір у Акапулька, у якім Вікторыя была вымушана зняцца з матча 2 кругу супраць Дамінікі Цыбулкавай у сувязі з пашкоджаннем запясця. Траўма загаілася даволі хутка, і Азаранка прыняла ўдзел у супертурніры ў Індыян-Уэлсе, дзе ў фінальным матчы ў чацвёрты раз у кар’еры выйграла ў Серэны Уільямс з лікам 6:4, 6:4. Гэта другая перамога беларускай тэнісісткі над Уільямс у двухсэтавым фармаце. Азаранка здабыла дзевятнаццаты тытул у кар’еры. Гэтая перамога зрабіла магчымым вяртанне беларускі ў топ-10 сусветнага рэйтынгу — пасля завяршэння турніру Азаранка заняла 8-е месца ў рэйтынгу. Праз два тыдні беларуская тэнісістка выйшла ў фінал супертурніру ў Маямі, дзе перамагла ў матчы за тытул расійскую тэнісістку Святлану Кузняцову. Азаранка заваявала 20-ты тытул у кар’еры, а таксама стала трэцяй тэнісісткай у гісторыі (пасля Штэфі Граф і Кім Клейстэрс), у якой атрымалася выйграць у адзін год два супертурніры амерыканскай серыі — т.зв. «Сонечны дубль» Індыян-Уэлс — Маямі. Па дарозе да перамогі Азаранка зноў была лепшай за Анжалік Кербер, а ў чацвёртым раўндзе прайшла Гарбінье Мугурусу (гэта была першая сустрэча тэнісістак). Перамога ў Маямі дазволіла Азаранцы заняць 5-е месца ў рэйтынгу.

На турніры ў Мадрыдзе беларуская тэнісістка, расстаўленая з нумарам 4, атрымала дзве перамогі — над брытанкай Лорай Робсан і францужанкай Алізэ Карнэ, але была вымушана спыніць далейшы ўдзел у турніры ў сувязі з траўмай спіны. Падобным чынам скончыўся ўдзел Вікторыі ў турніры з серыі Вялікага шлема ў Парыжы і ва Уімблдане — гэтым разам прычынай стала траўма калена.

15 ліпеня 2016 года Вікторыя Азаранка заявіла пра цяжарнасць, у сувязі з чым узяла паўзу ў кар’еры.

Вікторыя Азаранка спрабавала вярнуцца ў тур да лета 2017 года. Але яна не згуляла на шэрагу турніраў у сувязі з сямейнымі праблемамі (адносна апекі над яе сынам Леа).

Аднавіла ўдзел у турнірах WTA.

У красавіку на спаборніцтвах у мексіканскім Мантэрэі атрымала шэраг перамог, у тым ліку абыграла ў паўфінале пятую ракетку свету немку Анжаліку Кербер. Аднак Вікторыя Азаранка не змагла з-за траўмы завяршыць фінальны матч турніру з іспанкай Гарбінье Мугурусай. Дзякуючы выхаду ў фінал у Мантэрэі, Вікторыя Азаранка паднялася на 60-е месца ў рэйтынгу WTA.

У 2020 годзе Азаранка заваявала свой першы тытул за больш чым чатыры гады, выйграўшы турнір у Нью-Ёрку, а затым выйшла ў свой пяты фінал турніру Вялікага шлема на «US Open». Вікторыя стала адной з пяці тэнісістак, якім удалося выйсці не менш чым у тры фіналы ў 2020 годзе. Пасля «US Open» вярнулася ў топ-20 рэйтынгу WTA ўпершыню з сакавіка 2017 года і завяршыла сезон пад нумарам 13. Яна стала ўладальніцай узнагароды WTA «Вяртанне года»[3].

Перамогі ў турнірах WTA Tour у адзіночным разрадзе

правіць
  • 2009 — Брысбен (Аўстралія)
  • 2009 — Мэмфіс (ЗША)
  • 2009 — Маямі (ЗША)
  • 2010 — Стэнфард (ЗША)
  • 2010 — Масква (Расія)
  • 2011 — Люксембург (Люксембург)
  • 2011 — Марбелья (Іпанія)
  • 2011 — Маямі (ЗША)
  • 2012 — Сідней (Аўстралія)
  • 2012 — Адкрыты чэмпіянат Аўстраліі (Мельбурн, Аўстралія)
  • 2012 — Доха (Катар)
  • 2012 — Індыян-Уэлс (ЗША)
  • 2012 — Адкрыты чэмпіянат Кітая (Пекін, КНР)
  • 2012 — Лінц (Аўстрыя)
  • 2013 — Адкрыты чэмпіянат Аўстраліі (Мельбурн, Аўстралія)
  • 2013 — Доха (Катар)
  • 2013 — Цынцынаці (ЗША)
  • 2016 — Брысбен (Аўстралія)
  • 2016 — Індыян-Уэлс (ЗША)
  • 2016 — Маямі (ЗША)
  • 2020 — Цынцынаці (ЗША)

Перамогі ў турнірах WTA Tour у парным разрадзе

правіць
  • 2006 — Ташкент (Узбекістан) — у пары з Таццянай Пучак
  • 2009 — Мэмфіс (ЗША) — у пары з Каралін Вазняцкі
  • 2009 — Індыян-Уэлс (ЗША) — у пары з Верай Званаровай
  • 2010 — Цынцынаці (ЗША) — у пары з Марыяй Кірыленкай
  • 2011 — Мадрыд (Іспанія) — у пары з Марыяй Кірыленкай
  • 2011 — Стэнфард (ЗША) — у пары з Марыяй Кірыленкай

Перамогі ў змяшаным парным разрадзе

правіць
  • 2007 — Адкрыты чэмпіянат ЗША — у пары з Максімам Мірным
  • 2008 — Адкрыты чэмпіянат Францыі — у пары з Бобам Браянам
  • 2012 — Алімпійскія гульні ў Лондане — у пары з Максімам Мірным

Асабістае жыццё

правіць

У 2012—2014 гадах Вікторыя сустракалася з амерыканскім музыкам Redfoo.

19 снежня 2016 года нарадзіла ў Лос-Анджэлесе сына Леа[4] ад свайго бойфрэнда Білі Макіга. Пара разыйшлася летам 2017 года, пасля чаго пачаліся судовыя разборы наконт апекі над сынам, Вікторыя прапусціла астатак сезона 2017 года. Судовыя разбіральніцтвы працягнуліся ў 2018 і 2019 гадах.

Крыніцы

правіць
  1. а б Player Profile // WTA website
  2. Person Profile // Internet Movie Database — 1990. Праверана 13 ліпеня 2016.
  3. wtatennis.com
  4. Виктория Азаренко родила сына

Літаратура

правіць
  • Азаренко Виктория // Кто есть кто в Республике Беларусь: Электронный справочник; БДГ on-line. — Эл. ресурс bdg.by

Спасылкі

правіць