Вілейскі краязнаўчы музей
Вілейскі краязнаўчы музей — музей Вілейкі. Заснаваны на падставе Пастановы ЦК КПБ Б-44/7 ад 30 ліпеня 1982 г.[1]
Вілейскі краязнаўчы музей | |
---|---|
Профіль | Гістарычны, краязнаўчы |
Заснаваны | 1982 |
Падпарадкаванасць | упраўленне культуры Мінаблвыканкама. |
Месцазнаходжанне | Мінская вобласць, г. Вілейка, пл. Свабоды, 1, 222410 |
Наведвальнікі | 24203 (на 1.01.2012) |
Памеры фонду | 25242 (на 1.01.2012) |
Дырэктар | Ігар Сямёнавіч Кіцікаў |
Адкрыты | 9.00–17.00, акрамя панядзелка і апошняй пятніцы месяца |
vilmuseum.by |
Арганізаваць у Вілейцы краязнаўчны музей упершыню прапанавалі вілейскія настаўнікі Б. Фельдман і Ф. Шыраеў яшчэ ў 1941 годзе. З такой прапановай яны звярнуліся ў рэдакцыю абласной «Сялянскай газеты»:
У музеі мы зможам убачыць рост асветы, развіцце навукі і мастацтва, прамысловасці і сельскай гаспадаркі ў нашай краіне і ў прыватнасці ў вобласці… Абласны цэнтр павінен мець свой музей… |
Першая экспазіцыя музея была створана ў 1985 годзе[1] і 7 мая музей адчыніў свае дзверы для першых наведвальнікаў[1]. 1 студзеня 2005 года адбылася змена назвы на Дзяржаўная ўстанова «Вілейскі краязнаўчы музей».
Музей размяшчаецца ў будынку, які з’яўляецца помнікам грамадзянскай архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя. У 2014 годзе будынак экспазіцыі музея быў закрыты на капітальны рамонт і сёння мае сучасны, прывабны выгляд. Для наведвальнікаў, у сувязі з адсутнасцю пастаяннай экспазіцыі, у музеі ладзяцца экспазіцыі часовыя.
Экспазіцыя
правіцьЭкспазіцыя пабудавана па тэматыка-калекцыйнаму метаду і ўключае ў сябе такія раздзелы, як «Час», «Вытокі», «Вілія», «Народныя рамёствы і промыслы Вілейшчыны», «Хата», «Вайна», «Пакуты», «Вілейка», «Канстанцін Тышкевіч і яго экспедыцыя па Віліі». Такі спосаб паказу дазваляе перыядычна мяняць тэмы або калекцыі, уносіць дапаўненні.
Гісторыя і культура Вілейскага краю паказаны ад старажытных часоў да другой паловы ХХ стагоддзя. Музей захоўвае матэрыялы археалагічных раскопак паселішчаў V—I тысячагоддзя да н.э. і курганных могільнікаў І тысячагоддзя н.э. У музеі экспануюцца: нумізматычная калекцыя, у т.л. Касцяневіцкі манетны скарб ХVІІ стагоддзя, калекцыя дакументаў з царкоўных архіваў ХVІІІ-ХХ стагоддзяў, прадметы этнаграфіі, прадстаўленыя вырабамі ганчарства, ткацтва, пляцення, вышыўкі. У экспазіцыі прадстаўлены рарытэты: скарб крамянёвых нажоў эпохі неаліту, скроневыя кольцы, іншыя жаночыя ўпрыгожанні Х-ХІІ стагоддзяў, падзорная труба і чыгуннае ядро напалеонаўскай арміі (часоў вайны 1812 года), нагрудны знак памочніка вілейскага гарадскога старасты 1892 года, так званы стальны панцыр — дэталь амуніцыі панцырнай роты Чырвонай арміі 1943 года.
Агульная колькасць прадметаў музейнага фонду на 1.01.2012 года — 25242 адзінак.
У экспазіцыі размешчаны творы мастака Івана Занкавіча, майстра саломапляцення Пятра Гатоўкі, майстра разьбы па дрэве Уладзіміра Субача.
Выставачная зала імя Нікадзіма Сілівановіча
правіць18 мая 1997 года паводле пастановы Вілейскага райвыканкама ў асобным будынку на плошчы Свабоды адкрыта выставачная зала імя Нікадзіма Сілівановіча, акадэміка жывапісу Расійскай Акадэміі мастацтваў, ураджэнца Вілейшчыны. Папярэдне зала месцілася ў будынку Крыжаўзвядзенскага касцёла, які мясцовыя ўлады вярнулі вернікам [2].
Тут рэгулярна праходзяць выстаўкі мастакоў, фатографаў, народных майстроў, з фондаў іншых музеяў. У выставачнай зале пастаянна экспануецца копія карціны Нікадзіма Сілівановіча «Салдат з хлопчыкам» (1866), з арыгіналу, які захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.
Папулярызацыя краязнаўства
правіцьУ музеі праводзяцца навукова-практычныя канферэнцыі, чытанні. Выпускаюцца краязнаўчыя зборнікі.
25 мая 2013 года ў музеі праведзеныя Першыя кандрацьеўскія чытанні «Талент, непадуладны часу», прысвечаныя Івану Кандрацьеву, ураджэнцу Вілейшчыны, рускаму паэту і пісьменніку, аўтару сусветна вядомай песні «По диким степям Забайкалья». Чытанні арганізаваныя Міністэрствам культуры, Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтваў і Вілейскім райвыканкамам.[3][4]
Разам з «Рэгіянальнай газетай» рэалізуе праект пад назвай «Найцікавейшыя экспанаты», паводле якога журналіст Алесь Высоцкі расказвае аб экспанатах музея, якія могуць выклікаць найбольшую цікавасць наведнікаў.[5][6]
Асветніцкая дзейнасць
правіцьМузей вядзе асветніцкую дзейнасць, накіраваную на дзіцячую і моладзевую аўдыторыю. У 2011—2012 ва ўстанове прайшоў цыкл культурна-адукацыйных лекцый аб сучасным мастацтве «Арт-Вілейка».[7]
Ініцыятарам праекта «Арт-Вілейка» — настаўніца вілейскай гімназіі № 2 Святлана Чабатар. «Арт-Вілейка» ставіла за мэту далучыць людзей да мастацтва, зрабіць зрэз патэнцыяльнай аўдыторыі: даведацца, хто цікавіцца мастацтвам у рэгіёне. Лекцыі адбываліся раз на месяц на працягу года.
Праект «Гістарычныя вандроўнічкі». Заняткі-гульні для выхаванцаў дзіцячых садкоў і вучняў пачатковай школы і ў выглядзе заняткаў-лекцый для вучняў старэйшых класаў. Праводзіўся ў 2008—2009 навучальным годзе. У забаўляльнай форме гульні дзецям давалі першапачатковыя веды па беларускай культуры, традыцыях і абрадах, народных промыслах і рамёствах, беларускаму фальклору.
Захаванне фальклору і народных традыцый
правіцьУ 2007 годзе у музеі пачала працаваць студыя вілейскіх народных абрадаў і традыцый «Краявід», якая ў 2010 годзе атрымала званне «народны аматарскі калектыў» [8].
Сваю дзейнасць студыя пачала з этнаграфічных экспедыцый па збіранню ўзораў народных абрадавых і святочных песень, запісу легендаў і паданняў, якія бытавалі і бытуюць на Вілейшчыне, збору прадметаў побыту, ткацтва, салома- і лозапляцення. Удзельнікі студыі праехалі дзесяткі вёсак Вілейскага раёна, запісалі вясельныя, купальскія, пятроўскія, веснавыя, восеньскія і інш. песні.
Студыяй запісаны абрад «Вянок» народнага вяселля, зроблены апісанні найбольш значных этапаў вяселля на Вілейшчыне, сабрана прадметы (адзенне, музычныя інструменты, папяровыя кветкі для вяночка маладой, шаргуны для вясельных коней і інш.), якія выкарыстоўваліся на вяселлі, фотаздымкі вяселляў канца ХІХ-ХХ ст.ст. Была вывучана навуковая літаратура, што змяшчае запісы даследчыкаў народнай культуры ў рэгіёне.
Удзельнікі студыі запісваюць успаміны аб тым, як праходзілі абрады на Вілейшчыне, якія рэчы ў іх выкарыстоўваліся і якую сімвалічную і семантычную значнасць яны мелі.
На падставе сабранага багатага матэрыялу складаюцца сцэнарыі абрадаў і святаў. Праводзіцца абрад вілейскага народнага вяселля «Горка — па-беларуску», які ладзіцца у музеі ў беларускай хатцы і на культурна-турыстычным аб’екце «Вільянін хутар». У абрадзе ўдзельнічаюць маладыя і госці вяселля.
Дырэктары
правіць- Шымакоўская Крысціна Браніславаўна (1983—1984)
- Яфімава Наталля Аляксееўна (1985—1991)
- Ігнатовіч Яўген Антонавіч (1992—1998)
- Лапко Валянціна Аляксееўна (1999—2007)
- Ганчар Сяргей Мікалаевіч (2008—2016)
- Аўдзей Надзея Віктараўна (2017—2021)
- Кіцікаў Ігар Сямёнавіч (са снежня 2021)
Супрацоўнікі музея
правіць- Андрэй Юр’евіч Каркотка, навуковы супрацоўнік
- Вольга Аляксандраўна Коласава, навуковы супрацоўнік
- Наталля Францаўна Ляшковіч, навуковы супрацоўнік па ахове гісторыка-культурных куштоўнасцяў
- Марыя Іванаўна Мячкоўская, старшы навуковы супрацоўнік
- Алена Валянцінаўна Стрэж, галоўны захавальнік фондаў
Зноскі
- ↑ а б в Вольга Коласава: Вілейскі краязнаўчы музей — 30 год з дня заснавання Архівавана 17 чэрвеня 2015.// «Рэгіянальная газета»
- ↑ Вольга Коласава: Зала імя Нікадзіма Сілівановіча, нарэшце, зноў знайшла сабе месца // «Рэгіянальная газета», 23 мая 1997 года, № 21, стар. 2.
- ↑ Першыя кандрацьеўскія чытанні ў Вілейцы (+фота) Архівавана 17 чэрвеня 2015. // «Рэгіянальная газета»
- ↑ Імя аўтара сусветна вядомай песні Івана Кандрацьева «По диким степям Забайкалья» вярнуў землякам яго аднавясковец Архівавана 17 чэрвеня 2015. // «Рэгіянальная газета»
- ↑ Што за знак меў памочнік Вілейскага старасты? Архівавана 17 чэрвеня 2015. // «Рэгіянальная газета»
- ↑ Незвычайны кубачак з Першай сусветнай захоўваецца ў Вілейскім музеі Архівавана 17 чэрвеня 2015. // «Рэгіянальная газета»
- ↑ У музеі распачаўся адукацыйны праект «Арт-Вілейка» // «Рэгіянальная газета»
- ↑ Гісторыя музея Архівавана 5 чэрвеня 2012. // Сайт музея
Спасылкі
правіць- Вілейскі краязнаўчы музей
- Афіцыйны сайт Вілейскага райвыканкама Архівавана 5 кастрычніка 2018.
- Минский областной центр народного творчества Архівавана 14 верасня 2018. (руск.)
- У адкрыцці мемарыяльнай дошкі выдатнаму навукоўцу з Вілейшчыны прыняла ўдзел навуковы супрацоўнік музея Архівавана 4 сакавіка 2016. // Сайт музея