Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь
Нацыяна́льны маста́цкі музе́й Рэспу́блікі Белару́сь — найбуйнейшы музей мастацкага профілю ў Рэспубліцы Беларусь. У экспазіцыі, філіялах і фондасховішчах знаходзіцца больш за дваццаць сем тысяч твораў, якія фарміруюць дваццаць разнастайных калекцый і складаюць два галоўныя музейныя зборы: збор нацыянальнага мастацтва і збор помнікаў мастацтва краін і народаў свету.
Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь | |
---|---|
| |
Заснаваны | 1939 |
Адкрыты | 1939 |
Месцазнаходжанне | вул. Леніна 20-22, 220030 Мінск, Беларусь |
Наведвальнікі | 215,8 тыс.[1] |
Памеры фонду | 30 000 ± 100 |
Дырэктар | Ганна Ўладзіміраўна Конанава |
Адкрыты | панядзелак-нядзеля: з 11.00 да 19.00 (каса да 18.30) |
Білет | школьны 3 руб., студэнцкі 3 руб., дарослы 6 руб. |
artmuseum.by | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Размешчаны ў Мінску на вул. Леніна 20-22.
Гісторыя
правіцьДаваенны перыяд
правіцьАфіцыйная гісторыя музея бярэ пачатак 24 студзеня 1939 — згодна з урадавай пастановай Савета Народных Камісараў БССР у Мінску стваралася Дзяржаўная мастацкая галерэя. Яна размясцілася ў пятнаццаці залах будынка Вышэйшай камуністычнай сельскагаспадарчай школы, былой Мінскай жаночай гімназіі. Акрамя аддзелаў жывапісу, скульптуры і графікі, у Галерэі адмысловай пастановай быў арганізаваны аддзел мастацкай прамысловасці. Кіраваў галэрэяй вядомы беларускі мастак-кераміст Мікалай Міхалап.
Да пачатку вайны былі вывезены і ўзяты на ўлік самыя каштоўныя творы культавага мастацтва ў цэрквах і касцёлах, сабраны вялікія фонды жывапісу, графікі і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Асновай мастацкай калекцыі Галерэі сталі творы з аддзелаў выяўленчага мастацтва гістарычных музеяў Мінска, Віцебска, Магілёва і Гомеля. Некалькі твораў са сваіх фондаў падаравалі Траццякоўская галерэя і Рускі музей, Музей выяўленчых мастацтваў імя А. С. Пушкіна і Дзяржаўны Эрмітаж.
Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР у Мастацкую галерэю былі звезеныя мастацкія творы з нацыяналізаваных сядзіб і замкаў, у тым ліку і частка калекцыі палаца князёў Радзівілаў у Нясвіжы. Такім чынам, калекцыя папоўнілася багатым зборам слуцкіх паясоў, французскіх габеленаў XVIII ст., партрэтнага жывапісу XVI-XIХ стст.
Напачатку 1941 фонды ДКГ БССР налічвалі 2711 твораў, з якіх 400 знаходзіліся ў экспазіцыі.
Страты ў час вайны
правіцьЗ пачаткам вайны калекцыю рыхтавалі да эвакуацыі. Але вывезці не паспелі. Акупаваны Мінск наведвалі Г. Пасэ і К. Мюльман. Г. Пасэ — дырэктар Дрэздэнскай галерэі і асоба, упаўнаважаная па стварэнні асабістага музея Гітлера на яго радзіме, у Лінцы. К. Мюльман — асоба, упаўнаважаная па ўліку культурных і мастацкіх каштоўнасцей на ўсходніх землях. Наведалі Мінск і прадстаўнікі таварыства «Спадчына», якое ўзначальваў Гімлер. Каля 170 найлешпшых твораў рускага і заходнееўрапейскага мастацтва[2] былі канфіскаваныя Г. Пасэ, каштоўныя калекцыі адпраўлены ў Рэйх і ў Кёнігсберг. Да верасня 1941 збор мастацкай галерэі быў практычна страчаны. У гэты час Вільгельм Кубэ скардзіцца А. Розенбергу, што Мінск пазбавіўся мільённых каштоўнасцей, бо «каштоўныя палотны, мэблю XVIII—XIX стст., вазы, вырабы з мармуру, гадзіннікі і г.д. СС аддае на разрабаванне вермахту».
Збор мастацкай галерэі перастаў існаваць, і яго страту можна назваць незваротнай. Лёс даваеннага збору ДКГ дагэтуль невядомы. Пошук яго ўскладняе адсутнасць вопісаў. У «Вопісе музейных каштоўнасцей, вывезеных гітлераўцамі ў Германію і ў краіны яе саўдзельнікаў і знішчаных у выніку разбойніцкіх дзеянняў» 1944 года, складзенай музейнымі супрацоўнікамі па памяці, значацца 223 творы рускага жывапісу, 32 — заходнееўрапейскага, мэбля з «Сіняй спальні» Аляксандра II ў Зімнім палацы, 60 ікон XVI—XVIII стагоддзяў, 89 твораў скульптуры, 48 слуцкіх паясоў, 480 прадметаў расійскага фарфору, 800 — заходнееўрапейскага, 30 прадметаў старажытнага ўрэцкага шкла, 200 «посцілак» ручной працы беларускіх ткачых, сотні твораў беларускіх мастакоў канца XIX — пачатку XX стагоддзя.
Пасляваенны перыяд
правіцьПасля вайны ў Беларусь вярнулася толькі невялікая частка твораў, якія знаходзіліся напярэдадні вайны на выстаўках у РСФСР (напрыклад, бюст князя П. А. Румянцава-Задунайскага працы Ф. Шубіна), або знойдзеных савецкімі салдатамі ў канцы вайны ў гарадах Усходняй Прусіі (калекцыя партрэтаў з Нясвіжа). Некаторыя працы былі знойдзены ў Мінску («Шахцёр з лямпачкай» М. Касаткіна, «Восень» І. Левітана, «Раніца вясны» У. Кудрэвіча выявілі ў недабудаваным будынку ЦК КПБ).
Другі этап гісторыі музея звязаны з самаахвярнай дзейнасцю заслужанай дзеячкі мастацтваў БССР, дырэктара Галерэі з 1944 Алены Аладавай.
Пасля вызвалення Мінска Галерэя атрымала чатыры пакоі Дома прафсаюзаў на плошчы Свабоды. У жніўні 1945 галерэя набыла палотны Б. Кустодзіева, В. Паленава, К. Брулова і І. Левітана. Дзяржаўны музей імя А. С. Пушкіна перадаў некалькі карцін заходнееўрапейскіх майстроў, Дзяржаўны Расійскі музей — тры пейзажы А. Куінджы, пейзаж А. Багалюбава і парадны партрэт імператрыцы Кацярыны II. На былым Архірэйскім падворку ў Мінску былі знойдзены цудам ацалелыя абразы — у тым ліку і шэдэўры беларускага іканапісу «Нараджэнне Маці Божай» Пятра Яўсеевіча з Галынца 1649 г., «Параскева» і «Узнясенне» XVI стагоддзя.
У 1946 годзе ў фондах было ўжо 317 твораў. Месца для экспазіцый не хапала. Аладава атрымала дазвол на будаўніцтва будынка для Галерэі. Праектаванне было даручана Міхаілу Бакланаву.
Будаўніцтва Мастацкай галерэі з дзесяццю прасторнымі заламі, размешчанымі на двух паверхах, было завершана ў 1957 годзе. Будынак стаў адным з першых музейных будынкаў у гісторыі савецкай архітэктуры. 5 лістапада прадстаўленнем новай экспазіцыі і Усебеларускай выстаўкі ўрачыста адкрыўся Дзяржаўны мастацкі музей БССР (так стала звацца былая Мастацкая галерэя з 10 ліпеня 1957 года). Калекцыя музея тады ўжо дасягала трох тысяч твораў рускага, савецкага і беларускага мастацтва.
З абвяшчэннем незалежнасці Беларусі пасля распаду СССР змяніўся статус музея — з 1993 года музей называецца Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь.
У 1957 годзе было завершана будаўніцтва будынка Дзяржаўнай карціннай галерэі па праекце архітэктара М. І. Бакланава. Адначасова ў 1956—1958 гг. быў распрацаваны праект абсталявання мастацкага музея.
У працэсе эксплуатацыі будынка стала відавочна, што прадугледжаных экспазіцыйных плошчаў, сховішчаў, службовых кабінетаў не хапае. У 1989 г. на баланс музея перададзены дом № 25 па вул. Кірава, у 1999 г. — 5-павярховы будынак № 22 па вул. Леніна. У 2007 г. уведзены ў эксплуатацыю новы музейны комплекс, што завяршыла першы этап генеральнай рэканструкцыі музея.
У 2000 годзе ў адкрыты для наведвальнікаў яшчэ адзін філіял музея ў былым доме Ваньковічаў у Мінску з пастаяннай экспазіцыяй «Культура і мастацтва першай паловы XIX стагоддзя»[3].
Сёння гэта адзін з найбагацейшых музеяў Усходняй Еўропы. У экспазіцыі, філіялах і фондасховішчах маецца больш 27 тысяч твораў, якія фарміруюць 20 калекцый і складаюць збор нацыянальнага мастацтва і збор помнікаў мастацтва краін і народаў свету.
У чэрвені 2020, у час перадвыбарнай прэзідэнцкай кампаніі быў вымушаны звольніцца вядомы экскурсавод Мікіта Моніч, які размясціў у сябе на старонцы ў Facebook антылукашэнкаўскі верш і адмовіўся яго выдаляць па просьбе кіраўніцтва музея[4]. Пасля масавых фальсіфікацый на выбарах, жорсткага разгону акцый пратэстаў, збіцця і катаванняў затрыманых пратэстоўцаў, калектыў выходзіў на акцыі пратэсту на прыступкі музея 13 жніўня[5], а пасля 17 жніўня з плакатамі з надпісамі «Мы супраць гвалту», «Нам таксама балюча»[6]. 18 жніўня супрацоўнікі мастацкага музея выйшлі на акцыю для таго, каб прыцягнуць увагу да знікнення Канстанціна Шышмакова, дырэктара Ваўкавыскага ваенна-гістарычнага музея імя П. Баграціёна[7].
Архітэктура
правіцьБудынак сучаснага Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі праектаваўся як Дзяржаўная карцінная галерэя (аўтар праекта М. І. Бакланаў).
У тлумачальнай запісцы да праектнага задання аўтарам адзначалася: «Пры праектаванні было знойдзена такое архітэктурна-кампазіцыйнае вырашэнне, якое дало магчымасць горадабудаўніча вырашыць задачу забудовы гэтага адрэзка і дасягнуць цэльнага архітэктурнага вырашэння ў аб'ёмнай кампазіцыі ўсёй забудовы, у адзіным комплексе. Будынак галоўным фасадам арыентаваны ў бок вуліцы Леніна. Уваход у будынак займае самае выгаднае месца і падкрэслены лоджыяй. Сцяна ў глыбіні лоджыі ўзбагачаецца ляпным тэматычным гарэльефам, выява якога будзе выканана на фоне плоскасці сцяны, апрацаванай смальтай».
Будаўніцтва завершана ў 1957 г. Варта адзначыць, што ў ходзе будаўніцтва былі ўнесены некаторыя карэктывы ў першапачаткова запраектаванае архітэктурнае афармленне. Так, у прыватнасці, на галоўным фасадзе былі выкананы іншага малюнка капітэлі калон і пілястраў, ва ўваходнай частцы адсутнічае тэматычны гарэльеф, зменены скульптурныя кампазіцыі.
У мастацкім вырашэнні музея цесна перапляліся дзве тэмы — трыумф вялікай перамогі (урачыстасць і манументальнасць) і храм-сховішча мастацкіх скарбаў. Галоўны фасад уяўляе сабой сінтэз архітэктуры і скульптурнай пластыкі, перададзеных з высокай эстэтычнай выразнасцю.
Рашэнне фасада музея характарызуецца мадэрнізаванай інтэрпрэтацыяй класіцыстычнай тэмы, актыўным выразным элементам з'яўляецца стылізаваны атык-франтон са скульптурнай кампазіцыяй у завяршэнні (скульпт. А. Бембель). Нішы з алегарычнымі скульптурнымі кампазіцыямі (скульпт. П. Белавусаў, С. Адашкевіч, Л. і М. Раберманы) фланкіруюць уваходную нішу з каланадай кампазітнага ордара. Барэльефы на плоскасці атыка падтрымліваюць чляненне фасада[8].
У плане фарміруецца дамінантным двухсветлавым вестыбюлем з трохмаршавай лесвіцай, вакол якой на другім паверсе размешчана адкрытая галерэя. Выставачныя залы вырашаны амфіладай на тым жа другім паверсе[8].
Калекцыя музея
правіцьКалекцыя музея налічвае больш за 27 000 твораў, якія складаюць шэсць галоўных музейных збораў
- Старажытнабеларускае мастацтва
- Беларускае мастацтва XIX ст.
- Беларускае мастацтва XX ст.
- Рускае мастацтва XVIII — пач. XX ст.
- Еўрапейскае мастацтва XVI—XX ст.
- Мастацтва краін Усходу XIV—XX ст.
Старажытнабеларускае мастацтва
правіцьЗбор старажытнабеларускага мастацтва (каля 120 работ XII — канца XVIII ст.) Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь з'яўляецца самым значным у дзяржаве. Актыўнае фарміраванне калекцыі старажытнабеларускага мастацтва праходзіць у пасляваенныя гады шляхам навуковых экспедыцый 1946—1978 гг., дзякуючы якім для нашчадкаў захаваліся ўнікальныя абразы, узоры разьбярства, ткацтва і мастацкага ліцця.
У экспазыцыі прадстаўлены фрагменты фрэсак, абразы і разьбяная скульптура, свецкія партрэты, кніжная графіка і ўзоры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва XII—XVIII стст.
Рарытэтам збору з'яўляюцца мініяцюры рукапіснага шарашоўскага Евангелля XVI ст. (паходзіць з царквы г.п. Шарашова Брэсцкай вобласці, якая не захавалася). Побач дэманструюцца абразы XV—XVI стст., выкананыя з захаваннем традыцый візантыйскай мастацкай школы — «Маці Божая Адзігітрыя», «Маці Божая Адзігітрыя Смаленская». У абразах «Спас Уседзяржыцель» і «Параскева Пятніца» гарманічна спалучаюцца ўплывы візантыйскай, рускай і заходнеўрапейскай мастацкай традыцыі, якія паўплывалі на фарміраванне самабытнай беларускай іканапіснай школы.
У экспазіцыі прадстаўлены і шэраг партрэтаў, перададзеных Мастацкай галерэі БССР у 1939 г. з Нясвіжскага замка Радзівілаў. Паводле інвентароў, фамільная партрэтная галерэя аднаго з магутнейшых магнацкіх родаў Вялікага Княства Літоўскага на 1770-я гады налічвала каля тысячы палотнаў. Партрэты ствараліся як невядомымі мясцовымі майстрамі, так і прыдворнымі замежнымі мастакамі, да кола якіх адносяцца такія майстры, як Барталамей Стробель (1591—1650), Андрэй Стэх (1635—1697) і інш.
-
Параскева. Сярэдзіна XVI ст. Дрэва, тэмпераю 117х81х2,5
-
Царская брама, XVI ст.
-
Невядомы мастак. Партрэт Юрыя Радзівіла, XVII ст.
-
Слуцкі пояс, XVIII ст.
-
Юзаф Ксаверый Гескі. Партрэт Станіслава Аўгуста Панятоўскага. 1783
Беларускае мастацтва XIX ст.
правіцьУ выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1797 г. Беларусь увайшла ў Паўночна-Заходні край Расійскай імперыі. Мастацтва гэтага перыяду ў зборы музея прадстаўлена мастакамі, якія навучаліся ў Пецярбургу і Маскве і, такім чынам, прынеслі ў беларускае мастацтва рускую мастацкую традыцыю.
У музеі знаходзіцца вялікая калекцыя твораў Івана Фаміча Хруцкага, які праславіўся сваімі яркімі дэкаратыўнымі нацюрмортамі («Садавіна і кветкі», «Кветкі і садавіна», «Плады і свечка» другая палова 1830-х). Пейзажы і партрэты розных гадоў прадстаўляюць у экспазіцыі творчасць ураджэнца мінскай губерні Апалінарыя Гілярыевіча Гараўскага, выпускніка Пецярбуржскай акадэміі мастацтваў і друга Паўла Траццякова.
На канец ХІХ і пачатак ХХ ст. прыпадае творчасць двух вядомых пейзажыстаў, ураджэнцаў Беларусі — С. Ю. Жукоўскага і В. К. Бялыніцкага-Бірулі, якія атрымалі адукацыю ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства і знаходзіліся пад уздзеяннем мастацтва І. І. Левітана і В.Дз. Паленава. Іх творы пастаянна з'яўляліся на выстаўках перадзвіжнікаў, Маскоўскага таварыства аматараў мастацтваў, Саюза рускіх мастакоў.
Жамчужынай калекцыі з'яўляецца праца беларуска-польскага мастака Фердынанда Рушчыца «Ля касцёла» — адна з трох прац гэтага мастака, змешчаных у Беларусі.
И. Хруцкий. Портрет неизвестной с цветами и фруктами. 1838.jpg|left|thumb|І. Хруцкі. Партрэт невядомай за кветкамі і фруктамі. 1838]] Ля касцёла.jpg|Ф. Рушчыц. Ля касцёла. 1899]]Беларускае мастацтва XX — пачатку ХХІ ст.
правіцьЭкспазіцыя беларускага выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ХХ — пачатку ХХI стагоддзя была адкрыта ў 2006 годзе і з'яўляецца найбольш поўнай за ўсе гады існавання музея. Зараз у экспазіцыі знаходзіцца 380 работ 193 мастакоў.
Фонд беларускага сучаснага мастацтва пачаў стварацца ў 1939 годзе, але калекцыя была практычна цалкам разрабавана ў час Вялікай Айчыннай вайны. Творы сталі набывацца зноў яшчэ ў ваенны час ў мастакоў і прыватных калекцыянераў. У 1947 годзе з Германіі былі вернуты некаторыя каштоўнасці. У канцы 1940-х гг. Мінску было перададзена больш за 200 карцін з былой Віцебскай галерэі імя Ю. Пэна. З 1944 года пачалася мэтанакіраваная закупка твораў сучасных мастакоў Беларусі. На сённяшні дзень фонд беларускага мастацтва ХХ — пачатку ХХI стагоддзя налічвае каля 12 тысяч твораў жывапісу, графікі, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і ўвесь час папаўняецца.
Пачынаючы з 1920-х гг. у беларускім выяўленчым мастацтве назіраецца пэўны адыход ад канонаў акадэмізму і жывапісна-пластычных прынцыпаў позняга перадзвіжніцтва на карысць новай вобразнай мовы, звязанай з традыцыяй авангардызму. Мастакі не імкнуцца да дэталёвай мадэліроўка адлюстраванага, адмаўляюцца ад акадэмічных правілаў малюнка і перспектывы, ілюзорнасці колеру, будуюць прасторавыя аб'ёмы лакальнымі колеравымі плямамі, дасягаюць абвостранага ўспрымання свету шляхам дэфармацыі і стылізацыі формы.
Усе творы, прадстаўленыя на пастаянным музейным экспанаванні, з'яўляюцца «знакавымі», найбольш ярка адлюстроўваючы той ці іншы перыяд у гісторыі беларускага мастацтва.
-
С. Жукоўскі. Вуглавая зала. 1916
-
Ю. Пэн. Партрэт Шагала. Сярэдзіна 1910-х
-
М. Кунін. Мастацтва камуны. 1919
-
У. Кудрэвіч. Раніца вясны, 1924
-
Я. Драздовіч. Абсерваторыя на кольцы Сатурна. 1931
-
М. Савіцкі. Партызанская мадона. 1978
-
М. Данцыг. Мой горад стары-малады. 1972
-
І. Басаў. Дамы і дрэвы. 1972
Рускае мастацтва XVIII — пач. XX ст.
правіцьКалекцыя рускага мастацтва займае адно з вядучых месцаў у зборы Нацыянальнага мастацкага музея. Ахоплівае перыяд свайго стварэння з XVIII і да пачатку XX стагоддзя і ўключае ў сваю калекцыю творы жывапісу, скульптуры, графікі і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Прадстаўленыя ў пяці экспазіцыйных залах творы рускага жывапісу даюць унікальную магчымасць прасачыць асноўныя этапы станаўлення і фарміравання стыляў у рускім мастацтве ад эпохі Асветы Пятра I да эпохі мастацкіх аб'яднанняў пачатку XX ст. Усяго калекцыя налічвае больш за пяць тысяч твораў, сярод якіх палотны Трапініна, Кустодзіева, Пукірава, Айвазоўскага, Шышкіна, Куінджы, Рэпіна, Макоўскага, Левітана, Каровіна, Урубеля, Машкова.
-
Ф. Рокатаў. Партрэт А. П. Кутайсавай. Пач. 1780-х
-
В. Пукіраў. Няроўны шлюб. Варыянт 1875 г.
-
А. Куінджы. Бярозавы гай. 1901
-
І. Машкоў. Партрэт жанчыны. 1908
-
М. Урубель. Садко. 1898 - 1899
Еўрапейскае мастацтва XVI—XX ст.
правіцьПачатак збіральніцкай дзейнасці музея ў гэтым напрамку неабходна аднесці да канца 1940-х гадоў. Асабліва інтэнсіўна фонд еўрапейскага мастацтва папоўніўся ў 1960-1970-я гады. Творы, экспануемыя ў гэтай зале, дазваляюць прасачыць складаны шматвяковы шлях развіцця мастацтва Еўропы пачынаючы з канца XVI і амаль да XX стагоддзя.
З мастацтвам Італіі XVI—XVIII стагоддзяў знаёмяць партрэты, карціны на міфалагічныя і біблейскія сюжэты.
Мастацтва Нідэрландаў XVI стагоддзя адзначана агульнымі для еўрапейскага мастацтва рысамі. У цэнтры ўвагі мастакоў па-ранейшаму застаюцца чалавек і яго непарыўная сувязь з навакольным светам. Асноўнымі сюжэтамі застаюцца рэлігійныя, але ў трактоўцы нідэрландскіх майстроў яны напоўнены большай апавядальнасцю і любоўю да дэталей.
-
Франчэска Казанова. Краявід з быком. Італія
-
Джыралама Тропа. Міфалагічны сюжэт. Італія, 1710
-
Пітэр Тыз. Венера ў кузні Вулкана. ХVII ст. Нідэрланды
-
Ж.-А. Гудон. Вальтэр, які сідзіць у крэсле. Адліў пасля 1839. Францыя
Уяўленне пра своеасаблівасць фламандскага жывапісу XVII стагоддзя даюць жывапісныя палотны Я. Ф. Блумена, Я. Кеселя Старэйшага, П. Тыза. У карціне «Венера ў кузні Вулкана», напісанай П. Тызам (1624—1677/1679), вядомым майстрам фламанскай школы і адным з лепшых вучняў Ван Дэйка, на сюжэт з «Энеіды» Вергілія, персанажы антычнай легенды набываюць сапраўдны фламандскі характар, дзе пры нястрымнай мастацкай фантазіі ўсё набывае характар пераканаўчай праўды, рэальнасці і вернасці свету, які яны адлюстроўваюць. Паралельна з буйнафарматнымі карцінамі развіваўся ў Фландрыі і так званы «кабінетны жывапіс» з усімі яго ўлюбёнымі жанрамі, уключаючы кветкавы нацюрморт «Мадонна ў кветках» Даніэля Сегерса, тыповы для творчасці мастака, аўтара шматлікіх гірляндаў і вянкоў з кветак, якія абрамляюць невялікія сцэны рэлігійнага зместу, напісаныя іншымі мастакамі.
-
Ян Франс Блумен. Краявід з фігурамі. XVII—XVIII ст. Фландрыя
Гонарам калекцыі французскага мастацтва XVII—XIX стагоддзяў з'яўляюцца творы Г. Рабера, К.-Ж. Вернэ, А. Грыму, Ф. Жэрара, Ж.-Б. Рэньё, Ж.-Ф. дэ Труа і інш.
З жывапісам Аўстрыі, Англіі, Германіі, Даніі, Бельгіі, Польшчы знаёмяць творы В. Петэра, Дж. Морланда «Вяртанне паляўнічага», 1792, Т. Баркера, Х. Йенсэна, Д. Натэра, Ю. Рапацкага і інш.
Акрамя жывапісу ў экспазіцыі можна ўбачыць таксама работы буйнейшых скульптараў Італіі, Францыі XVIII—XIX стст. і вырабы вядомых фарфоравых мануфактур Еўропы XVIII — пачатку XX ст., такіх як Каралеўская Мануфактура Саксонскага фарфору ў Мэйсене, Берлінская Каралеўская фарфоравая мануфактура і інш.
Мастацтва краін Усходу XIV—XX ст.
правіцьНацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь валодае вялікім зборам помнікаў культуры і мастацтва народаў Усходу. Гісторыя гэтай калекцыі пачынаецца з канца 1950-х гадоў, калі Міністэрствам культуры КНР быў перададзены ў музей значны збор твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Кітая. У 1960 г. істотную дапамогу ў папаўненні калекцыі аказаў Дзяржаўны музей мастацтва народаў Усходу ў Маскве. Набыцці ў прыватных калекцыянераў пасля значна папоўнілі і пашырылі збор. Сёння ў калекцыі прадстаўлены традыцыйныя віды мастацтва краін Пярэдняй, Сярэдняй, Цэнтральнай, Паўднёвай і Паўднёва-Усходняй Азіі, Каўказа і Далёкага Усходу: жывапіс і скульптура, мініяцюра і мастацтва народнай карціны, ткацтва і мастацкі метал, кераміка і фарфор, распісная і перагародчатая эмаль, разьба па дрэве, косці, каменю, распісныя і разныя лакі.
-
Белае уцікаке. Японія
-
Пояс обі. XIХ ст. Японія
-
Нэцке. Японія
-
Леў Фо. Кітай
Дзейнасць
правіцьМузей праводзіць навукова-даследчыцкую, збіральніцкую і папулярызатарскую работу, наладжвае выстаўкі твораў беларускіх і замежных майстроў, ажыццяўляе навуковую і творчую сувязь з замежнымі музеямі, арганізоўвае выставачны абмен, праводзіць лекцыі, экскурсіі, заняткі клубаў мастацтвазнаўцаў і аматараў мастацтва, дапамагае ствараць карцінныя галерэі, мастацкія аддзелы ў іншых гарадах Беларусі. Выдае каталогі, альбомы, паштоўкі.
Пры музеі дзейнічае бібліятэка, кінаклуб, лекторый, арт-кафэ.
З 1991 года працуе мастацка-адукацыйная студыя «У госці да Цюбіка», кіраўнік — Вольга Яўгенаўна Брыгадная. Студыя задумвалася як клуб для дзяцей і бацькоў, якія любяць і разам вывучаюць мастацтва. У ёй займаюцца дзеці, пачынаючы з 3-5 гадоў і да старэйшых класаў. Дзеці малююць, удзельнічаюць у выставах, сустракаюцца з мастакамі, а таксама знаёмяцца з гісторыяй і архітэктурай у паездках па Беларусі і іншых краінах.
Навуковыя аддзелы
правіць- Аддзел старажытнабеларускага мастацтва
- Аддзел сучаснага беларускага мастацтва
- Аддзел рускага і замежнага мастацтва
- Навукова-фондавы аддзел
- Навукова-рэстаўрацыйны аддзел
- Інфармацыйна-выдавецкі аддзел
- Выставачны аддзел
- Аддзел навукова-асветніцкай работы
Кіраўніцтва
правіцьУ розныя часы музей узначальвалі:
- М. Міхалап (у 1939—41)
- А. Аладава (з 1944)
- Ю. Карачун (у 1977—97)
- У. Пракапцоў (1998—2023)
- Г. Конанава (з 2023)
Філіялы
правіць- Мазырская раённая карцінная галерэя (з 1978)
- Музей народнага мастацтва ў Раўбічах (з 1979)
- Музей В. К. Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве (з 1982)
- Архітэктурны комплекс XVI—XVIII стагоддзяў у Гальшанах (з 1989)
- Палацава-паркавы комплекс XV—XX стагоддзяў у Міры (1992—2011)
- Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы XIX стагоддзя, Мінск (з 2000)
- Мемарыяльны музей З. Азгура, Мінск (з 2000)
-
Касцёл Святога Мацвея Апостала ў Раўбічах, у якім размешчаны Музей народнага мастацтва
-
Дом Ваньковічаў
Зноскі
- ↑ Топ-7 самых папулярных музеяў Беларусі
- ↑ А. А. Гужалоўскі. Музеі Беларусі ў час нямецкай акупацыі (1941—1944) Архівавана 19 чэрвеня 2018.
- ↑ Гісторыя музея
- ↑ Экскурсавода Нацыянальнага мастацкага музею Мікіту Моніча вымусілі звольніцца за верш пра Лукашэнку
- ↑ Художественный музей прямо сейчас
- ↑ Сотрудники Национального художественного музея вышли протестовать против насилия(недаступная спасылка)
- ↑ Пропавшего директора музея из Волковыска, который отказался подписывать протокол голосования на выборах, нашли мертвым(недаступная спасылка)
- ↑ а б Шамрук, А. С. Архитектура Беларуси ХХ — начала ХХІ в.: эволюция стилей и художественных концепций. — Минск: Белорусская наука, 2007. — 335 с.: илл. ISBN 978-985-08-0868-4
Літаратура
правіць- Воінаў А, Паньшына І. Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь // БЭ ў 18 т. Т. 11. Мн., 2000.
- Дзяржаўны мастацкі музей БССР: [Альбом]. Мн., 1990.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь
- Афіцыйны сайт музея (англ.) (руск.) (бел.)
- Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь на сайце «Архіварта»