Партызанская мадонна (Мінская)

Партыза́нская мадо́нна (Мі́нская) — карціна беларускага мастака Міхаіла Савіцкага, напісаная ў 1978 годзе. З'яўляецца часткай збору Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі ў Мінску. Памер карціны — 207,5 × 142,3 см[1].

Міхаіл Савіцкі
Партызанская мадонна (Мінская). 1978
Матэрыял Палатно
Тэхніка алей
Памеры 207,5 × 142,3 см
Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Мінск

Гісторыя

правіць

Першую «Партызанскую мадонну» Міхаіл Савіцкі напісаў у канцы 1960-х. Карціна, сюжэтам якой стала не сутычка з ворагам, а трыумф жыцця, увасоблены ў мацярынстве, была прадэманстравана на Усесаюзнай выстаўцы 1967 года[2], дзе мела фантастычны поспех[3]. Як знак прызнання палатно купляе Траццякоўская галерэя. Дырэктар Дзяржаўнага мастацкага музея БССР Алена Аладава настойліва ўгаворвае майстра напісаць копію «Мадонны» для Беларусі[2]. У 1978 годзе, калі адна за адной у майстэрні мастака з'яўляюцца карціны антыфашысцкай серыі, Савіцкі стварае другую «Партызанскую мадонну», у назве якой пазначана «Мінская»[3].

З 2006 года нязменна выстаўляецца ў зале беларускага сучаснага мастацтва, размешчанай у новым корпусе Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі[2].

Апісанне

правіць

Суровы аскетызм жывапісу, выразнасць формаў і класічная выразнасць кампазіцыі ў карціне «Партызанская мадонна (Мінская)» перагукваецца з традыцыямі старажытнага іканапісу[4]. У аснове кампазіцыі ляжыць вядомая карціна эпохі Адраджэння Рафаэля Санці «Сіксцінская мадонна», толькі замест біблейскіх персанажаў мастак малюе простых людзей, сведак чумы XX стагоддзя — фашызму[5].

У сваім творы мастак звяртаецца да вечнага сімвала жыцця — мацярынства[5]. Тут маладая маці прадстае ў вертыкальным фармаце палатна. Яна быццам набліжаецца да гледача. Два позіркі — маці, усхваляванай, і сына, поўнага недзіцячай сур'ёзнасці, — накіраваны на гледача[6]. Кампазіцыйна разгорнуты ў некалькіх прасторавых і часавых планах сюжэт набывае ярка выяўлены сімвалічны змест, у якім выявы маці і немаўля ператвараюцца ў сімвалы чысціні і ўстойлівасці беларускага народа, яго веры ў жыццё[4].

У палатне пераважаюць ўрачыстасць ідэалу і пачуццё наступлення новага[6]. Маштабнасці і выразнасці вобразнага гучання мастак дамагаецца строгасцю архітэктонікі, рытмікі, пластыкі карціны, пераконваючай сілай выраза ідэі абароны жыцця, неспасціжным, прыцягальным абаяннем мадонны. Звязаная з мастацкай культурай мінулага, карціна звернутая ў будучыню[4].

Зноскі