Музей беларускага народнага мастацтва
Музей беларускага народнага мастацтва — філіял Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, размешчаны ў Касцёле Святога Мацвея Апостала ў Раўбічах, Мінскі раён.
Музей беларускага народнага мастацтва | |
---|---|
Профіль | мастацкі |
Заснаваны | 1979 |
Падпарадкаванасць | Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь |
Месцазнаходжанне | 223054, Мінскі р-н, Мінскай вобл., Астрашыцкі Гарадок, с/к «Раўбічы» |
Агульная плошча | 500 |
Выставачная плошча | 361 |
Дырэктар | Ільініч Дар'я Сяргееўна |
Адкрыты |
З 10.00 да 17.00 |
Білет | дзеці, студэнты — 2,0 р., дарослыя — 3,0 р. |
artmuseum.by/by/aboutmus… | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Ідэя стварэння музея ў разбураным Крыжагорскім касцёле належала намесніку дырэктара па навуцы Дзяржаўнага мастацкага музея БССР І. М. Паньшынай і старэйшаму навуковаму супрацоўніку аддзела дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Т. І. Сцёпінай. Канцэпцыю рэстаўрацыі і размяшчэння экспазіцыі ў культавым будынку падтрымала дырэктар Дзяржаўнага мастацкага музея Алена Васільеўна Аладава. Першапачаткова касцёл было вырашана знесці, бо страты будынка складалі звыш 80%. Знішчэнню Крыжагорскага касцёла перашкодзіла асабістае ўмяшанне кіраўніка БССР П. М. Машэрава[1].
Групу рэстаўратараў узначаліла архітэктар Л. У. Паўлава. Да асноўнага аб'ёму будынка з боку апсіды быў дабудаваны прамавугольны ў плане аб'ём (арх. В. М. Аладаў), дзе размясціліся дадатковыя выставачныя плошчы і бытавыя памяшканні[1].
Музей у рэканструяваным будынку адкрыўся ў 1979 г.
Экспазіцыя
правіцьЭкспазіцыя музея знаёміць з традыцыйным народным мастацтвам беларусаў XVI – пачатку XX ст. і з творамі сучасных майстроў, якія працуюць у найбольш распаўсюджаных відах народнага мастацтва: ткацтве, ганчарстве, разьбе і роспісу па дрэве, пляценню з саломы і лазы[1].
У экспазіцыі прадстаўлены традыцыйныя касцюмы канца XIX – пачатку XX ст., ручнікі і дэкаратыўныя тканіны XX стагоддзя з розных рэгіёнаў Беларусі[1].
Побач з традыцыйным бытавым начыннем экспануюцца выдатны прыклад высокаразвітога мастацтва пляцення з саломы — царскія вароты канца XVIII — пачатку XX стагоддзя, у якіх выкарыстана некалькі элементаў пляцення, з якіх складаецца мудрагелісты ўзор з зубчыкаў і квадратаў розных памераў. Аправай служыць салома, якая імітуе золата, а кавалачкі каляровай тканіны, што змешчаны ў сярэдзіну кожнага квадрата, замянілі каштоўныя камяні[1].
Прадстаўлены творы сельскіх майстроў з вёсак Нягневічы, Забалацце, Мяжэвічы, якія стварылі разбяныя царскія вароты і скульптуры XVIII — пачатку XX стагоддзя. У іх захоўваюцца агульныя рысы, веданне пластычных уласцівасцей матэрыялу[1].
Сучаснае мастацтва разьбы па дрэве прадстаўлена работамі вядомых у рэспубліцы самадзейных разьбяроў – А. Ф. Пупко, В. В. Альшэўскага, К. К. Казялко, якія працягваюць слаўныя традыцыі беларускай разьбы[1].
Ганчарныя вырабы ў калекцыі музея адносяцца да XX стагоддзя. Чыгуны і макітры для прыгатавання ежы, міскі, збаны і гладышы для малака, глякі і слоікі для захоўвання прадуктаў, свістулькі і гліняныя цацкі ўпрыгожаны самымі простымі спосабамі: абваркай, томленасцю, роспісам па тэракотавай паверхні, пакрыццём палівай. Бытавое ганчарнае начынне амаль не мае роспісу[1].
Асаблівую групу помнікаў у экспазіцыі складаюць вырабы Івянецкай фабрыкі, вядучага цэнтра мастацкага ганчарства ў Беларусі. У музеі прадстаўлены работы аднаго са стваральнікаў арцелі – В. Ф. Кулікоўскага, а таксама І. М. Маўчановіча, М. М. Звярко, А. В. Пракаповіча, якія адраджаюць забытае мастацтва вырабу фігурных пасудзін у выглядзе бараноў, мядзведзяў, зуброў[1].
Зноскі
Літаратура
правіць- Музей Беларускага народнага мастацтва// Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. – Мн., 1999. – Т.5. – С.232.
- Музей беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах / Склад. І.М. Паньшына; Маст. А.І. Раманцоў; Фота В.А. Бараноўскага і інш. – Мн.: Беларусь, 1983. – [191] с.
- Музей белорусского народного искусства / Сост. И.Н. Паньшина. – Мн., 1980. – [5] с: ил.
- Анісковіч У. Паўстаў з руінаў... / / Беларуская мінуўшчына. – 1995. – № 5. – С. 31–32.
- Жыбрык В. Раўбіцкі касцёл / / Центральная газета. – 1998. – 10–16 крас.
- Куліковіч С. Раўбічы / / Работніца і сялянка. – 1991. – № 8. – С. 6–7.
- Пісарэнка В. Раўбіцкі музей / / Голас Радзімы. – 2000. – 2 лют.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Музей беларускага народнага мастацтва
- Музей беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах // artmuseum.by
- Шедевры народного творчества в музее белорусского народного искусства в "Раубичах" Архівавана 16 ліпеня 2020. // tut.by