Вітольд Каэтанавіч Бялыніцкі-Біруля
Віто́льд Каэта́навіч Бялы́ніцкі-Біру́ля (12 лютага 1872, фальварак Крынкі[8], цяпер Бялыніцкі раён, Магілёўская вобласць — 18 чэрвеня 1957, Масква) — беларускі[8] жывапісец-пейзажыст.
Вітольд Бялыніцкі-Біруля | |
---|---|
| |
Імя пры нараджэнні | Вітольд Каэтанавіч Бялыніцкі-Біруля |
Дата нараджэння | 12 лютага 1872[4][5][…] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 18 чэрвеня 1957[6][4][…] (85 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Бацька | Каэтан Каэтанавіч Бялыніцкі-Біруля[d] |
Род дзейнасці | мастак |
Жанр | пейзаж |
Вучоба | |
Мастацкі кірунак | рэалізм |
Уплыў | Ісак Ільіч Левітан |
Уплыў на | Антон Стафанавіч Бархаткоў |
Член у | |
Узнагароды | |
Званні |
|
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Член Таварыства перасоўных мастацкіх выставак (з 1904), акадэмік жывапісу (1908) Расійскай Імператарскай Акадэміі мастацтваў, член Саюза рускіх мастакоў, Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыйнай Расіі (з 1922)[9]. Народны мастак БССР (1944) і РСФСР (1947), ганаровы акадэмік Акадэміі навук Беларускай ССР (1947), правадзейны член Акадэміі мастацтваў СССР (1947)[10].
Развіваў традыцыі рускага лірычнага пейзажу канца XIX ст.[11] і стаў найбуйнейшым беларускім пейзажыстам, які вывеў жанр беларускага пейзажнага жывапісу на ўзровень еўрапейскай класікі[12].
Біяграфія
правіцьДзяцінства і пачатковая адукацыя
правіцьНалежаў да шляхецкага роду Бялыніцкіх-Біруляў, прадстаўнікі якога ў часы Вялікага Княства Літоўскага з XVI ст. мелі зямельныя валоданні каля Віцебска і Оршы[13].
Вітольд Бялыніцкі-Біруля нарадзіўся 31 студзеня (12 лютага) 1872 г. у фальварку Крынкі Магілёўскага павета Магілёўскай губерні Расійскай Імперыі ў дваранскай каталіцкай сям’і дробнага арандатара[13]. Маёнтак Крынкі знаходзіўся ў трох км на поўнач ад вёскі Цяхцін ў 20 км ад Бялынічаў. Дзяцінства прайшло на Віцебшчыне. Сям’я часта мяняла месца жыхарства. Бацька служыў у дняпроўскім параходстве і часта браў сына ў плаванне па Дняпры, Прыпяці і Сажу.
Некаторы час мастак жыў у Кіеве ў старэйшага брата Аляксандра. Вучыўся спачатку ў Кіеўскім кадэцкім корпусе , затым перайшоў у Кіеўскую малявальную школу М. І. Мурашкі (1885—1889), пазней з’ехаў у Маскву і паступіў у Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства[8] на курс да выкладчыкаў С. А. Каровіна, В. Д. Паленава, І. М. Пранішнікава. У Маскве мастак пазнаёміўся з І. І. Левітанам, працаваў у яго майстэрні. Пад уплывам педагогаў захапіўся пейзажам.
Яшчэ ў перыяд навучання, у 1890-я гг., творы В. Бялыніцкага-Бірулі выклікалі сур’ёзную зацікаўленасць у аматараў прыгожага мастацтва. У 1892 годзе П. М. Траццякоў набывае для сваёй галерэі палатно «З ваколіцы Пяцігорска».
Аб сваёй этнічнай прыналежнасці Вітольд Бялыніцкі-Біруля падчас вучобы ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу пісаў: «Я — беларус… Як часта і інтэлігентныя людзі, вядомыя ў сваіх навуковых, спартовых ці іншых заслужаных справах, закінутыя творчым ці жыццёвым лёсам у іншыя краі, ці то саромеюцца, ці проста не лічаць патрэбным прыгадаць, якога яны роду-племені, з якіх краёў і ваколіц»[14].
Першыя поспехі
правіцьТворчасць В. Бялыніцкага-Бірулі шчыльна злучана з асобай слыннага мастака Ісака Левітана, які паспрыяў мастаку ў выставачнай справе. З 1897 года Бялыніцкі-Біруля дэманструе свае карціны на выстаўках Маскоўскага аб'яднання аматараў мастацтваў і Маскоўскага таварыства мастакоў, на Міжнародных выстаўках і конкурсах. З 1899 года імя мастака з'яўляецца ў каталогах перасоўных выставак. Пейзаж «Вечныя снягі», які экспанаваўся на Каўказскай юбілейнай выстаўцы ў 1901 годзе, адзначаецца залатым медалём. У 1904 годзе Бялыніцкага-Бірулю абіраюць членам Таварыства перасоўнікаў , а праз чатыры гады ён уганараваны званнем акадэміка жывапісу. З'яўляецца таксама членам Саюза рускіх мастакоў і Таварыства мастакоў імя А. І. Куінджы . У 1911 годзе карціна «Час цішыні» атрымала два медалі: ганаровы — у Мюнхене, бронзавы — у Барселоне[15].
У тым жа годзе ім створана карціна «Зімовы сон» — адно з лепшых палотнаў В. К. Бялыніцкага-Бірулі.[16] За гэту карціну мастак таксама быў узнагароджаны бронзавым медалём на Міжнароднай выстаўцы ў Барселоне. У карціне выкарыстаны мінімум сродкаў выказвання. Толькі некалькі плоскасцей і невялікая колькасць ліній складаюць яе кампазіцыю. У цэнтры карціны месціцца храм, абрысы якога выступаюць на фоне неба. Мазок ледзь прыкметны. Усе быццам ахутана смугой згусцелага змяркання. Нягледзячы на лаканізм выразных сродкаў, карціна эмацыйна насычаная, што дасягаецца майстэрскай распрацоўкай адценняў каляровых суадносін[17].
Дача «Чайка»
правіцьУ 1912 годзе мастак набыў участак зямлі ў Цвярской губерні на беразе возера Удомля, недалёка ад месцаў, дзе часта працаваў І. І. Левітан, і пабудаваў тут дом з майстэрняй. Сваю невялікую сядзібу ён назваў «Чайка» . З «Чайкай» звязана вялікая частка творчага і асабістага жыцця майстра. Возера Удомля і яго наваколлі сталі невычэрпнай крыніцай матываў для яго далейшай творчасці.
У 1917 годзе Бялыніцкі-Біруля арганізаваў мастацкую школу для сялянскіх дзяцей[20].
У жывапісе працягвае развіваць традыцыі «рускага імпрэсіянізму», падобна І. Э. Грабару, К. Ф. Юону і В. М. Бакшэеву .
Падарожжы
правіцьУ 1922 годзе Бялыніцкі-Біруля становіцца адным з арганізатараў і членам Асацыяцыя мастакоў рэвалюцыйнай Расіі[8]. У савецкі час ён працягвае развіваць традыцыі рускага лірычнага пейзажу канца XIX стагоддзя, становіцца адным са стваральнікаў жанру мемарыяльнага пейзажу. У 1920-я і 1930-я гады мастак шмат падарожнічае па краіне. Яго цікавяць першыя доследы рэканструкцыі сельскай гаспадаркі ў саўгасе «Гігант» і камуне «Сейбіт», будаўніцтва «Азоўсталі», пераўтварэнне Поўначы. У 1933, 1935 і 1937 гадах ён пабываў у Запаляр’і на Кольскім паўвостраве, чаму прысвечаны некалькі серый пейзажаў[21]. Пісаў Баранцава і Белае мора, раку Церыберку[22], горы Хібіны, возера Вуд’яр.
У 1936 годзе мастак наведвае пушкінскія месцы — Міхайлаўскае і Трыгорскае — і прывозіць адтуль цэлую серыю карцін. Пабываўшы ў сядзібе Чайкоўскага ў Клін, ён выстаўляе новыя пейзажы — куткі прыроды, якія любіў класік рускай музыкі. Піша таксама серыі пейзажаў Горак Ленінскіх , Горы і Яснай Паляны[8].
Вялікая Айчынная вайна і пасляваенныя гады
правіцьТэма Вялікай Айчыннай вайны адзначана ў творчасці мастака карцінамі «Чырвоная Армія ў лясах Карэліі», «Па слядах фашысцкіх варвараў» (1942).
У 1944 годзе працаваў у Архангельску, дзе адлюстроўваў помнікі старарускага драўлянага дойлідства XVI—XVII стст. У 1944 годзе прымаў удзел у арганізацыі мастацкай выстаўкі, прысвечанай 25-годдзю БССР, у Маскве. Падчас выставы з ім пазнаёміўся мастак Антон Бархаткоў, які таксама ўдзельнічаў у арганізацыі выстаўкі[8][23].
У 1947 годзе яму прысвоілі званне народнага мастака РСФСР (званне народнага мастака БССР ён атрымаў у 1944 годзе), абралі правадзейным членам Акадэміі мастацтваў СССР . З мая і да сярэдзіны чэрвеня мастак жыў і працаваў на Белай дачы ў наваколлі Мінска разам з мастаком Антонам Бархатковым. Тут Вітольд Бялыніцкі-Біруля напісаў некалькі дзясяткаў эцюдаў, якія сталі асновай цыклу карцін, прысвечаных Беларусі: «Зялёны май», «Зазелянелі беларускія бярозкі», «Яблыні ў квецені». Менавіта падчас працы ў Курасоўшчыне быў знойдзены матыў для карціны «Беларусь. Ізноў заквітнела вясна»[23][24]. У 1947 годзе падарожнічаў па Беларусі[8].
Пра сваё стаўленне да Беларусі В. Бялыніцкі-Біруля пісаў:
Блукаючы са стрэльбай і фарбамі па палетках, далінах і пералесках Беларусі, сустракаючы і праводзячы зоры ля вогнішчаў, начуючы ў лесе, прыслухоўваючыся да галасоў прыроды, я глыбей адчуў яе прыгажосць, навучыўся яе разумець.
Памёр мастак на сваёй дачы «Чайка» 18 чэрвеня 1957 года ва ўзросце 85 гадоў. Пахаваны ў Маскве на Новадзявочых могілках.
Творчасць
правіцьРазвіваў традыцыю лірычнага пейзажа канца XIX ст.[8] Палотны В. Бялыніцкага-Бірулі прасякнутыя эмацыйнасцю, неабходнай мерай абагульнення, якая не губляе пры гэтым канкрэтыку месца. Мастак карыстаецца ўдалым спалучэннем мяккага серабрыста-бэзавага і зеленаватага колераў. Для яго твораў характэрны тонкае адчуванне колеру, своеасаблівае лірычнае гучанне[8].
Пейзажыст па-майстэрску распрацоўваў ледзь прыкметныя нюансы, характэрныя для таго ці іншага часу дня, пэўнай пары года. Карціны і шматлікія эцюды вылучаюцца асаблівай тонкасцю, мяккасцю і непаўторным лірызмам, глыбінёй успрымання і перадачы жывой прыроды.
Творчасць таленавітага мастака выклікала зацікаўленасць у выбітнага прадстаўніка расійскага рэалізму Іллі Рэпіна:
На выстаўцы, калі я даведаўся, што няма Вашых карцін, вельмі засумаваў па Вас. Я так звыкся асвяжацца душою перад вашымі жывымі павевамі праўды, простасці і свабоды. І… я заўсёды з новым і большым задавальненнем гляджу на Ваш пагорак, з хатамі занесенымі снегам; люблю гэтыя беражкі, што белымі краямі люструюцца ў горнай рэчцы.
— Репин. И. Письма. Москва, 1969, Т. 2, С. 263
Творчая спадчына
правіцьУ Беларусі знаходзяцца 444 палатны В. К. Бялыніцкага-Бірулі. Найбольшую калекцыю твораў мастака можна бачыць у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь), таксама палотны знаходзяцца ў Магілёўскім музеі Бялыніцкага-Бірулі, Бялыніцкім мастацкім музеі, Віцебскім мастацкім музеі, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя Паўла Масленікава.
Шмат твораў захоўваецца ў Маскве (Дзяржаўная Траццякоўская галерэя, прыватныя зборы), у музеях Кастрамы, Ніжняга Ноўгарада, Краснаярска , Варонежа, Томска, Чалябінска, Стаўрапаля, Адэсы, Дніпра, Кіева, Кыргызстана.
Узнагароды і памяць
правіцьНародны мастак БССР (1944) і РСФСР (1947). Ганаровы акадэмік АН БССР (1947), правадзейны член Акадэміі мастацтваў СССР (1947).
Імем В. Бялыніцкага-Бірулі названы Бялыніцкі мастацкі музей[8]. У Магілёве адкрыты Магілёўскім музеі Бялыніцкага-Бірулі, філіял Нацыянальнага мастацкага музея, дзе шырока прадстаўлена творчая спадчына мастака.
У Магілёве і Бялынічах названыя вуліцы ў гонар мастака.
Ніна Мацяш напісала тэлесцэнарый пра творчасць В. Бялыніцкага-Бірулі «Пясняр роднай прыроды» (пастаўлены ў 1978 г.). Віктар Карамазаў стварыў аповесць «Крыж на зямлі і поўня ў небе: Эскізы, эцюды і споведзь Духу, альбо Аповесць-эсэ жыцця жывапісца і паляўнічага Бялыніцкага-Бірулі» (1991), прысвечаную мастаку. Паводле аповесці быў зняты фільм «Крыж на зямлі і поўня ў небе» (рэж. Валерый Басаў, «Нацыянальная тэлерадыёкампанія Беларусі») (1992)). Майсей Бераў зняў пра В. Бялыніцкага-Бірулю дакументальны фільм «Гадзіна цішыні».
У Бялыніцкім раёне пастаянна праводзяцца пленэры з удзелам мастакоў з Мінска, Магілёва, Бялынічаў, Масквы, Кастрамы, пасля чаго значна папаўняюцца фонды мастацкіх музеяў.
На месцы былога фальварка Крынкі, дзе нарадзіўся мастак, усталяваны мемарыяльны знак. У Магілёве ля музея імя Бялыніцкага-Бірулі ўсталяваны бюст мастака.
У філатэліі
правіць-
В. Бялыніцкі-Біруля. Да 125-годдзя з дня нараджэння
-
«Зімовы сон», 1911
-
«Ранняя вясна», 1912
-
«Дні юнага мая», 1950; «Зімовы сон», 1911
Зноскі
- ↑ Кондаков С. Н. Бялыницкій-Бируля, Витольдъ Каэтановичъ // Список русских художников к юбилейному справочнику Императорской Академии Художеств = Списокъ русскихъ художниковъ къ юбилейному справочнику Императорской Академіи Художествъ. — СПб.: Товарищество Р. Голике и А. Вильборг., 1914. — Т. II. — С. 29. — 454 с.
- ↑ Гибок-Гибковский, Алесь Человек перламутрового неба(руск.) : газета. — Минск: редакции газеты «Советская Белоруссия», 2008. — В. от 26 сентября. — № 181 (23081). Архівавана з першакрыніцы 3 лютага 2014.
- ↑ Калининское отделение Союза Советских художников Некролог(руск.) // «Калининская правда» : газета. — Калинин: 1957. — В. от 20 июня.
- ↑ а б The Fine Art Archive — 2003. Праверана 1 красавіка 2021.
- ↑ а б Большая российская энциклопедия — М.: Большая российская энциклопедия, 2004. Праверана 9 кастрычніка 2021.
- ↑ Бялыницкий-Бируля Витольд Каэтанович // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 27 верасня 2015.
- ↑ Бялыницкий-Бируля Витольд Каэтанович // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
- ↑ а б в г д е ё ж з і Бялыницкий-Бируля Витольд Каэтанович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 97. — 737 с.
- ↑ Бялыницкий-Бируля Витольд Каэтанович // Большая Советская Энциклопедия. (В 30 томах). / Гл. ред. А. М. Прохоров. — 3-е. — М.: «Советская Энциклопедия», 1971. — Т. 4 «Брасос — Веш». — С. 212. — 600 с. — 630 000 экз. Архівавана 28 красавіка 2005.
- ↑ БЯЛЫНИЦКИЙ-БИРУЛЯ Витольд Каэтанович // Большой Энциклопедический словарь. 2000. (руск.)
- ↑ Биография в энциклопедии русской живописи Архівавана 16 лютага 2013. (руск.)
- ↑ Харэўскі, С.В. Сто твораў XX стагоддзя. — Вільня, 2011. — С. 26.
- ↑ а б Харэўскі, С. В. Сто твораў XX стагоддзя. — Вільня, 2011. — С. 26.
- ↑ Харэўскі, С. В. Гісторыя мастацтва і дойлідства Беларусі. — Вільня, 2007. — С. 163.
- ↑ Борисенко Н. С.. Художественный музей В. К. Бялыницкого-Бирули (руск.)(недаступная спасылка) (10 сакавіка 2008). Архівавана з першакрыніцы 14 мая 2012. Праверана 25 ліпеня 2011.
- ↑ Щирый, Тарас. Мастацкі музей «ажывіў» карціны вядомага беларускага пейзажыста.. Як гэта выглядае? . Onliner.by (17 студзеня 2023). Архівавана з першакрыніцы 31 студзеня 2023. Праверана 23 мая 2023.
- ↑ Виртуальная выставка(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 24 лютага 2013. Праверана 4 верасня 2013.
- ↑ Фишер К. А. Английские гости в Сокольниках(руск.) // «Искры». Год двенадцатый. : журнал. — СПб.: 1912. — В. Воскресенье, 5 февраля.. — № 6.
- ↑ Бялыніцкі-Біруля быў заўзятым паляўнічым і забіў за сваё жыццё болей сарака мядзведзяў (руск.).
- ↑ Могилёвский портал. Благотворительная акция прошла в музее Бялыницкого-Бирули (руск.)(недаступная спасылка) (28 лютага 2011). Архівавана з першакрыніцы 11 сакавіка 2012. Праверана 25 ліпеня 2011.
- ↑ Науч.-изд. совет: Евдокимов Ю. А. (пред. НИС) [и др.]. Бялыницкий-Бируля Витольд Каэтанович // Кольская энциклопедия. — Санкт-Петербург: ООО «Сказ», 2008. — Т. I. — С. 369. — 593 с. — 5000 экз. — ISBN 978-5-9637-0023-5
- ↑ Карціна «Пачатак палярнай зімы. Рака Териберка ў Баранцава мора. Эцюд». 1935—1937 Архівавана 5 сакавіка 2016.
- ↑ а б Невядомы Бялыніцкі-Біруля (недаступная спасылка). kimpress.by (04 сакавіка 2017). Архівавана з першакрыніцы 16 кастрычніка 2018. Праверана 12 снежня 2018.
- ↑ Музей В. К. Бялыніцкага-Бірулі. Магілёў (недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 22 студзеня 2021. Праверана 5 мая 2020.
Літаратура
правіць- Аляксей Харак. Вітольд Бялыніцкі-Біруля // Роднае слова. — Мн: 2008. — № 1. — С. 105. — ISBN 0234-1360.
- Бялы́ніцкі-Біру́ля Вітольд Каятанавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. — С. 402. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).
- Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 140. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Национальная Академия наук Беларуси: персональный состав. — Мн., 2004. — С. 312—313.
- Харэўскі, С. В. Гісторыя мастацтва і дойлідства Беларусі / С. В. Харэўскі. — Вільня: ЕГУ, 2007. — 240 с.
- Харэўскі, С. В. Сто твораў XX стагоддзя: нарысы па гісторыі мастацтва і архітэктуры Беларусі найноўшага часу / аўт.-укл. С. В. Харэўскі. — Вільня: ЕГУ, 2011. — 432 с. — ISBN 978-9955-773-51-1.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — С. 164. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0.
- Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1984. — Т. 1. А капэла — Габелен. — С. 545. — 727 с. — 10 000 экз.
- Бялыни́цкий-Биру́ля Витольд Каэтанович // Т. 4. Брасос — Веш. — М. : Советская энциклопедия, 1971. — С. 212. — (Большая советская энциклопедия : [в 30 т.] / гл. ред. А. М. Прохоров; 1969—1978). (руск.)
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Вітольд Каэтанавіч Бялыніцкі-Біруля
- Вітольд Каэтанавіч Бялыніцкі-Біруля ў базе даных «История белорусской науки в лицах» Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі (руск.)
- Творы В. Бялыніцкага-Бірулі Архівавана 5 сакавіка 2016.
- К 140-летию В. К. Бялыницкого-Бирули (1872—1957). Виртуальная выставка (руск.)