Віленскае гета

яўрэйскае гета ў Вільні за часамі нямецкай акупацыі Другой сусветнай вайны

Віленскае гета (літ.: Vilniaus getas) — адно з яўрэйскіх гета, утвораных нацыстамі на тэрыторыі Літвы ў перыяд Другой сусветнай вайны. За два гады існавання, яго насельніцтва, якое складала каля 40 тысяч чалавек, было амаль цалкам знішчана. Толькі некалькім сотням вязняў гета атрымалася выратавацца, бегшы ў лясы і далучыўшыся да савецкіх партызанаў ці схаваўшыся ў спачуваючых мясцовых жыхароў.

Мемарыяльная дошка на доме па вуліцы Гаона 3 у Вільні адзначае месца, дзе з 6 верасня па 29 кастрычніка 1941 гады былі вароты «Малога гета», праз якія, як сказана ў тэксце, на смерць было адпраўлена звыш 11 тысяч яўрэяў. На пліце ніжэй план двух віленскіх гета

Гісторыя гета

правіць

22 чэрвеня 1941 года Германія пачала вайну супраць СССР, 24 чэрвеня нямецкія войскі ўступілі ў Вільню. Яўрэям было загадана насіць павязкі на рукаве з жоўтай акантоўкай і літарай J, забаронена хадзіць па цэнтральных вуліцах і па ходніках. Пазней з’явілася забарона на праезд у грамадскім транспарце, наведванне паркаў, пакупак на рынках да 11 гадзін раніцы.

Ужо 2 ліпеня ў горад прыбыла айнзатцгрупа A, якая ў цесным узаемадзеянні з літоўскай паліцыяй і мясцовымі актывістамі пачала акцыі па знішчэнні вязняў гета. Грамадзянскія асобы за кожнага злоўленага мужчыну-яўрэя атрымлівалі 10 рублёў. У некалькіх кіламетрах ад Вільні ў лесе каля мястэчка і чыгуначнай станцыі Панярай (Панары) праводзіліся масавыя растрэлы. Да стварэння гета немцы, літоўская паліцыя і актывісты з мясцовага насельніцтва знішчылі каля 30 тысяч жыхароў Вільні яўрэйскага паходжання.

31 жніўня пасля так званай «вялікай правакацыі», калі было абвешчана, што «яўрэі стралялі ў нямецкіх салдат», пачалася арганізацыя гета на тэрыторыі аднаго з кварталаў, у Старым горадзе. Пры гэтым 1—3 верасня да 10 тысяч мясцовых жыхароў яўрэйскага паходжання патрапілі ў Лукішкскую турму, былі вывезены ў Панерай і забітыя. У верасні каля 40 тысяч яўрэяў — жыхароў гораду былі сагнаны ў гета, акружанае платамі з калючага дроту. Было створана два гета: «вялікае» і «малое». У «вялікім» знаходзілася каля 30 тысяч чалавек, у «малым» — каля 10 тысяч. У кастрычніку 1941 года «малое» гета было ліквідавана.

З канца 1941 года па верасень 1943 года ў гета знаходзілася каля 15 тысяч вязняў. Віленскае гета было адным з нешматлікіх, дзе акупанты дазволілі «культурнае жыццё». Працавалі тэатр, бібліятэка, школа.[1]

Але пры гэтым перыядычна праводзіліся «акцыі» (ням.: Aktionen), падчас якіх знішчаліся жыхары. Да канца верасня 1943 года гета было канчаткова ліквідавана, вязні былі пераведзены ў канцлагеры (Вайвара) ў Эстоніі, расстраляныя ў Панарах ці накіраваны ў лагеры смерці ў Польшчы.

Супраціўленне

правіць
 
Падпольшчыкі Віленскага гета. У цэнтры стаіць Аба Коўнер

У студзені 1942 года ў гета была створана «Аб’яднаная партызанская арганізацыя» (Fareinikte Partisaner Organizatzie), якую ўзначальвалі Іцхак Вітэнберг, Іосіф Глазман і Аба Коўнер. Яе мэтамі былі абвешчаны арганізацыя масавай самаабароны гета, сабатаж, далучэнне да партызанаў і Чырвонай арміі.[2][3][4] Гэтыя мэты, аднак, не былі дасягнуты, хоць атрымалася арганізаваць уцёкі ў лес некалькім дзясяткам чалавек[5].

Нас не павядуць, як авечак, на бойню!

Яўрэйская моладзь, не давай збіць сябе са шляху. З 80 000 яўрэяў Вільні, Літоўскага Іерусаліма, засталося ўсяго 20 000. На нашых вачах аднялі нашых бацькоў, нашых братоў і сясцёр.

Дзе сотні людзей, якіх забралі на працу літоўскія «хапуны»? Дзе распранутыя дагала жанчыны і дзеці, якіх адвялі ў страшную «ноч правакацыі»? Дзе яўрэі, якіх адвялі ў Судны Дзень? Дзе нашы браты з Другога гета?

Усе, каго павезлі з гета, ніколі больш не вернуцца. Усе дарогі Гестапа вялі ў Панары. А Панары — гэта смерць!

Тыя, хто сумняваюцца! Пазбаўцеся ад ілюзіяў! Вашыя дзеці, вашыя мужыкі і жонкі загінулі.

Панары — гэта не лагер. Іх усіх забілі там.

Гітлер мае намер знішчыць усіх яўрэяў Еўропы. Яўрэям Літвы наканавана стаць першымі на гэтым шляху.

Не будзем жа авечкамі, пакорліва ідучымі на зарэз!

Праўда, што мы слабыя і безабаронныя, але супраціўленне павінна стаць адзіным адказам ворагу!

Браты! Лепш загінуць вольнымі барацьбітамі, чым выжыць з ласкі забойцаў.

Супраціўцеся! Да апошняга ўздыху!

— З закліку моладзевай падпольнай арганізацыі Віленскага гета ад 1 студзеня 1942 г., першага ў акупаванай нацыстамі Еўропе, які прызываў яўрэяў да супраціву [1]

Зноскі

Гл. таксама

правіць

Спасылкі

правіць