Гета ў перыяд Другой сусветнай вайны

Гета ў перыяд Другой сусветнай вайны — жылыя зоны на падкантрольных нямецкім нацыстам і іх саюзнікам тэрыторыях, куды гвалтоўна перамяшчалі яўрэяў у мэтах ізаляцыі іх ад неяўрэйскага насельніцтва. Гэта ізаляцыя была часткай палітыкі так званага «канчатковага рашэння яўрэйскага пытання», у рамках якой было знішчана каля 6 мільёнаў яўрэяў.

Гета і масавыя дэпартацыі ў акупаванай нацыстамі Еўропе

Ствараючы месцы прымусовага ізаляванага ўтрымання яўрэяў, нацысты пераследвалі наступныя мэты:[1]

  • Аблягчэнне наступнай ліквідацыі яўрэяў.
  • Прадухіленне патэнцыйнага супраціўлення.
  • Атрыманне бясплатнай працоўнай сілы.
  • Набыццё сімпатый астатняга насельніцтва.

Усяго было створана паводле розных звестак ад 800 да больш за 1000 гета, у якіх утрымліваліся не менш за мільён яўрэяў[2][3]. Першае гета ў Польшчы было заснавана ў горадзе Петркаў-Трыбунальскі ў кастрычніку 1939 года.

Усё гета, паводле меркавання гісторыкаў, умоўна можна падзяліць на два асноўныя тыпы: «адкрытыя» і «закрытыя». Адкрытыя гета без фізічнай ізаляцыі яўрэяў у асобным ахоўным квартале існавалі толькі да знішчэння жыхароў альбо іх перасялення ў «закрытыя» гета або дэпартацыі ў лагеры. У такім гета ў абавязковым парадку ствараліся юдэнраты альбо прызначаліся (абіраліся) старасты[1][4].

Стварэнне «закрытых» гета ажыццяўлялася з абавязковым перасяленнем усіх яўрэяў у ахоўнае месца (квартал, вуліца, асобнае памяшканне). Вакол закрытага гета сіламі вязняў і за іх кошт узводзілася агароджа ў выглядзе калючага дрота або глухіх муроў і платоў. Уваход і выхад ажыццяўляўся праз кантрольна-прапускныя пункты, якія ахоўваліся паабапал гета[4].

Калона вязняў менскага гета на вуліцы. 1941 год

Юдэнраты (ням.: Judenrat — «яўрэйская рада»), або яўрэйскія камітэты, ствараліся нямецкімі акупацыйнымі ўладамі як органы самакіравання яўрэйскіх гета. Юдэнраты, у адрозненне ад іншых мясцовых калабарацыйных органаў, часта фарміраваліся ў прымусовым парадку[5].

У паўнамоцтвы юдэнрату ўваходзіла забеспячэнне гаспадарчага жыцця і парадку ў гета, збор грашовых сродкаў і іншых кантрыбуцый, адбор кандыдатаў для працы ў рабочых лагерах, а таксама выкананне распараджэнняў акупацыйнай улады. Юдэнрату фармальна падпарадкоўвалася яўрэйская паліцыя[6].

Кандыдат гістарычных навук Яўген Розенблат падзяляе яўрэйскіх калябарантаў на дзве вялікія групы:[5]

  • Прыхільнікі стратэгіі калектыўнага выжывання.
  • Асобы, якія ажыццяўлялі стратэгію індывідуальнага выжывання.

Першая група атаясамлівала сябе з усімі астатнімі жыхарамі гета і імкнулася па магчымасці дамагчыся сістэмы, пры якой цэламу шэрагу катэгорый яўрэйскага насельніцтва падаваліся дадатковыя шанцы на выжыванне — напрыклад, апека юдэнратаў над шматдзетнымі сем'ямі, маламаёмаснымі, старымі, самотнымі людзьмі і інвалідамі. Прадстаўнікі другой групы супрацьпастаўлялі сябе астатнім яўрэям і выкарыстоўвалі ўсе сродкі для асабістага выжывання, у тым ліку тыя, якія вялі да пагаршэння становішча або гібелі астатніх.

Члены юдэнратаў па-рознаму ставіліся да супраціву і акцыям узброенага падполля ў гета. У некаторых выпадках яны наладжвалі сувязь і супрацоўніцтва з падполлем і партызанамі, у іншых — імкнуліся не дапусціць акцый супраціву, асцерагаючыся, што немцы будуць помсціць усім жыхарам гета[5]. Існавалі таксама актыўныя памагатыя нацыстаў. Частка з іх была забітая падпольшчыкамі і партызанамі[7].

Найбуйнейшыя гета

правіць

Першым чынам гета былі створаны на тэрыторыі СССР і акупаваных нацыстамі краін Усходняй Еўропы. У іх таксама прымусова пад пагрозай смерці перасялялі ўсіх яўрэяў, у тым ліку яўрэяў з Заходняй Еўропы.

Найбольш буйныя гета знаходзіліся на тэрыторыі Польшчы. Гэта ў першую чаргу Варшаўскае гета (480 тыс. чалавек) і Лодзінскае гета (204 тыс. чалавек).

На тэрыторыі СССР найбуйнейшымі былі гета ў Львове (409 тысяч чалавек, існавала з лістапада 1941 па чэрвень 1943 года) і Мінску (каля 100 тысяч чалавек, ліквідавана 21 кастрычніка 1943 года).

Таксама было створана буйнае гета ў Цярэзіне (Чэхія).

З ліку гета па-за межамі Еўропы вядома Шанхайскае гета, дзе японскія саюзнікі Германіі трымалі яўрэяў Шанхая.

Крыніцы

правіць
  1. а б Каганович А. Вопросы и задачи исследования мест принудительного содержания евреев на территории Беларуси в 1941—1944 годах // Сост. и ред. Я. З. Басин. Актуальные вопросы изучения Холокоста на территории Беларуси в годы немецко-фашистской оккупации : Сборник научных работ. — Мн.: Ковчег, 2005. — В. 1.
  2. Гетто. Энциклопедия Холокоста. Американский мемориальный музей Холокоста (9 жніўня 2009).
  3. Гетто. Введение Архівавана 4 лютага 2011.
  4. а б Альтман И. А. Глава 3. Гетто и лагеря на территории СССР. § 1. Классификация мест принудительного содержания // Холокост и еврейское сопротивление на оккупированной территории СССР. — М.: Научно-просветительный центр «Холокост», 2002. — 319 с. — ISBN 5-88636-007-7.
  5. а б в Розенблат Е. С. Юденраты в Беларуси: проблема еврейской коллаборации // Сост. Басин Я. З. Уроки Холокоста: история и современность : Сборник научных работ. — Мн.: Ковчег, 2009. — В. 1. — ISBN 978-985-6756-81-1.
  6. Задачи и полномочия юденратов(недаступная спасылка). История антисемитизма и Катастрофа. Открытый университет Израиля (8 верасня 2010). Архівавана з першакрыніцы 9 сакавіка 2016. Праверана 2 чэрвеня 2014.
  7. Иоффе Э. Г. Актуальные вопросы изучения Холокоста на территории Советской Белоруссии в годы Второй мировой войны // Сост. Басин Я. З. Актуальные вопросы изучения Холокоста на территории Беларуси в годы немецко-фашистской оккупации : Сборник научных работ. — Мн.: Ковчег, 2006. — Вып. 2.

Спасылкі

правіць