Газаабмен
Газаабмен — абмен газаў паміж арганізмам і навакольным асяроддзем. З навакольнага асяроддзя ў арганізм бесперапынна паступае кісларод, які спажываецца усімі клеткамі, органамі і тканкамі; з арганізма вылучаюцца ўтвараемы ў ім вуглякіслы газ і нязначная колькасць іншых газападобных прадуктаў абмену рэчываў. Газаабмен неабходны амаль для ўсіх арганізмаў, без яго немагчымы нармальны абмен рэчываў і энергіі, а такім чынам і само жыццё.
Кісларод, які паступае ў тканкі, выкарыстоўваецца для акіслення прадуктаў, якія ўтвараюцца ў выніку доўгага ланцугу хімічных ператварэнняў вугляводаў, тлушчаў і бялкоў. Пры гэтым ўтвараюцца СО2, вада, азоцістыя злучэнні і вызваляецца энергія, якая выкарыстоўваецца для падтрымання тэмпературы цела і выканання работы. Колькасць СО2 (які вылучаецца з арганізма) залежыць не толькі ад колькасці спажыванага О2, але і ад таго, што пераважна акісляецца: вугляводы, тлушчы або бялкі.