Гары Потэр
Гары Джэймс Потэр (англ.: Harry James Potter; нар. 31 ліпеня 1980 года) — выдуманы персанаж, галоўны герой серыі раманаў англійскай пісьменніцы Дж. К. Роўлінг. Калі яму было адзінаццаць, высветлілася, што ён чараўнік, і будзе займацца магіяй у Школе Чарадзейства і Магіі Хогвартс пад кіраўніцтвам дырэктара Альбуса Дамблдора. Двойчы перамог Цёмнага Лорда Валдэморта, забойцу яго бацькоў. Муж Джыні Уізлі ў эпілогу серыі кніг. У рэальнасці персанаж набыў вялікую папулярнасць ува ўсім свеце.
Персанаж свету Гары Потэра | |
Гары Джэймс Потэр | |
---|---|
Пол | мужчынскі |
Дата нараджэння | 31 ліпеня 1980 года |
Факультэт | Грыфіндор |
Чысціня крыві | паўкроўка |
Бок | Ордэн Фенікса, Атрад Дамблдора |
Патронус | Алень |
Богарт | Дэментар |
Чарадзейная палачка | 11 цаляў, вастраліст, феніксава пяро, вельмі гнуткая, пазней Бузінавая палачка |
Першае з'яўленне | «Філасофскі камень» |
Роля ў фільмах | Дэніэл Рэдкліф |
Агульныя звесткі
правіць- Імя: Гары Джэймс Потэр (другое імя атрымаў у гонар бацькі, Джэймса Потэра).
- Дата нараджэння: 31 ліпеня 1980 года.
- Бацькі: Джэймс Потэр і Лілі Потэр (Эванс).
- Целасклад: невысокі і худы.
- Асаблівыя прыкметы: шнар у выглядзе маланкі на лбу, круглыя акуляры, шнар на правай руцэ ў выглядзе слоў «Я не павінен брахаць» (I must not tell lies), атрыманы пасля незаконных пакаранняў Далорэс Амбрыдж (Гары Потэр і Ордэн Фенікса), шнар на грудзях авальнай формы ад медальёна-горкрукса (Гары Потэр і Рэліквіі Смерці), шнар на руцэ ад укусу змяі Нагіні ў доме Батыльды Бэгшат (Гары Потэр і Рэліквіі Смерці).
- Вочы: ярка-зялёныя, як у яго маці Лілі Потэр.
- Валасы: чорныя, як у яго бацькі Джэймса Потэра.
- Незвычайныя здольнасці: чараўнік; парсельмовец (меў здольнасці размаўляць са змеямі, якія страціў пасля падзей сёмай кнігі), адзін з найлепшых лаўцоў у Хогвартсе.
- Факультэт: Грыфіндор.
- Улюбёны прадмет: Абарона ад цёмных мастацтваў.
- Квідыч: Лавец, капітан каманды. На чацвёртым курсе трэніроўкі і матчы былі адмененыя праз Трывядзьмарскі Турнір. На пятым курсе практычна не ўдзельнічаў у школьных спаборніцтвах цераз забарону Далорэс Амбрыдж.
- Чароўная палачка: вастраліст і пяро фенікса Фоўкса, даўжыня 11 цаляў.
- Мятла: цацачная мятла, падараваная Сірыусам Блэкам на першы дзень нараджэння, Німбус-2000, Маланка.
- Дзеці: старэйшы — Джэймс Сірыус Потэр (названы ў гонар бацькі Гары, Джэймса Потэра і хроснага бацькі, Сірыуса Блэка), сярэдні — Альбус Северус Потэр (названы ў гонар двух дырэктараў школы Хогвартс — Альбуса Дамблдора і Северуса Снэйпа), малодшая — Лілі Луна Потэр (у гонар маці Гары — Лілі (Эванс) Потэр і ў гонар Луны Лаўгуд).
Здольнасці і якасці
правіцьГары Потэр быў магічна абаронены дзякуючы самаахвяраванню сваёй маці. Абарона дзейнічала з таго моманту, калі маці ахвяравала сабой, каб уратаваць Гары, да моманту, калі ён назаўсёды пакінуў дом яе сястры. Калі б Гары Потэр застаўся жыць у гэтым доме, абарона трывала б да яго паўналецця.
Гары ўваходзіць у катэгорыю «паўкровак», бо, хоць абодва яго бацькі былі чарадзеі, яго маці, Лілі Эванс, была «магланароджаная». Тым часам, яго бацька, Джэймс Потар, быў чыстай крыві, і паходзіў з аднаго з найстаражытнейшых чыстакроўных родаў — Певерэлс, што жылі яшчэ да заснавання Хогвартса.
Гары Потэр быў горкруксам Валдэморта. Ён стаў ім у той момант, калі Валдэморт першы раз атакаваў яго заклёнам Авада Кедаўра ў Годрыкавай Лагчыне (самому Гары тады было крыху больш за год). Другую атаку гэта жа замовай Валдэморт вырабіў у Забароненым лесе, падчас бойкі за Хогвартс. Гэта прывяло да таго, што частка душы Цёмнага Лорда пакінула Гары, і той перастаў быць горкруксам.
Гары Потэр дужа здольны ў абароне ад цёмных мастацтваў. Ужо на трэцім курсе ён навучыўся закляццю Патронуса.
Гары Потэр быў бліскучым гульцом у квідыч. Ужо на першым курсе ён гуляў за свой факультэт як лавец, стаўшы наймаладзейшым лаўцом за апошняе стагоддзе. У агульнай складанасці ён злавіў сніч і прынёс перамогу сваёй камандзе ў 7 з 9 гульняў. У дзвюх астатніх ён прайграў толькі таму, што самлеў: у адным выпадку праз з’яўленне дэментараў, у другім — цераз тое, што адзін з гульцоў яго каманды (Маклаген) ненаўмысна стукнуў Гары бладжэрам у галаву. Яго здольнасць да палётаў на мятле спатрэбіліся не толькі ў квідытчы: у першай кнізе Гары злавіў птушку-ключ, у чацвёртай — перамог цмока ў Трывядзьмарскім Турніры, а ў сёмай — выратаваў Драка Малфоя ад пякельнага полымя.
Характарыстыка
правіцьПаводле Роўлінг, Гары «змалку вымушаны прымаць свае ўласныя рашэнні». Ён «робіць памылкі», прызнала яна, але ўрэшце робіць тое, што кажа яму яго сумленне[1]. Пісьменніца кажа, што адна з паказальных сцэн з Гары — у чацвёртай кнізе, калі ён абараняе цела свайго мёртвага супраціўніка Сэдрыка Дыгары ад Вальдэморта. Яна паказвае смеласць ды самаадданасць Гары.
Роўлінг таксама кажа, што два найгоршыя недахопы характару Гары гэта «гнеў і, часам, фанабэрыстасць»[2], але і тое, што таксама ён мае прыроджаную шляхетнасць. Пасля сёмай кнігі Роўлінг адзначыла, што у характары Гары ёсць вялікая асаблівасць, якой няма нават у Вальдэморта: прызнанне непазбежнасці смерці.
Паводле меркавання Альбуса Дамблдора, дырэктара Хогвартса і персанажа той жа серыі кніг, Гары Потэр — чалавек, цалкам збаўлены эгаізму.
Прататып
правіцьШмат у чым вобраз Гары зборны. Яго выгляд Роўлінг збольшага запазычыла ў свайго сябра Яна Потэра (Ian Potter), з якім гуляла ва ўзросце 2-7 гадоў у чараўнікоў, калі жыла ва Уінтэрбурне. Як і Гары, Ян у дзяцінстве насіў круглыя акуляры. Пасля выхаду кнігі маці хлопчыка Рубі, якая ў часы іх дзяцінства блізка сябравала з маці Джаан, напісала аўтарцы віншаванне з творчымі поспехамі. У лісце ў адказ Джаан падзякавала Рубі і пры гэтым запэўніла яе, што прататыпам Гары быў зусім не Ян. Хоць сама Роўлінг не адмаўляе таго факту, што Гары атрымаў сваё прозвішча менавіта ад Яна Потэра, Шон Сміт, які напісаў у 2002 годзе біяграфію пісьменніцы, выказвае здагадку, што прозвішча Джаан магла ўзяць ад пісьменніка Дэніса Потэра, што жыве ў Дзінскім Лесе, куды сям’я Роўлінг пераехала ў 1974 годзе.[3].
Зноскі
- ↑ Стэнаграма інтэрв’ю Дж. К. РоўлінгThe Connection (WBUR Radio), 12 кастрычніка 1999 года
- ↑ Дж. К.Роўлінг, Стэнаграма Вэб-чату
- ↑ Шон Сміт. Глава другая. Кніжнае Дзіцяці // Біяграфія стваральніка Гары Потэра. — М.: Астрель, 2002. — С. 39. — 314 с. — 10 000 экз. — ISBN 1-85479-820-0.