Гаёвы Дзед
Гаёвы дзед, або Гаюн — дух лесу ў беларускай міфалогіі, які сочыць за парадкам у лесе, мае слугамі звяроў і птушак. Паданні пра яго вядомы на Вілейшчыне. Падобны да іншых духаў лесу беларускай міфалогіі — лесуна і пушчавіка.
Апісанне
правіцьУяўляецца істотай з чалавечай старэчай галавой, сівым мохам замест валасоў і барады. Нагадвае мядзведзя, але ходзіць проста на задніх лапах.
Гаюн ахоўвае лес, сочыць за дрэвамі, а звяры і птушкі яму служаць. Мае ўлюбёныя месцы ў лесе і ахоўвае іх асабліва пільна, каб ніхто не парушыў прыроднай прыгажосці, калі нехта вырашыць рубіць там дрэвы, Гаюн з’явіцца перад чалавекам у сваім сапраўдным пачварным выглядзе. Вядома, пасля гэтага людзі доўга абыходзяць запаведныя мясціны. Калі чалавек паспяваў зрубіць дрэва, гаюн у гневе абвальваў яго на злачынцу.
У даўніну ніхто не рубіў дрэвы на будаўніцтва хаты без дазволу Гаюна. Лічылі, калі атрымаць дазвол Гаюна на будаўніцтва хаты, яна будзе моцнай і даўгавечная. Для гэтага гаспадар увечары ішоў у лес, нёс пачастунак на папярэдне выбранае месца, клаў пачастунак на пень і казаў: «Прынёс снеданне гаёваму дзеду. Ці сам з’ясі, ці ўнучкам дасі». У гэтым дзеянні праглядаецца акт ахвяравання сілам навакольнай прыроды. Калі да раніцы пачастунак знікаў, лічылі, што Гаёвы дзед даў згоду. Калі пачастунак заставаўся на месцы, трэба было шукаць іншае і несці пачастунак зноў. Лічылася, калі рубіць дрэвы на новую хату без дазволу ад Гаюна, лясны дух пасылаў у новую хату зайца (у народнай сімволіцы — сімвал няшчасця) як знак, што жытло не прастаіць доўга.
У гаёвага дзеда ёсць унучкі — гаёўкі.
Літаратура
правіць- Васілевіч У. Гаюн (Гаёвы дзед)(недаступная спасылка) // Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік / С. Санько [і інш.]; склад. І. Клімковіч. — 2-ое выданне, дапоўненае. — Мінск: Беларусь, 2006. — 500 с.: іл.
- Міфалогія беларусаў: энцыклапедычны слоўнік / склад. І. Клімковіч, В. Аўтушка; навук. рэд. Т. Валодзіна, С. Санько. — Мн.: Беларусь, 2011. — 607 с.: іл. ISBN 978-985-01-0903-3