Генаграма
Генагра́ма, Ана́ліз Мак-Голдрыка-Ге́рсана[1], схе́ма Лапі́дуса[1] або сяме́йная дыягра́ма[2]) — графічная схема сямейных стасункаў і медыцынскай гісторыі асобы. Ад звычайнага генеалагічнага дрэва адрозніваецца тым, што дазваляе адлюстраваць спадчынныя ўзоры і псіхалагічныя фактары, якія характарызуюць стасункі[1]. Генаграма прымяняецца для ідэнтыфікацыі паўтораных узораў паводзінаў і вызначэння спадчынных тэндэнцый[3].
Генаграмы ўпершыню былі распрацаваны і прапагандаваліся ў клінічных умовах Монікай Мак-Голдрык і Рэндзі Герсанам, якія ў 1985 годзе выдалі кнігу пад назвай «Genograms: Assessment and Intervention». Цяпер генаграмамі карыстаюцца ў розных галінах навукі, такіх як медыцына, псіхіятрыя, псіхалогія, сацыяльная праца, генетычныя даследаванні, адукацыя і да т. п. У сямейнай тэрапіі некаторыя практыканты ўжываюць генаграмы для асобавых запісаў і/або тлумачэння кліентам сямейнай дынамікі.
Сімвалы
правіцьПры стварэнні генаграмы карыстаюцца пэўным наборам геаметрычных фігур і ліній, якія азначаюць чалавечую плоць і розныя стасункі між людзьмі. Для стварэння генаграм існуюць адмыслова распрацаваныя камп'ютарныя праграмы, хоць такія фігуры здольныя маляваць і тэкставыя і графічныя рэдактары.
Змест
правіцьНа генаграме побач з сімваламі звычайна пазначаюць даты нараджэння/смерці і імёны асоб. Сувязі паміж асобамі адлюстроўваюць стасункі паміж імі. Так, на генаграме можна пазначыць не толькі колькасць дзяцей (напрыклад, тры) у сям'і, але таксама звесткі пра тое, што старэйшы сын быў пасланы ў школу-інтэрнат, сярэдні сын заўсёды канфліктуе з маці, малодшы хворы на цукровы дыябет, бацька, філосаф, пакутаваў ад дэпрэсіі і быў алкаголікам, а яго жонка некалькі гадоў не размаўляла са сваім братам, мела рак грудзей і памяняла некалькі месцаў працы.
Адной з перавагаў генаграмы з'яўляецца магчымасць выкарыстання рознакаляровых рысаў дзеля адлюстравання розных тыпаў стасункаў, такіх як радство ў пакаленнях, эмацыйныя і сацыяльныя стасункі[4]. У сямейных стасунках з'яўляецца магчымасць адлюстраваць, жанатая пара ці разведзеная, не зарэгістравала шлюб ці толькі пачынае стасункі, і да т. п.
Эмацыйныя стасункі на генаграмах могуць быць адлюстроўваныя рысамі розных колераў.
Яшчэ адзін кампанент генаграм — сацыяльныя стасункі. Яны дазваляюць складальнікам злучаць асоб, якія не маюць роднасных сувязяў, але маюць сувязі ў грамадстве, напрыклад быць суседзямі, калегамі, начальнікам і падначаленым, святаром і вернікам у царкве, выкладчыкам і студэнтам і да т. п. Дзякуючы наяўнасці сацыяльных стасункаў генаграма можа быць цікавая ў дзелавым асяродку для стварэння арганізацыйных схем ці размяшчэння супрацоўнікаў па паверхах.
Генаграма выглядае падобна да генеалагічнага дрэва, аднак пры наяўнасці запоўненых розных тыпаў сувязяў змяшчае больш дэталізаваную і поўную інфармацыю пра паддоследную сям'ю ці групу.
Прызначэнні
правіцьГенеалогія
правіцьУ генеалогіі генаграмы ўжываюцца для запісаў гісторыі роду ў разрэзе жыцця асобных яго членаў[5]. Генаграмы дазваляюць генеолагу зрабіць графічнае адлюстраванне складанай гісторыі сям'і са шлюбамі і разводамі, уз'яднаннем сем'яў, усынаўленнямі, нацягнутымі ці шчыльнымі стасункамі і інш. Генеолагі праз генаграмы могуць выяўляць і заўважаць цікавыя факты пра гісторыю сям'і, напрыклад, традыцыю ў прысваенні імёнаў, суперніцтва між братамі і сёстрамі ці значныя павароты лёсу кшталту іміграцыі.
Медыцына
правіцьУ медыцыне генаграмы забяспечваюць хуткі і зручны кантэкст для разліку індывідуальных праблем са здароўем[6]. Веданне ўнутрысямейных хвароб і абставін могуць даць урачом неацэнныя звесткі для хуткага, але правільнага дыягназу і спосабаў лекавання хвароб. Да таго ж, веданне «сямейных» хвароб можа даць індывідуальныя парады для прафілактычных захадаў. Медыцынская генаграма дапамагае ўсталяваць заканамернасць у з'яўленні хвароб у розных пакаленнях.
Сацыялогія
правіцьДля сацыёлагаў генаграмы карысныя як крыніца аб'ектыўнай і пэўнай інфармацыі пра кліентаў і іх сем'і, што дапамагае ў вывучэнні праблем кліентаў у кантэксце іх шлюбу, сямейных стасункаў, культуры паходжання і схаваных пытаннях. Эмацыянальныя стасункі, паказаныя на генаграмах, дазваляюць сацыёлагам убачыць і пралічыць магчымыя канфлікты ў сям'і. Вызначыўшы псіхалагічныя ўзоры, якія нельга здабыць ніякім іншым чынам, можна забяспечыць папярэднія захады ад канфліктаў.
Сацыяльная праца
правіцьУ сацыяльнай працы генаграмы прымяняюцца для адлюстравання эмацыйных повязяў паміж індывідуумамі, што складаюць сям'ю ці сацыяльную ячэйку. Генаграма дапамагае сацыяльным працаўнікам зрабіць ацэнку ўзроўню ўзаемадзеяння ўнутры сям'і ці групы і вызначыць, ці магчымы ўнутры гэтай адзінкі патрэбны клопат.
Сямейная тэрапія
правіцьУ сямейнай тэрапіі генаграмы патрэбныя для вывучэння і запісу ўзораў стасункаў паміж членамі сям'і і індывідуальных характарыстык, якія ўтвараюць гэтыя ўзоры. Генаграма можа служыць дапамогай сямейным тэрапэўтам для адэкватнай ацэнкі ўзораў стасункаў і вызначэння месцаў, дзе неабходная дапамога дзеля змяншэння дысфункцыі і/або праблемнай сітуацыі, што прывяла кліентаў да сямейнага тэрапэўта.
Зноскі
- ↑ а б в W Jolly, J Froom, MG Rosen. The genogram // The Journal of family practice. — люты 1980. — PMID 7354276.
- ↑ John Butler. The Family Diagram and Genogram: Comparisons and Contrasts // American Journal of Family Therapy. — май 2008. — В. 3. — Т. 36. — № 12. — С. 169—180. — DOI:10.1080/01926180701291055
- ↑ Friedman, H., Rohrbaugh, M. and Krakauer, S. The Time‐Line Genogram: Highlighting Temporal Aspects of Family Relationships. — Family Process, 1988. — № 27. — С. 293—303. — DOI:10.1111/j.1545-5300.1988.00293.x
- ↑ A Hartman. Diagrammatic assessment of family relationships // Families in Society. — 1995.
- ↑ HC Mullins. // Collecting and recording family data: The genogram — Working with the Family in Primary Care: A Systems. — 1991.
- ↑ E Schilson, K Braun. Use of genograms in family medicine: A family physician/family therapist collaboration // Family Systems Medicine. — 1993.
Спасылкі
правіць- Уводзіны ў генаграму (англ.)
- Праграма для стварэння генаграм (англ.)
- Прыклад стварэння медыцынскай генаграмы (англ.)
- Метады пабудовы генаграмы Архівавана 5 сакавіка 2016. (руск.)