Адкрыць галоўнае меню
Прападобны Генадзій Магілёўскі

Генадзій Магілёўскі, свецкае імя Грыгорый (пач. 16 ст., Магілёў, ВКЛ — 23 студзеня 1565) — прападобны Магілёўскі, Кастрамскі і Любімаградскі, прылічаны да Сабору беларускіх святых.

БіяграфіяПравіць

Быў адзіным сынам у заможнай шляхецкай сям'і Івана і Алены. З дзяцінства вызначаўся богабаязнасцю, з вялікай стараннасцю наведваў царкоўныя службы, спяваў на клірасе. У юнацтве Грыгорый надоўга пакідаў бацькоўскі дом, «на крыле царкоўным жывучы, дзень і ноч маліўся Богу». Заможныя бацькі былі незадаволены гэтым, бо жадалі яму багацця і зямнога шчасця. Грыгорый пакінуў бацькоўскі дом, каб пасяліцца ў адным з манастыроў. Пэўны час з іншымі вандроўнікамі ён падарожнічаў па ВКЛ, цярпячы нягоды і ад злых людзей.

Праз нейкі час прападобны прыйшоў у Маскву, дзе сустрэўся з юнаком Фёдарам і разам з ім пачаў шукаць месца для манашаскага пострыгу. Так яны дайшлі да Валагодскіх лясоў, дзе жыў вядомы сваім падзвіжніцтвам старац Карнілій Валагодскі. Тут Грыгорый прыняў пострыг пад імем Генадзій і стаў насельнікам гэтай абіцелі. Атрымаўшы паслушніцтва, выпрабоўваў сябе пастом і цяжкай фізічнай працай. Затым, імкнучыся да духоўнага ўзрастання, прыняў абет маўчання.

У скорым часе Генадзій адышоў у пустыннае месца і па блаславенні старца Карнілія стварыў новы манастыр. Уладкаваўшы святую абіцель, прападобны Генадзій праславіўся руплівасцю, любоўю да Госпада і набожнасцю. Але зайздрасць і інтрыгі насельнікаў вымусілі яго пакінуць абіцель і пайсці ў глухія лясы на Сурскае возера. Тут у бязлюдным дзікім месцы заснаваў прападобны новую абіцель, куды неўзабаве перабраўся і старац Карнілій. Ціхае і мірнае жыццё заахвочвала і іншых манахаў да сумеснага пражывання пад ігуменствам прападобнага Генадзія.

У 1529 г. паводле загаду вялікага князя маскоўскага старац Карнілій вярнуўся ў ранейшы Белаазерскі манастыр, пакінуўшы прападобнаму Генадзію запавет пабудаваць Свята-Праабражэнскую царкву. Гэты запавет скора быў выкананы, і ў манастыры сталі дзейнічаць ужо дзве царквы — Праабражэнская і ў імя прападобнага Сергія Раданежскага. Прападобны Генадзій з вялікай любоўю ўпрыгожваў манастырскія цэрквы, з асаблівым стараннем займаўся іконапісам. Ён нястомна накіроўваў духоўных братоў на ўзрастанне духу, сам даючы прыклад посніцтва і малітоўнасці.

Яшчэ пры жыцці прападобны праславіўся шматлікімі прароцтвамі і цудамі ацалення хворых. Па малітве святога Генадзія ў 1559 г. атрымаў ад Госпада выздараўленне і епіскап валагодскі Кіпрыян.

Прападобны Генадзій пакінуў насельнікам манастыра духоўнае завяшчанне, якое не страціла значэння і для сучаснікаў. Пахавалі прападобнага на манастырскім падворку, і адразу пасля смерці ён стаў ушаноўвацца сваімі духоўнымі дзецьмі. Праз 50 гадоў быў пабудаваны храм, асвячоны ў гонар святога. Яшчэ раней ігуменам Аляксіем было складзена Жыціе і служба святому. У 1644 г. пры капанні рову пад царкву былі знойдзены мошчы прападобнага і з пашанай пакладзеныя ў царкве святога Аляксія — чалавека Божага. Цяпер нятленныя мошчы прападобнага спачываюць у Кастраме.

Трапар прападобнаму Генадзію МагілёўскамуПравіць

Яко пустыннолюбивая горлица, / от суетнаго и многомятежнаго мира в пустыню удалився, / чистотою и говением, молитвами и труждением / прославил еси Бога в душе и телеси своем. / И тако благочестно пожив, / явился еси, преподобне Геннадие, пустыни Любимоградския украшение, / иноком честнаго жития образ / и теплый молитвенник за всех, / притекающих к тебе с верою.

ЛітаратураПравіць

  • Святыя зямлі Беларускай. Жыццеапісанні. Уклад. Л. Я. Кулажанка, Т. А. Матрунчык — Мінск. Прыход Свята-Петра-Паўлаўскага сабора. 2012. — 184 с.

СпасылкіПравіць