Ге́ральт[1] (Гэральд[2]) з Ры́віі (польск.: Geralt z Rivii) — галоўны герой цыкла «Вядзьмар», напісанага Анджэем Сапкоўскім, ведзьмар[1] (ведзьмін[2]), які вядзе бесперапынную барацьбу з жахлівымі монстрамі і нячысцікамі. У гэтым і ёсць наканаванне ведзьмара — ахоўваць спакой чароўных краін ад злых сіл.

Геральт з Рывіі
З'яўленні Творы:
«Апошняе жаданне»,
«Меч Наканавання»,
«Кроў эльфаў»,
«Час Пагарды»,
«Хрышчэнне агнём»,
«Вежа Ластаўкі»,
«Уладарка Возера»,
«Штосьці скончыцца, штосьці пачнецца»,
«Сезон навальніц»
Камп. гульні:
«Вядзьмар»,
«Вядзьмар 2: Забойцы каралёў»,
«Вядзьмар 3: Дзікае Паляванне»
Стваральнік Анджэй Сапкоўскі
Выкананне Фільм/серыял:
Міхал Жаброўскі
Фільм-мюзікл «Дарога, з якой не вяртаюцца»
Вячаслаў Маер
Агуч. камп. гульні:Яцак Разенек (пол.)
Даг Коўкл (англ.)
Уладзімір Зайцаў (рус.),
Усевалад Кузняцоў (рус.)
Інфармацыя
Мянушка Мяснік з Блавікена, Gwynbleidd, Белы Воўк, Белагаловы, Сівы
Род заняткаў Вядзьмар
Лагатып Вікісховішча Geralt of Rivia на Вікісховішчы

Маці Геральта была чарадзейка, а дакладней — друідка-лекарка, Вісэна, магчымым бацькам — наёмнік Корын (Анджэй Сапкоўскі не прызнае Корына за бацьку Геральта). Вісэна аддала сына на выхаванне ведзьмарам з Каэр Морхена (на Старшай Мове Caer a’Muirehen), дзе Геральту наканавана было стаць ведзьмаром[3]

Каб ведзьмары займелі надчалавечыя здатнасці, іх яшчэ ў дзіцячым узросце падвяргалі спецыяльным уздзеяннем — мутацыям. Вытрываць і выжыць у шэрагу такога роду ўздзеянняў і цяжкіх трэніровак удавалася толькі 4 з 10 аддадзеных у Каэр Морхен дзяцей. Геральта, якога лічылі надзвычай вынослівым, акрамя агульнага курсу мутацый падверглі далейшым эксперыментам, праз што яго валасы збялелі[3].

Прытрымліваецца таямнічага вядзьмарскага кодэксу, які сам сабе і прыдумаў. Выдатна валодае мячом. Паводле ўласных словаў, мае жудасны выгляд:

Ну і паршывая ж ў мяне ўсмешка, — падумаў Геральт, калі пацягнуўся за мячом. — «Ну і паршывы ж твар. Ну і паршыва жа я жмуру вочы! Дык вось як я выглядаю! Зараза!»

— з апавядання «Вечны агонь»

Найлепшым сябрам Геральта з’яўляецца бард Казялец, а каханай — чараўніца Енэфэр. Ягоны лёс цесна звязаны з «дзіцём наканавання» — Цыры, якую ён пасля захопу Нільфгаардам Цынтры, забраў з сабой у замак Каэр Морхен, каб зрабіць з яе вядзьмарку[3].

Героя правільна называць «Геральт з Рывіі». Імя Геральту дала маці, аднак сам ён большую частку жыцця лічыў, што атрымаў імя ад настаўніка — ведзьмара Весяміра. Імкнучыся мець хоць якое ілюзорнае месца паходжання, Геральт не толькі назваўся выхадцам з Рывіі, але таксама навучыўся пераймаць рывійскі акцэнт, хоць насамрэч ніякага дачынення да гэтага каралеўства не меў («Выцягваў дубчыкі, пазначаныя рознымі гучнымі назвамі»). Дый людзі ахвотней давяраюць Геральту з Рывіі, чым дзіўнаму прыхадню без радзімы. Сапраўдны ж рыцарскі тытул — Геральт Рывійскі — быў нададзены Геральту каралевай Рывіі Мэвай значна пазней, за Бітву-ля-моста. У гутарцы з Казяльцом Геральт аднойчы згадаў шматсастаўнае імя. якое наўрад ці было сапраўдным і, хутчэй за ўсё, прыдумана ім у дзяцінстве праз жаданне мець імя, па якім можна было б судзіць або пра грамадскі статус, або пра месца паходжання.

Такую методу мне параіў мой настаўнік. Не адразу. Але калі я ўпарта прасіў называць сябе Геральтам Роджэрам Эрыкам дзю Хо-Белегардам, то Весямір вырашыў, што гэта смешна, прэтэнцыёзна і гучыць па-ідыёцку.

Хрышчэнне агнём, глава 7

Старшыя Народы завуць Геральта Gwynbleidd, што ў перакладзе са Старшай Мовы азначае «Белы Воўк». У Брокілане Геральт вядомы як Vatt’ghern. Людзі, якія сустракаюць Геральта на вуліцы, завуць яго проста Ведзьмаром або Белавалосым з-за спецыфічнага колеру валасоў. У некаторых мясцінах Геральта знаюць пад мянушкай «Мяснік з Блавікена», якая прыляпілася да яго пасля вядомых падзей у мястэчку Блавікен, дзе вядзьмар быў вымушаны зрабіць нялёгкі выбар паміж меншым і вялікім злом — так яму прыйшлося выразаць групу наёмных забойцаў, каб тыя, у сваю чаргу, не ўчынілі жыхарам мястэчка крывавай лазні. Як звычайна бывае, людзі нават не паспрабавалі разабрацца ў сітуацыі, а вырашылі хутчэй абвінаваціць ведзьмара ў крыважэрнасці, у выніку чаго ён і атрымаў сваю новую мянушку.

Ацэнкі

правіць

Геральт быў ахарактарызаваны як «неаліберальны антыпалітычны» дух польскай папулярнай культуры 1990-х. Ён прафесіянал, які выконвае свае абавязкі, і не хоча браць удзел у «дробнай мітусні» сучаснай палітыкі[4].

Геральта таксама параўноўвалі з папулярным героем Рэйманда Чандлера дэтэктывам Філіпам Марлаў[5].

Міхал Папоў (Михаил Попов), аўтар жартаўлівага «рейтинга самых главных героев Фэнтези» часопіса «Мир фантастики»[6] паставіў Геральта на сёмае месца свайго спісу, назваўшы самай запамінальнай адметнасцю героя яго залежнасць ад зелляў, ахарактарызаваўшы яе як наркатычную. Ён таксама звярнуў увагу на паверхневае падабенства Геральта з Легаласам. У іншым падобным «рэйтынгу», прысвечаным закаханым парам у фэнтэзі[7], Папоў паставіў Геральта і Енэфэр на пятае месца. У яго пераказе сюжэт гучыць як «павучальныя гісторыі пра добрага наркамана і цынічную курву, што ўдачарылі маленькую баявую лесбіянку», а ў рэзюмэ ён піша, што «нездаровы лад жыцця і магія — пікантнае спалучэнне, якое ператварае Геральта і Енэфэр са звычайных фатальных палюбоўнікаў у нешта самабытнае і запамінальнае».

Зноскі

  1. а б Вядзьмар. Апошняе жаданне / Анджэй Сапкоўскі; пер. з пол. К. С. Маціеўскай. — Мінск: А. М. Янушкевіч, 2019
  2. а б Сапкоўскі А. Зерне праўды; пер. з пол. Аляксандр Сакалоў // Далягляды, 1992: замежная літаратура. / [рэдкалегія: А. Гардзіцкі (укладальнік), А. Вярцінскі (галоўны рэдактар) і інш. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1992. — 278 с.
  3. а б в Апісанне персанажа на Расійскім афіцыйным сайце А. Сапкоўскага
  4. Peter Apor (2008). Past for the eyes: East European representations of communism in cinema and museums after 1989. Central European University Press. p. 198. ISBN 9789639776050. Праверана 28 May 2011.
  5. (польск.) Marek Oramus Jedynie słuszny wizerunek wiedźmina Архівавана 7 жніўня 2011., Polityka — nr 36 (2261) from 2000-09-02; p. 52-54
  6. Михаил Попов Во имя добра. Самые-самые… Главные герои фэнтези! // Мир фантастики. — ліпень 2006. — № 35. Архівавана з першакрыніцы 26 красавіка 2013.
  7. Михаил Попов Доска почёта. Влюблённые пары // Мир фантастики. — красавік 2007. — № 44. Архівавана з першакрыніцы 6 студзеня 2013.