Герб Барысава
Герб Барысава — афіцыйны геральдычны сімвал горада Барысава. Адносіцца да гісторыка-геральдычных помнікаў Беларусі.
Герб Барысава | |
---|---|
Дэталі | |
Зацверджаны | 14 чэрвеня 1792 |
Шчыт |
барочны |
Заснаванне | 14 чэрвеня 1792 |
Афіцыйнае апісанне:
У сярэбраным полі барочнага шчыта на зялёнай зямлі сярэбраная сцяна паміж дзвюма вежамі з чырвонымі купаламі, над якою на сярэбраным воблаку стаіць Святы Пётр з двума ключамі ў руцэ.
Арыгінальны тэкст (руск.)В серебряном поле барочного щита на зеленой земле серебряная стена между двумя башнями с красными куполами, над которой на серебряном облаке стоящий Святой Петр с двумя ключами в руке.
Гісторыя
правіцьВядомы зараз гістарычны герб Барысава быў дараваны гораду 14 чэрвеня 1792 г. каралём Станіславам Аўгустам Панятоўскім. Дарэчы, дзякуючы таму, што каляровая гербавая выява з гэтага прывілея апублікавана, ёсць магчымасць вызначыць некаторыя яе асаблівасці, страчаныя ў пазнейшых варыянтах барысаўскага герба. У прыватнасці, усяго праз чатыры з паловай гады, 22 студзеня 1796 г., імператрыцай Кацярынай Другой зацвярджаецца, як падкрэслівалася, такі ж самы герб, дадзены менавіта «Польским Королем Станиславом Августом: две военные башни с воротами, между ними поставленными в серебряном поле, а над оными виден Святой Пётр, Апостол, на облаке стоящий, который в правой руке держит ключи». Але, нягледзячы на падобнае сцвярджэнне з імператарскага ўказу, адметнасці «новага старога» барысаўскага герба добра відаць. Так, Святы Пётр апынуўся тут ніжэй за двухгаловага арла з герба губернскага Мінска; акрамя таго, абедзве вежы пазбавіліся сваіх канічных дахаў, а ў іканаграфію, як у постаць Святога Апостала, так і ў брамы, уносяцца пэўныя змены. Але дадзеныя адметнасці, напэўна, тлумачацца і тым, што на мяжы XVIII—XIX стст. эталонных выяў гарадскіх гербоў яшчэ не існавала. Так, на пячатцы Мінскага губернскага дваранскага сходу, якая ўжо ўжывалася ў самым пачатку XIX ст., таксама іншы варыянт таго ж самага герба Барысава. (Дарэчы, ад суседства з чорным двухгаловым арлом на гэты раз пазбаўленага). Месца арла герб Мінскай губерні 1878 г. займае ў выяве барысаўскага герба, змешчанага на афіцыйным фотаздымку пад надпісам: «Судебно-административные учреждения Минской губернии. 1901—1911 гг.».
Пэўным прыкладам пераасэнсавання геральдычнай спадчыны ў савецкую эпоху з’яўляецца герб Барысава, зацверджаны гарвыканкамам 18 ліпеня 1989 г., пратакол № 5. Вось яго афіцыйнае апісанне: «На гербовом щите красного цвета серебряные ворота между двумя крепостными башнями. Над ними дата основания города „1102“. Оконечность герба зеленого цвета. На ней изображены серебристые волнистые линии — символ реки Березины. Герб окантован узкой серебряной каймой». Такім чынам, колер гербавага поля адвольна быў зменены на чырвоны, а фігура Святога Апостала — на 1102 год, дату заснавання Барысава, паводле меркавання Тацішчава. У выніку ў барысаўскім гербе сапраўды ўзнікла крэпасць, хаця выдаленая фігура Святога Пятра з залатым ключом для адкрыцця Брамы неўміручасці і з сярэбраным для яе зачынення надавала яму зусім іншы, алегарычны сэнс. Брама ў гербе, дараваным Станіславам Аўгустам Панятоўскім, сімвалізавала ўваход у рай. Праўда, у крыху пазнейшым выданні, таксама з выявамі нашых гарадскіх гербаў на значках, Святы Пётр вярнуўся на сваё пачэснае месца. Грамадскасць і ўлады Барысава спыніліся на традыцыйным («сярэбраным») колеры гербавага шчыта. Але, параўноўваючы, напрыклад, гербы Астрыны і Барысава ў прывілеях 1792 г. караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, няцяжка заўважыць, што ў абодвух выпадках невядомы мастак імкнуўся намаляваць прыкладна аднолькавы пейзаж, нават з такой агульнай падрабязнасцю як блакітныя ўзгоркі на фоне блёклых нябёс. Дзякуючы гэтай акалічнасці, у гледача ўзнікае пачуццё перспектывы, кшталту «задніка» на тэатральнай сцэне. Але поле герба ў Астрыны Цітоў называе «блакітным», а ў Барысава — «сярэбраным». Адпаведна белай («серабрыстай»), зроблена таксама і сярэдняя, шырокая паласа афіцыйнага сцяга г. Барысава, распрацаванага на аснове барысаўскага герба.
У сучаснай Беларусі афіцыйны статус атрымаў 29 студзеня 1999 года[1]. У гербавым матрыкуле краіны значыцца пад № 41.
Гл. таксама
правіцьЗаўвагі
правіць- ↑ Решение сессии Борисовского городского Совета депутатов от 29 января 1999 г. № 16.
Літаратура
правіць- Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.
Спасылкі
правіць- Герб города Борисова // «Геральдика Беларуси» (руск.)
- герб борисова . www.heraldicum.ru. Праверана 10 мая 2024.