Герб Жлобіна — афіцыйны геральдычны сімвал горада Жлобіна (Гомельская вобласць, Беларусь).

Герб Жлобіна
Дэталі
Заснаванне 28 студзеня 2002 

Апісанне: у блакітным полі іспанскага шчыта сярэбрана-чорная ладдзя.

Герб і сцяг Жлобіна зарэгістраваныя ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 28 студзеня 2002 г. пад № 80.

Сімволіка герба правіць

У сімволіцы карабель, ладдзя тлумачацца як сімвал падарожжа, у тым ліку ў пераносным сэнсе, руху па жыцці. Жлобін стаіць на высокім беразе Дняпра, на зямлі, здаўна заселенай людзьмі, на гістарычным гандлёвым шляху з «вараг у грэкі». І ладдзя на гарадскім гербе накіравана з мінулага ў будучыню.

Гісторыя правіць

 
Герб роду Хадкевічаў

Жлобін — адзін з нямногіх гарадоў Беларусі, у распрацоўцы герба якога прыняла ўдзел такая вялікая колькасць людзей. Работа над гербам вялася два гады, у ёй удзельнічалі не толькі прадстаўнікі органаў улады і дзяржслужачыя, але і шырокае кола гарадской грамадскасці — настаўнікі, школьнікі, ветэраны, мастакі, прадстаўнікі самых розных прафесій. У горадзе быў аб'яўлены конкурс на самы лепшы герб, які адбываўся ў некалькі этапаў. Была створана адмысловая камісія па распрацоўцы герба. У раённым друку разгарнулася абмеркаванне таго, якім павінен быць жлобінскі герб. Праекты герба абмяркоўваліся і нават абараняліся ў «Дзень дэпутата» ў гарадскім выканаўчым камітэце. Геральдычнай службе былі прадстаўлены дзясяткі праектаў герба Жлобіна, якія ў той ці іншай меры адпавядалі густам яго жыхароў, адлюстроўвалі гісторыю горада, яго сучасны стан, прыродныя асаблівасці краю.

Супрацоўнікі Камітэта па архівах і справаводству пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, якія займаліся гарадской геральдыкай прапанавалі герб з выявай легендарнай фігуры — грыфона з мячом. Асноўным аргументам пры гэтым быў гістарычны факт, што ў часы Вялікага Княства Літоўскага горадам Жлобінам валодалі прадстаўнікі магнацкага роду Хадкевічаў.

Аднак камісія па распрацоўцы герба адхіліла гэты праект, бо такі геральдычны сімвал быў бы малазразумелы для жыхароў горада. Камісія, на чале са старшынёй гарвыканкама У. К. Ерафеевым, правяла экспертызу вялікай колькасці прапанаваных праектаў.

На заключным этапе конкурса ўзнікла ідэя размясціць на гербе Жлобіна ладдзю. У апошнім праекце, за кошт развароту корпуса судна на 3/4, выява на гербавым полі атрымалася аб'ёмнаю, што з'яўляецца рэдкім выключэннем у геральдыцы.

Іншыя падобныя гербы правіць

Рачныя судны даволі часта сустракаюцца ў гербах гарадоў, якія стаяць на берагах рэк. Так, напрыклад, у 2005 годзе быў створаны герб літоўскага горада Русне, размешчанага ў вусці Нёмана: цэнтральнай фігурай герба з'яўляецца сярэбраная лодка — курэнас.

З беларускіх гербоў ладдзя размешчана таксама на гербе Дзісны. На гербе Полацка — трохмачтавы карабель.

Літаратура правіць

  • Адамушко В. И., Елинская М. М. Гербы и флаги Беларуси. — Минск: Беларусь, 2006. — 254 с.

Спасылкі правіць